Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс знайшоў вінаватых у правале старту праекту платных дарог


Намесьнік міністра транспарта й камунікацый Аляксандар Шышко і прадстаўнік інвэстара Міхаэль Гшнітцэр

Намесьнік міністра транспарта й камунікацый Аляксандар Шышко і прадстаўнік інвэстара Міхаэль Гшнітцэр

Нацыянальную сыстэму электроннага збору платы за праезд па платных дарогах Беларусі належала ўвесьці ў эксплютацыю з 1 ліпеня. Аднак чыноўнікі ўжо прызнаюць, што ня могуць даць рады чэргам ахвотных заплаціць за праезд. А аўстрыйскі інвэстар Kapsch TrafficCom скардзіцца на беларускую бюракратыю.

На дадзены момант зарэгістравана тры з паловай тысячы ахвотных атрымаць адмысловую бартавую прыладу. І ўжо ёсьць праблемы з чэргамі. Ужо на гэтым тыдні ахвотных будуць тысячы, а прыладаў выдалі ўсяго 550. Пра ўсё гэта гаварылася сёньня на адмысловай прэс-канфэрэнцыі.

З 1 жніўня бясплатна па Беларусі змогуць езьдзіць толькі беларусы, казахі і расейцы. І толькі на аўтамабілях масай меней за 3,5 тоны.

Платнымі стануць каля 815 кілямэтраў беларускіх дарог.

Аплачваць праезд мусяць і фізычныя, і юрыдычныя асобы, якія не зарэгістраваныя на тэрыторыі краін-удзельніц Мытнага зьвязу і перасоўваюцца на легкавіках і мікрабусах агульнай масай ня болей за тры з паловай тоны. А таксама любыя транспартныя сродкі з агульнай дапушчальнай масай больш за тры з паловай тоны. Платнымі робяцца ўчасткі дарог М1/E30 (Брэст — Менск — мяжа РФ), M2 (Менск — нацыянальны аэрапорт «Менск»), M3 (Менск — Віцебск), M4 (Менск — Магілёў), M5/E 271 (Менск — Гомель). Агулам — каля 815 кілямэтраў дарог.

Для аўтамабіляў, лягчэйшых за тры з паловай тоны, кожны кілямэтар платнай беларускай аўтадарогі абыдзецца ў 0,04 эўра (каля 500 рублёў). Найдаражэй — для чатырохвосных грузавікоў і аўтобусаў з масай больш за тры з паловай тоны — 0,12 эўра за кілямэтар.

Інвэстар праекту — аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom. Інвэстыцыйную дамову падпісалі ў Менску 29 лютага 2012 году. Агульны кошт кантракту на ўкараненьне сыстэмы — 267 млн эўра. Зь іх 158 мільёнаў эўра ўжо асвоена, а сыстэма яшчэ ня дзейнічае.

Дырэктар па міжнародных продажах кампаніі Kapsch TrafficCom Міхаэль Гшнітцэр на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў, што лічыць гэты праект пасьпяховым. Аднак ён прызнае, што кампанія сутыкнулася зь «вялікай колькасьцю працэдур, пра якія мы ня мелі ўяўленьня, калі ўваходзілі ў гэты праект. Нягледзячы на гэта, мы заяўляем, што выканаем нашу інвэстыцыйную дамову».

Гшнітцэр верыць, што сыстэма запрацуе з 1 жніўня. Беларускія чыноўнікі больш кажуць пра тое, што сыстэма ўжо працуе, але ў тэставым рэжыме.

На дадзены момант платнай, як звыкла, застаецца толькі траса М1/Е30. Абяцаныя навацыі — рэгістрацыя транспартных сродкаў, выдача бартавых прыладаў і ліквідацыя пунктаў зьбіраньня платы — адклаліся яшчэ на месяц.

Электронная сыстэма прадугледжвае ўсталяваньне бартавых прыладаў. Іх будуць выдаваць бясплатна пад немалы заклад: для меншых машынаў — 20 эўра, для большых — 50. Хоць большасьць карыстальнікаў будуць замежнікамі, цяпер аплату прымаюць толькі ў беларускіх рублях.

Яўген Ракала,прадстаўнік Мінтрансу, апавёў пра перавагі сыстэмы: «Шлягбаўмаў на дарогах болей ня будзе, а бартавая сыстэма сама будзе папярэджваць кіроўцу, калі на балянсе сканчаюцца грошы». Папоўніць балянс можна будзе на адмысловых пунктах — напрыклад, на АЗС. Усё як з мабільным тэлефонам.

Раней абяцалі, што бартавыя прылады пачнуць выдаваць за тры месяцы да 1 ліпеня, аднак рэальна пачалі толькі 21 чэрвеня. А цяпер і ўвогуле абвясьцілі, што ўвядзеньне сыстэмы адкладаецца на месяц. Чым прымусілі нямала пахвалявацца кіроўцаў, якія да апошняга ня ведалі, як цяпер езьдзіць па беларускіх дарогах.

Прадстаўнік Мінтрансу Яўген Ракала паведаміў, што інвэстар тут ні пры чым і свае абавязкі выконвае цалкам у адпаведнасьці з дамовай, а вінаватыя — «неактыўныя карыстальнікі». «Ані беларускі, ані аўстрыйскі бок не правальвалі тэрміны інвэстдамовы, — кажа Ракала. — Гэта двухбаковае рашэньне з-за невялікай колькасьці зарэгістраваных карыстальнікаў у сыстэме».
Гэта двухбаковае рашэньне з-за невялікай колькасьці зарэгістраваных карыстальнікаў у сыстэме

Варта зазначыць, што пры рэалізацыі інвэстдамовы Кapsch TrafficCom AG атрымлівае ад дзяржавы ільготы — вызваляецца ад мыта, якое бярэцца пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі тэхналягічнага абсталяваньня ў мэтах рэалізацыі дамовы.

На прэс-канфэрэнцыі таксама адмовіліся камэнтаваць, які менавіта прыбытак разьлічвае атрымаць аўстрыйскі інвэстар у Беларусі. Вядома толькі, што вярнуць укладзеныя грошы, а гэта 267 мільёнаў эўра, ён мяркуе праз тры гады пасьля пачатку эксплюатацыі.

Пры гэтым Яўген Ракала расплывіста патлумачыў, што калі грошай будзе зьбірацца недастаткова, то і інвэстар атрымае менш. І ўсё ў адпаведнасьці з дамовай. Яшчэ на працягу 20 гадоў аўстрыйская кампанія будзе абавязаная ажыцьцяўляць эксплюатацыю самой сыстэмы і, адпаведна, атрымліваць за гэта грошы.

Аднак ужо цяпер відавочна, што аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom пачне атрымліваць назад свае грошы ад беларусаў са спазьненьнем як мінімум на месяц.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG