Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крымінальная ягада — трускалка


Гандаль трускалкамі на гомельскім рынку

Гандаль трускалкамі на гомельскім рынку

У бліжэйшых да Гомеля вёсках — Яроміне, Касьцюкоўцы, Лапаціне, Прыбары, Бярозках — шмат якія сем’і ня маюць цяпер ані дня адпачынку — пачаўся сэзон ягад. Трускалкі, маліна, садовыя суніцы — толькі пасьпявай круціцца. Абароцістыя агароднікі пасьпяваюць зарабіць на ягадах да 20 мільёнаў рублёў за сэзон. У вяскоўцаў зь невялічкімі гародамі прыбыткі сьціплыя.

Жыхарка прыгараднай вёскі Бярозкі спадарыня Людміла ня першы сэзон прадае на рынку трускалкі, якія ня можа спажыць сям’я. Хатнія ягады людзі купляюць нават ахвотней, чымсьці з фэрмэрскай гаспадаркі. Але, як цьвердзіць жанчына, гэта нялёгкая праца:

«Трускалкі — гэта самая цяжкая ягада, якую вырошчваю. Гэта самая цяжкая праца, бо трэба рачкаваць, рачкаваць і рачкаваць, не разгінаючыся. Ёсьць прыбытак, але трэба нагінацца і не разгінацца. Па-першае, трэба прапалоць. Па-другое, усе хочуць, каб ягады былі чыстыя — гэта трэба ўкласьці саломай. Гатунак добры трэба завесьці. Для сябе гэта выгадна — прыбытак да пэнсіі. Я пра сябе кажу. Ужо дадатак да пэнсіі атрымліваю — у пэнсію ня лезу».

Маладая пара з Касьцюкоўкі на ягадны сэзон бярэ адпачынак, каб выбіраць трускалкі й прадаваць на рынку. Аднак тут заўзятых агароднікаў падсьцерагае моцная канкурэнцыя. І ня столькі ад мясцовых агароднікаў, колькі ад прыежджых перакупшчыкаў, якія вязуць трускалкі найчасьцей зь Берасьцейшчыны — у прыватнасьці, з Лунінецкага раёну. Пра гэта апавядае спадар Ігар:
Зь невялікімі аб’ёмамі няма сэнсу займацца трускалкамі. Застануцца толькі тыя, хто займаецца гектарамі

«Лунінец цяпер выцясьняе. У дадзеным выпадку ёсьць слова „дэмпінг“ — прадаюць па дэмпінгавых цэнах і выцясьняюць мясцовых. Зь невялікімі аб’ёмамі няма сэнсу займацца трускалкамі. Застануцца толькі тыя, хто займаецца гектарамі. У нас некалькі сотак — раней мы маглі мець для сябе нейкую капейчыну. Сёлета мы практычна нічога не зарабілі».

Гамяльчук Мікалай у гэты летні сэзон спрабуе зарабіць менавіта на лунінецкіх трускалках — ён адзін з тых аптавікоў, хто прывёз на гомельскі рынак тамтэйшыя ягады:

«У нас радня ў Лунінцы, што пад Берасьцем. Мы бачылі, што людзі там займаюцца трускалкамі. Там куплялі ўчора па 8–9 тысяч за кілё, а сёньня тут рынак прадае па 15 тысяч».

Аптавік чуў пра нядаўні інцыдэнт на трасе Мікашэвічы — Слуцак у Жыткавіцкім раёне, калі невядомыя з паляўнічай стрэльбы абстралялі аўтамашыну «Газэль», загружаную лунінецкімі трускалкамі. Прадпрымальнік лічыць, што, хутчэй за ўсё, страляніна зьвязаная альбо зь недаплатай агароднікам, альбо з нахабным падзелам аптовага рынку.

Немалады ўжо аптавік, спадар Дзьмітры, так камэнтуе ўсплёск крыміналу на «трускалкавых дарогах»:
Стралялі, напэўна, з-за таго, што шмат вазілі. Аптавікі — яны бяруць шмат, скупляюць у народа й вывозяць

«Стралялі, напэўна, з-за таго, што шмат вазілі. Альбо пераймаюцца коштамі. Аптавікі — яны бяруць шмат, скупляюць у народа й вывозяць. Патрабуюць, напэўна, грошы за перакупы».

Далёка ня ўсе гомельскія агароднікі спадзяюцца на аптавікоў. Большасьць — прадаюць трускалкі самі.

Спадарыня Марыя з Галавінцаў кажа, што трускалкі прадае сама — яе не задавальняюць кошты, якія прапануюць аптавікі:

«Я не аддаю — я кажу: 35 тысяч за кілё, а ім нявыгадна за такую цану».

Жыхарка Якубоўкі Кацярына, наадварот, рада збыць ягады хоць якім аптавікам, бо займаецца гародам адна. У жанчыны наагул свая стратэгія ў гароднінным бізнэсе:

«Я не вырошчваю шмат трускалак — я вырошчваю ўсё. Калі нечакана што прападзе, калі пойдуць дажджы і трускалкі прападуць, на іх можна нічога й не зарабіць. Гэта ягада на авось. Трэба садзіць і трускалкі, і гуркі, і памідоры, і перцы. І бульбу трэба садзіць. Калі нешта адно загінула, то на іншым можна зарабіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG