Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларусь — Гішпанія» пойдуць настаўнікі, лекары і тыя, каму квіткі па кішэні


Настаўнікаў некаторых менскіх школаў прымушаюць набываць квіткі на футбольны матч «Беларусь — Гішпанія».

«Сёньня на сходзе пэдагагічнага калектыву нас, настаўнікаў, абавязалі выкупіць пяць квіткоў на матч Беларусь — Гішпанія», — цытуе «Прэсбол» словы менскай настаўніцы, імя якой не паведамляе.

Паводле газэты, настаўніца апасаецца, што ў выпадку адмовы зь ёй скасуюць кантракт. «Прэсбол» напісаў, што падобныя выпадкі зафіксаваныя таксама ў іншых месцах, уключна зь менскай паліклінікай, дзе галоўнага ўрача абавязалі набыць 4 квіткі на футбол. Хто абавязаў — газэта не паведамляе.

«Цана квітка на футбол — ад 400 тысяч і вышэй. Квіткі ёсьць, прыходзьце. На БАТЭ прадаваліся квіткі пакетам, а на зборную можна і на адзін матч. А колькі квіткоў раскуплена, ня ведаем», — сказалі карэспандэнту «Свабоды» на стадыёне «Дынама».

Зьвесткі пра тое, што на некаторых прадпрыемствах квіткі на футбол набылі прафсаюзныя камітэты і раздаюць іх заўзятарам бясплатна, супрацоўнікі стадыёна не камэнтуюць.

Напярэдадні чальцы зборнай Беларусі Віталь Радзівонаў, Рэнан Брэсан ды іншыя футбалісты выступілі па Беларускім тэлебачаньні з заклікам да заўзятараў прыйсьці на футбол і падтрымаць каманду.

12 кастрычніка а 21-й гадзіне на менскім стадыёне «Дынама» пачнецца футбольны матч зборных Беларусі і Гішпаніі ў межах адборачнага турніру чэмпіянату сьвету 2014 году.
XS
SM
MD
LG