Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі фэрмэр пра беларускі трактар: Каробка пасыпалася, мост паляцеў, каленвал лопнуў


Анатоль Уласенка — фэрмэр буйны нават па ўкраінскіх мерках. Гаспадарыць ён амаль дваццаць гадоў, апрацоўвае 1700 гектараў зямлі на Херсоншчыне, мае цэлы парк тэхнікі — у тым ліку і беларускай вытворчасьці. Пра якасьць апошняй ён апавёў карэспандэнту Радыё Свабода Ігару Карнею.

Анатоль Уласенка быў сярод першапраходцаў фэрмэрскага руху ва Ўкраіне. Да сярэдзіны 1990-х Украіна цалкам адмовілася ад савецкай спадчыны ў выглядзе калгасаў і пераарыентавалася на фэрмэрскія гаспадаркі. Ад таго часу плянтацыі Ўласенкі з цэнтрам у паселішчы Садовае Гола-Прыстанскага раёну Херсонскай вобласьці пашырыліся да памераў, якія выклікаюць калі ня зайздрасьць, то павагу:

«Пачынаў досыць даўно. Працую, калі дакладна, 18 гадоў. Зямлі ў мяне 1700 гектараў — напэўна, больш, чым у вашых калгасах. То бок калі там залатая сярэдзіна — дзесьці 1000 га, то ў мяне — 1700 га. Практычна ўсе асноўныя культуры расьлінагадоўлі: кукуруза, рапс, сланечнік, пшаніца, ячмень, памідоры, кавуны. Асноўныя, у прынцыпе, гэтыя пазыцыі. Была і жывёлагадоўля, але вывеў — больш за 2 тысячы галоў авечак, 500 галоў буйной рагатай жывёлы. Але ўсё, няма. Трэба ўсё ж трымацца пэўнай спэцыялізацыі».

Спадар Уласенка не шкадуе, што жыве па-за плянавай эканомікай:

«А хто мне можа штосьці даводзіць? Ды няма нічога такога, як яно можа быць? Зразумела, кожны сам сабе нешта плянуе — што рабіць, як рабіць».

Суразмоўца лічыць, што час «бітваў за ўраджай» застаўся ў мінулым, а цяпер трэба браць на ўзбраеньне зусім іншыя мэтады. Да таго ж, на яго думку, дзяржаўныя датацыі толькі расхалоджваюць і псуюць работнікаў:

«Ды не, гэта ўвогуле выключана. Не павінна быць нават такога. Проста не разумею, як гэта можа быць у сучасным сьвеце. Магу памыляцца, але ў Беларусі засталося так, як пры Саюзе было. Галоўнае пытаньне — плян выканалі ці ня выканалі».

Ва Ўкраіне фармальна пазаставаліся спэцыялізаваныя дзяржаўныя ўпраўленьні, адказныя за сельскую гаспадарку. Але ніякай улады над прыватнікамі яны ня маюць:

«Яны ёсьць, так — абласныя, раённыя, сельскія, як па старынцы. Але з інспэкцыямі па палях ня езьдзяць, каштоўных указаньняў не даюць. Сядзяць, каб проста заробак атрымліваць».

А пытаньне, ці часта першыя асобы дзяржавы ў суправаджэньні картэжу прыяжджаюць праверыць, як ідзе пасяўная ці ўборачная, выклікала толькі прыступ сьмеху:

«Прэзыдэнт? Ну, хіба гэта толькі ў вас ёсьць такое, у нас такога маразму няма…»

А ці існуе ў кагосьці настальгія па калгасным ладзе? Ці ўсплываюць у размовах за чаркай такія настроі?

«Не магу ні за кога гаварыць, бо ня ведаю, як там і што ў галовах творыцца. Асабіста я жыву так, як я жыву, і мяне задавальняе тое, што адбываецца зараз. Ня ведаю, што думаюць іншыя. Проста я ў свой час адстойваў гэтую справу. Таму каму што падабаецца ці не — справа густу. Але я быў за фэрмэрства, адназначна, за гэтую справу змагаўся».

Ці цікавіць хоць бы са спартовага інтарэсу — як разьвіваецца сельская гаспадарка ў Беларусі?

«Сельская гаспадарка я прыблізна ўяўляю, як там разьвіваецца. Мне проста ахвота паглядзець тыя месцы, дзе калісьці раней быў, і ўсё. А так што там глядзець? Я і так ведаю, якая ў Беларусі сельская гаспадарка. Якая была — такая і зараз ёсьць. Там нічога практычна не зьмянілася. Я так думаю».

Каб апрацоўваць такую вялізную тэрыторыю, трэба мець цэлы парк сельгастэхнікі. Анатоль Уласенка кажа, што сярод інтэрнацыянальнага прадстаўніцтва на стане ёсьць і беларускія экзэмпляры — трактары «Беларус», камбайны «Палесьсе», сеялкі-веялкі. Але ўзьнёслых слоў пра непераборлівых «жалезных коней» зь Беларусі я не пачуў. Як прызнаецца суразмоўца, беларуская тэхніка імкліва даражэе, а якасьць пры гэтым кульгае:

«Дарагая ўвогуле, вельмі моцна падаражэла. Я нават гляджу па тэндэнцыі, што італьянцы пачынаюць адмыслова рабіць тэхніку, якая цалкам канкурэнтаздольная ў кошце з МТЗ. Дый ня толькі італьянцы, але і амэрыканцы, галяндцы. Прыкладам, сеялкі ўжо канкрэтна выцясьняюць. Узяў у гэтым годзе за 220 тысяч грыўняў. Раней яна каштавала амаль 400 тысяч. Нешта завінуліся — раз, і вынік. Ці трактары New Holland. Цана яшчэ крышачку вышэйшая за „Беларус“, але ж і якасьць якая — кандыцыянэр, усе прыбамбасы. Зусім не разумею, як пры такой канкурэнцыі беларусы могуць уздымаць цану на сваю прадукцыю».

Карэспандэнт: «У нас проста зборка адвёрткавая, як на „Ролс-Ройсе“»…

«Ага, зборка адвёрткавая… Сам ведаю, колькі атрымліваў — то каробка пасыпалася, то мост. Толькі купіў — каленвал лопнуў папалам. А вытворчасьць гоняць, не спыняючыся. Ва Ўкраіне цяпер зборка „беларусаў“ ідзе ў Мікалаеве, у Кіеве, яшчэ дзесьці. І гэта пры тым, што два гады неўраджай, абаротаў няма, усё зацыклілася, затармазілася, няма ніякага руху. Магу толькі ўявіць, што там у Беларусі. Тут іх сотні, тысячы стаяць, ня ведаю, колькі дакладна, але валам. Вось вам і выдаткі плянавай эканомікі. Ніякага аналізу, пралічваньня, абы каб было…»

На пачатку 1990-х колькасьць фэрмэраў у Беларусі і ва Ўкраіне была практычна аднолькавая — па 2 тысячы гаспадарак зь невялікім. Аднак калі пасьля 1994 году фэрмэрства ў Беларусі апынулася ў загоне, то ва Ўкраіне пачаўся сапраўды бум. Да 2000 году там было створана больш за 35 тысяч прыватных гаспадарак, а летась іх колькасьць пераваліла за 41 тысячу. У Беларусі ж лічба застыла на месцы — тыя самыя 2 тысячы, як і 20 гадоў таму.
XS
SM
MD
LG