Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уралкалій» абваліў сусьветны калійны рынак


Па выніках таргоў 30 ліпеня падзеньне кошту акцый «Уралкалія» на Маскоўскай біржы склала 19 працэнтаў. Цягам дня падзеньне дасягала 25 працэнтаў, таргі на акцыі кампаніі спыняліся.

Абвал здарыўся пасьля рашэньня «Ўралкалія» адмовіцца ад продажу ўгнаеньняў праз Беларускую калійную кампанію.

Кіраўніцтва кампаніі ўчора заявіла, што адзіным каналам збыту прадукцыі стане швайцарскі трэйдар Uralkali trading. Прычынай такога рашэньня, як заявіў гендырэктар кампаніі Ўладзіслаў Баумгертнэр, стаў указ прэзыдэнта Беларусі ад 22 сьнежня мінулага года аб адмене выключнага права БКК — створанага ў 2005 годзе агульнага трэйдэра «Уралкалія» і «Беларуськалія» — на экспартныя пастаўкі калію.

Уладальнікі «Уралкалія», расейскія магнаты, страцілі мільярды даляраў, піша партал newsru.com.

За дзень Сулейман Керымаў страціў 500 мільёнаў даляраў, Філарэт Гальчаў, — 230 мільёнаў.

Васіль Тануркоў з Veles Capital называе пазыцыю «Уралкалія» «аб’яўленьнем цэнавай вайны» і чакае падзеньня рынку калію ужо ў другім паўгодзьдзі. Паводле яго ацэнак, сам «Уралкалій» у выніку можа страціць палову прыбытку сёлета і нават ў 2014 годзе кампаніі не атрымаецца кампэнсаваць падзеньне за кошт росту продажаў.

Дзеяньні кампаніі «Ўралкалій» паўплывалі на ўвесь рынак хлорыстага калія, заявы кіраўніцтва «Ўралкалія» справакавалі рэзкае падзеньне каціровак іншых сусьветных вытворцаў: Potash, Mosaic, K + S, ICL патаньнелі на 18-24%, страціўшы да вечара разам з «Уралкаліем» больш за 18 мільярдаў даляраў.

Пра страты «Беларуськалія» нічога не вядома, акцыі беларускай дзяржаўнай кампаніі не каціруюцца на біржах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG