Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На беларускіх стадыёнах вырашылі замяніць міліцыянтаў сьцюардамі «дзеля камфорту гледачоў».

Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

10 ліпеня ў офісе Беларускай фэдэрацыі футболу адбылася сустрэча яе старшыні Сяргея Румаса зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам. Яны абмеркавалі пытаньні бясьпекі і камфорту гледачоў на стадыёнах падчас футбольных матчаў.

Цяпер адмысловая рабочая група зоймецца маніторынгам сытуацыі на стадыёнах. Яна і распрацуе «стратэгію ўзаемадзеяньня» паміж Беларускай фэдэрацыяй футболу і МУС пры правядзеньні матчаў, каб вывесьці міліцыю за межы чашы стадыёна.

Адносіны заўзятараў і супрацоўнікаў міліцыі на беларускіх стадыёнах у апошні час сур’ёзна абвастрыліся. Асабліва з фанатамі найбольш папулярных клюбаў: «Дынама Мінск» і БАТЭ.

Гэтак, у адкрытым лісьце ў Фэдэрацыю футболу берасьцейскія заўзятары футбольнага клюбу «Дынама Брэст» былі абураныя «некампэтэнтнымі, а часта і адкрыта хамскімі паводзінамі супрацоўнікаў менскага АМАПу» 17 сакавіка на чвэрцьфінальнай гульні Кубка Беларусі па футболе:

«Пры ўваходзе на сэктар, прызначаны для берасьцейскіх заўзятараў, быў арганізаваны надгляд, пры гэтым большасьць прыхільнікаў футболу вымушана была чакаць сваёй чаргі на вуліцы, у мінусавое надвор’е. Мала таго, сама працэдура надгляду выглядала зьневажальна і хутчэй нагадвала пільны вобшук — ператрэсваньне рэчаў, выварочваньне кішэняў, якое суправаджалася фамільярным, а пэрыядычна адкрыта хамскім стаўленьнем да заўзятараў».

Заўзятары адзначаюць, што ўжо звыклыя грубыя паводзіны амапаўцаў гэтым разам дапоўніліся новымі элемэнтамі. Без тлумачэньня прычын на сэктар не дазволілі пранесьці беларускамоўны банэр, які быў у рэестры — «Дынама Брэст ад калыскi да пагоста зь iмем, якое нiхто не адыме». На абурэньне незаконнымі дзеяньнямі супрацоўнікі АМАПу адрэагавалі наступным чынам: «Вось у Берасьці з сваім рэестрам і праносьце».

Таксама заўзятары назвалі «дзікім фактам» патрабаваньне ахоўнікаў парадку зьняць майкі зь беларускамоўнымі надпісамі «Мы не бухiя бульбашы! Мы моцныя беларусы!», «Дынама Брэст — мой гонар, маё жыцьцё, усё, што кахаю і чым ганаруся».

«Спадзяемся, прычынамі гэтых забаронаў стала ваяўнічае невуцтва супрацоўнікаў АМАПу, а не паталягічная нянавісьць да роднай мовы», — адзначаюць у адкрытым лісьце заўзятары. Яны прапанавалі перагледзець прынцыпы арганізацыі працы дзеля бясьпекі на спартыўных спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай Беларускай фэдэрацыі футболу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG