Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацешныя палкі зноў выйдуць на праспэкты Менску


Тры тысячы вайскоўцаў і 150 адзінак баявой тэхнікі возьмуць удзел у парадзе 3 ліпеня. Тэхніка ўтворыць калёну больш як на паўтара кілямэтра.

Міністэрства абароны выпусьціла адмысловы прэс-рэліз, у якім распавядае пра падрыхтоўку да параду з нагоды Дня незалежнасьці й з гонарам пералічае вайсковую тэхніку, якую выведуць на парад:

«Сярод іх танкі Т-72Б, баявыя машыны пяхоты БМП-2, бронетранспартэры БТР-80, самаходныя гаўбіцы 2С19 „Мста-С“, РСЗО „БелГрад“ и „Смерч“, ЗРК „С-300ПС“, „С-300В“ і „Тор-М2“, ракетны комплекс „Точка“, аўтамабілі „Богатырь“».

На думку вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, што да тэхнікі, то беларускаму войску хваліцца няма чым.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Гэта тэхніка калі ня ўчорашняга, дык пазаўчорашняга дня. Тое, што мы бачым на гэтым парадзе, ня мае шанцаў на посьпех. Уся яна састарэлая, а цяпер вырашаюць посьпех баявых дзеяньняў зусім іншыя віды ўзбраеньняў — гэта высокадакладная зброя, крылатыя ракеты, кіраваныя бомбы, бесьпілётныя прыстасаваньні, сучасныя зьнішчальнікі. Гэтага мы на парадзе не пабачым».

«Дзякуй богу, што не прадбачыцца вайны, а ўсе гэтыя ўзоры вайсковай тэхнікі дажывуць свой век на складах», — заключае Аляксандар Алесін.

Адзінае больш-менш сучаснае ўзбраеньне — гэта тэхніка ПВА: «С-300ПС», «С-300В» і «Тор-М2». І гэта зразумела, бо Расея разглядае Беларусь найперш як свой паветраны рубеж, які здольны абараніць Маскву. Таму і мае Беларусь добрую тэхніку ў сыстэме ПВА.

Вайсковы парад традыцыйна праходзіць у Менску 3 ліпеня ў Дзень незалежнасьці (Дзень Рэспублікі). Падрыхтоўка да яго выклікае незадаволенасьць многіх менчукоў — вуліцы перакрываюць, па горадзе езьдзяць танкі, а дарожнае пакрыцьцё пасьля параду нагадвае пральную дошку. Пры гэтым ніхто і ніколі не прызнаецца публічна, колькі сродкаў затрачана на дэманстрацыю «вайсковай моцы» Рэспублікі Беларусь. Выглядае, што гэтыя выдаткі нават не падлічваюцца.

Уладзімер Макараў

Уладзімер Макараў

Кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў запэўнівае, што гэтыя праблемы яны вырашаюць канструктыўна, а ад начных трэніровак у гэтым годзе адмаўляцца ня будуць. Што да сродкаў, якія пойдуць на парад, то, па словах Макарава, яны ня выйдуць за рамкі свайго бюджэту:

«Усе сродкі, якія затрачваюцца на парад, не выходзяць за рамкі вайсковага бюджэту на гэты год. А наш вайсковы бюджэт трохі большы за 1% ад ВУП за апошнія гады».

Інфармацыя пра нібыта звышкрытычны стан нашай эканомікі яўна перабольшаная, — сьмяецца Ўладзімер Макараў.

Вайсковы аналітык Аляксандар Алесін кажа, што па сусьветных мерках менскі парад мог бы каштаваць дзясяткі мільёнаў даляраў. Але ж у Беларусі пра гэта зусім ня думаюць, і шмат якія працы проста не аплачваюцца.

«Шмат якія рэчы лічацца бясплатнымі, але яны пакрываюцца за кошт іншых бюджэтаў — камунальных службаў, мясцовых бюджэтаў. Кепска, што грошы, якія пайшлі на парад, ня пойдуць на баявую падрыхтоўку. І паліва, і амартызацыя тэхнікі, і вайскоўцы, і падрыхтоўка нават для параду — усё гэта каштуе грошай. А ў нас гэта ня лічыцца».
Кепска, што грошы, якія пайшлі на парад, ня пойдуць на баявую падрыхтоўку

Супрацоўнікі Менгарвыканкаму адмовіліся камэнтаваць, колькі грошай зь мясцовага бюджэту пойдзе на парад і ліквідацыю яго наступстваў.

Па падліках Алесіна, вайсковы бюджэт Беларусі — каля мільярда даляраў. Гэта сапраўды ад 1 да 1,5 працэнта нашага ВУП. У гэтых жа аб’ёмах фінансуюць сваё войска Нямеччына, Італія, Канада, Бэльгія ці Швэцыя. Праўда, ідзецца там зусім пра іншыя лічбы. Да прыкладу, у Італіі гэта 31 мільярд, а ў Швэцыі — трохі болей за 5.

«Адзін новы ЗРК „С-300“ каштуе 700-800 мільёнаў даляраў на ўсясьветным рынку. А адзін самалёт клясу „Су-27“ — прыблізна 45 мільёнаў, — кажа Алесін. — Пры такім бюджэце пра сур’ёзнае пераўзбраеньне няма чаго і думаць».

На думку Алесіна, парад 3 ліпеня даўно ўжо ператварыўся ў піяр-акцыю. Прымае яго галоўнакамандуючы Аляксандар Лукашэнка ў эксклюзіўнай форме, якая характарызуе ягоную пасаду галоўнакамандуючага, а не вайсковае званьне. На зададзенае наўпрост пытаньне, якое званьне мае беларускі прэзыдэнт, палкоўнік Макараў адказваць адмовіўся. На думку Алесіна — не вышэй за падпалкоўніка запасу.

«Прэзыдэнт у форме, — кажа Алесін, — выглядае неадэкватна. Форма павінна нешта абазначаць. Ва ўсясьветнай практыцы, калі ў цябе няма права на нашэньне формы, то ходзяць у цывільным. Вось калі быў Анатоль Сердзюкоў (былы міністар абароны Расеі. — Рэд.), ён хадзіў у цывільным».

Яшчэ большае недаўменьне, чым форма беларускага прэзыдэнта, выклікала зьяўленьне на парадзе ягонага малодшага сына Мікалая, таксама ў эксклюзіўнай вайсковай форме.

Ужо не аднойчы 3 ліпеня выкарыстоўвалі для прапаганды зусім іншага кшталту. У 2008 годзе 4 ліпеня ў Менску здарыліся выбухі, у якіх пазьней прызналі вінаватым Дзьмітрыя Канавалава. Тады пацярпела каля шасьці дзясяткаў чалавек.

4 ліпеня 2012 году менскі вайсковы парад праславіў мядзьведжы дэсант, зьдзейсьнены швэдзкім піяр-агенцтвам Studio Total. Адзін зь пілётаў, Тумас Масэці, наўпрост казаў, што сваю акцыю яны прымеркавалі адмыслова да вайсковага параду, інфармацыю пра які знайшлі ў інтэрнэце:

«Ніхто не хавае, што беларускія вайскоўцы любяць сьвяты, што будзе вялізны парад і што пасьля гэтага яны „трохі стомяцца“».

Пасьля мядзьведжага дэсанту сваіх пасадаў пазбавіліся камандуючы супрацьпаветранымі сіламі і войскамі ПВА Дзьмітры Пахмелкін і старшыня памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG