Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уралкалій» адмаўляецца ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю


Супрацоўніцтва «Ўралкалія» і «Беларуськалія» ў рамках Беларускай калійнай кампаніі зайшло ў тупік з-за ўказу Лукашэнкі.

Рада дырэктараў расейскага вытворцы калійных угнаеньняў ААТ «Уралкалій» вырашыла спыніць экспартныя продажы кампаніі праз «Беларускую калійную кампанію». Далей экспартныя пастаўкі будуць ажыцьцяўляцца выключна праз даччыную кампанію «Уралкалій -Трэйдынг».

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні «Ўралкалія», якое цытуе агенцтва эканамічнай інфармацыі «Прайм».

У Менску, дзе знаходзіцца офіс БКК, пакуль захоўваюць маўчаньне. Прэсавы сакратар кампаніі Філіп Грыцкоў кажа: «БКК пакуль устрымліваецца ад афіцыйных камэнтароў гэтай падзеі».

Вусаў: Будуць і новыя канфлікты

Доктар палітычных навук Павал Вусаў адзначае, што беларускі бок ня толькі не стварае новыя супольныя холдынгі з расейскім, але разбурае і тыя дамоўленасьці, якія ўжо працавалі:

«І тут існуе відавочная палітыка беларускіх уладаў — як мага на даўжэйшы час працягнуць працэс уваходжаньня расейскага капіталу на беларускі рынак. І найперш — працэс завалодваньня ключавымі пакетамі акцыяў тых прадпрыемстваў, якія ўносяць найбольшы ўнёсак у бюджэт. І я думаю, што гэты працэс будзе працягвацца яшчэ некаторы час. Бо Лукашэнка вельмі добра разумее — стварэньне холдынгаў азначае аўтаматычную страту ягонага кантролю над гэтымі прадпрыемствамі. Страчваецца кантроль над тымі фінансавымі плынямі, за кошт якіх фактычна ўтрымліваюцца іншыя сэктары беларускай гаспадаркі.

І такога дазволіць Лукашэнка ня можа, нават ведаючы, што яму патрэбныя грошы дзеля стабілізацыі гаспадаркі на сёньняшні момант. Але ён думае і на пэрспэктыву. А ў доўгатэрміновай пэрспэктыве страта кантролю за такімі прадпрыемствамі будзе спрыяць росту ў Беларусі расейскага ўплыву. І таму, я думаю, у бліжэйшы год мы будзем сьведкамі далейшага гандлю і далейшых новых канфліктаў паміж Беларусьсю і Расеяй».


Заіка: Крэмль нацыяналізуе «Ўралкалій»

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка разглядае справу «Ўралкалія» ў агульнай крамлёўскай стратэгіі — нацыяналізацыі найбуйнейшых сыравінных кампаніяў Расеі:

«Прынцыповае пытаньне ў тым, што Крэмль будзе адбіраць сыравінныя кампаніі ў мільярдэраў. Адбіраць. Альбо як у Абрамовіча — з выкупам, альбо як у Хадаркоўскага — з пасадкай. Будуць гаварыць шмат, зробяць як з Хадаркоўскім — з пасадачкай. Крэмль усё гэта робіць ціха, акуратна. Але я ўпэўнены: забраць буйныя сыравінныя кампаніі ў прыватнага бізнэсу — гэта стратэгічная мэта Крамля».

Леанід Заіка прагназуе, што падзеі далей пойдуць так:

«Мы адмовімся ад гэтага расейскага партнэра. Расея нацыяналізуе „Ўралкалій“. Забярэ яго ў Керымава і маскоўска-лужкоўскай мафіі. Там яны прыкрываюцца двума-трыма замежнымі дырэктарамі.

Пасьля мы зьбяромся з расейцамі і ўтворым міжнародную, міждзяржаўную, першую ў рамках Мытнага зьвязу і Адзінай эканамічнай прасторы моцную калійную кампанію. Агульнанародную. І ўсё нармальна будзе».


Марголін: «Лукашэнка даў адкусіць ад калійнага пірага нейкай уплывовай асобе»

Леў Марголін

Леў Марголін

Эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін камэнтуе для Свабоды рашэньне кіраўніцтва «Ўралкалія» спыніць продаж сваёй прадукцыі на экспарт празь Беларускую калійную кампанію:

«Той указ, які выдаў Лукашэнка, быў дзіўны для ўсіх. Бо на практыцы гэта азначае, што нехта іншы, вельмі ўплывовы, захацеў адкусіць кавалак калійнага пірага. І яму далі такую магчымасьць.

З расейскага боку я бачу выключна эканамічны падыход да гэтай справы. А ён вельмі просты. Калі ствараецца такая кампанія, то яна мае адзіную мэту — агульны збыт прадукцыі, агульная палітыка на рынку, агульная стратэгія. Але калі адзін са стваральнікаў кампаніі пачынае „хадзіць налева“, то другому няма ніякага сэнсу прытрымлівацца дамовы і ўсё прадаваць праз агульную кампанію. Ну, а калі няма такога сэнсу, то няма прычынаў і ўдзельнічаць у агульнай справе. Нейкіх палітычных прычынаў, якія б прымушалі „Ўралкалій“ прытрымлівацца дамовы, няма, таму ён і дзейнічае, зыходзячы выключна са сваіх эканамічных інтарэсаў».

ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) было створана як эксклюзіўны пастаўшчык калійных угнаеньняў вытворчасьці «Беларуськалія» і «Ўралкалія» на замежныя рынкі. Акцыянэрамі кампаніі зьяўляюцца «Беларуськалій» (45%), Беларуская чыгунка (5%) і «Уралкалій» (50%). Беларускі бок пабойваўся зьніжэньня паставак «Уралкалія», а Аляксандр Лукашэнка яшчэ 25 ліпеня адзначаў неабходнасьць захаваньня адносін БКК з расейскай кампаніяй.

У паведамленьні «Ўралкалія» адзначаецца, што супрацоўніцтва двух партнэраў у рамках БКК зайшло ў тупік:

«Уралкалій» заўсёды настойваў на тым, што экспартныя продажы абодвух вытворцаў павінны ажыцьцяўляцца праз адзіную тавараправодную сетку. Гэты фундамэнтальны прынцып супрацоўніцтва быў парушаны з падпісаньнем указа прэзыдэнта Беларусі ад 22 сьнежня 2012 года № 566 аб адмене выключнага права «Беларускай калійнай кампаніі» на экспартныя пастаўкі беларускага калію, усьлед за якім рушылі фактычныя адгрузкі «Беларуськалія» па-за рамак БКК«, — агенцтва цытуе словы генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Паводле яго слоў, «Уралкалій» неаднаразова зьвяртаў увагу беларускіх партнэраў на непрымальнасьць падобных дзеяньняў, у выніку якіх былі разбураныя асновы супрацоўніцтва. «У такой сытуацыі мы вымушаны перанакіраваць нашы экспартныя патокі на ўласнага трэйдэра», — дадаюць у кампаніі.

На долю БКК прыходзіцца 43% сусьветнага экспарту хлоркалію. Кампанія пастаўляе мінэральныя ўгнаеньні больш чым у 80 краін сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG