Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FEMEN заяўляюць, што спэцслужбы зьбілі ідэоляга руху


Прэс-служба ўкраінскага фэмінісцкага руху FEMEN паведаміла, што спэцслужбы жорстка зьбілі зьвязанага з рухам палітоляга Віктара Сьвяцкага. ДАДАЛОСЯ ВІДЭА.

Здарэньне адбылося позьнім вечарам у Кіеве, непадалёк ад офісу FEMEN.

«З разьбітым тварам, падазрэньнем у пераломе ніжняй сківіцы, выбітымі зубамі, вялікай стратай крыві Віктар быў дастаўлены ў шпіталь машынай хуткай дапамогі», — паведамляе FEMEN на сваім сайце (http://femen.org/).

Актывісткі руху, вядомага скандальнымі акцыямі топлес ва Ўкраіне і іншых гарадах сьвету, мяркуюць, што зьбіцьцё было спробай спэцслужбаў Украіны, Расеі і Беларусі застрашыць іх перад плянаваным у Кіеве адзначэньнем гадавіны хрышчэньня Русі, на якое запрошаныя патрыярх РПЦ Кірыл, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка.

«Жаночы рух FEMEN упэўнена заяўляе, што сёньняшні замах на забойства блізкага да арганізацыі палітоляга зьяўляецца выключна бандыцка-дзяржаўным актам запалохваньня актывістак напярэдадні сьвяшчэннага зьлёту постсавецкіх дыктатараў, які ўзначальвае КДБіст у расе», — гаворыцца ў прэсавым паведамленьні.

Украінскія спэцслужбы заявілі, што ня маюць дачыненьня да зьбіцьця ідэоляга руху.



Сайт паведамляе таксама, што 21 ліпеня ў Парыжы пры «загадкавых абставінах» згарэў Міжнародны навучальны цэнтар сэкстрэмізму FEMEN. «FEMEN сумняваецца ў выпадковым характары пажару пасярод ночы, асабліва ў сувязі з пастаяннымі пагрозамі фашыстаў, нацыяналістаў, ісламістаў, якія зашкалілі за сярэдні лік ў апошнія тыдні», — адзначаюць украінскія «сэкстрэмісткі».

Лідэрка FEMEN Аляксандра Шаўчэнка ў нядаўнім інтэрвію Польскаму радыё заявіла, што лічыць Аляксандра Лукашэнку адным з «галоўных ворагаў» руху.

«Гэта адзін з нашых галоўных ворагаў, таму што ён — увасабленьне патрыярхату, таму наш дзявочы экстрэмізм накіраваны супраць яго. Я ўпэўненая, што з Лукашэнкам мы яшчэ сустрэнемся», — паабяцала Шаўчэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG