Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя абяцае не адбіраць у заўзятараў майкі і банэры


Пропуск заўзятараў на стадыён, ілюстрацыйнае фота
Пропуск заўзятараў на стадыён, ілюстрацыйнае фота
Адкрыты ліст берасьцейскіх заўзятараў футбольнага клюбу «Дынама-Брэст» у Фэдэрацыю футболу абмеркавалі падчас нарады па бясьпецы, якая адбылася ў Доме футболу. Заўзятары абураныя «некампэтэнтнымі, а часта і адкрыта хамскімі паводзінамі супрацоўнікаў менскага АМАПу».

«Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў запэўніў, што ў гэтым сэзоне ў заўзятараў больш ня будуць адбіраць банэры і расьцяжкі, якія ёсьць у рэестры. І гэта незалежна ад таго, на якой мове яны напісаныя — на беларускай ці яшчэ на нейкай. Калі ёсьць пячатка і подпіс упраўленьня ўнутраных спраў і Фэдэрацыі футболу, то зь імі ня маюць права не пускаць на стадыён», — сказаў карэспандэнту Свабоды пасьля нарады прэсавы сакратар беларускай Фэдэрацыі футболу Аляксандар Алейнік.

Берасьцейскія заўзятары надрукавалі свой ліст на сайце футбольнага клюбу «Дынама-Брэст». Яны расказалі пра падзеі 17 сакавіка на чвэрцьфінальнай гульні Кубка Беларусі па футболе:

«Пры ўваходзе на сэктар, прызначаны для берасьцейскіх заўзятараў, быў арганізаваны надгляд, пры гэтым большасьць прыхільнікаў футболу вымушана была чакаць сваёй чаргі на вуліцы, у мінусовае надвор’е. Мала таго, сама працэдура надгляду выглядала зьневажальна і хутчэй нагадвала пільны ператрус — ператрэсваньне рэчаў, выварочваньне кішэняў, якое суправаджалася фамільярным, а пэрыядычна адкрыта хамскім стаўленьнем да заўзятараў».
Сама працэдура надгляду выглядала зьневажальна і хутчэй нагадвала пільны ператрус

Заўзятары адзначаюць, што ўжо звыклыя грубыя паводзіны амапаўцаў гэтым разам былі дапоўненыя новымі элемэнтамі. Без тлумачэньня прычын на сэктар не дазволілі пранесьці беларускамоўны банэр, які быў у рэестры — «Дынама Брэст ад калыскi да пагоста зь iмем, якое нiхто не адыме». На абурэньне незаконнымі дзеяньнямі супрацоўнікі АМАПу адрэагавалі наступным чынам: «Вось у Берасьці са сваім рэестрам і праносьце».

Таксама заўзятары назвалі «дзікім фактам» патрабаваньне ахоўнікаў парадку зьняць майкі зь беларускамоўнымі надпісамі «Мы не бухiя бульбашы! Мы моцныя беларусы!», «Дынама Брэст — мой гонар, маё жыцьцё, усё, што кахаю і чым ганаруся».

«Спадзяемся, прычынамі гэтых забаронаў стала ваяўнічае невуцтва супрацоўнікаў АМАПу, а не паталягічная нянавісьць да роднай мовы», — адзначаюць у адкрытым лісьце заўзятары. Яны прапанавалі перагледзець прынцыпы арганізацыі працы па гарантаваньні бясьпекі на спартыўных спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай АБФФ.

Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч нічога патлумачыць адносна дзеяньняў амапаўцаў ня змог, спаслаўшыся на тое, што не чытаў ліста заўзятараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG