Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар абароны: «Калі адзіная сыстэма СПА дзіравая — гэта ляп»


Belarus – Former Defense Minister Paval Kazlouski, 17Nov2008
Belarus – Former Defense Minister Paval Kazlouski, 17Nov2008

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі гэтак пракамэнтаваў тое, што 4 ліпеня ў Беларусь прыляцеў і вярнуўся ў Літву швэдзкі самалёт, а беларускія вайскоўцы гэтага не заўважылі.

«Гэта, безумоўна, ляп. Пасьля такога ляпа ў СССР, памятаеце, глаўком СПА зьляцеў і гэтак далей. Я не за тое, каб галовы з нас зрывалі, гэта іх праблемы, але тое, што гэта ляп, я не сумняваюся. Гэта ж не плянэр быў, а самалёт, які праляцеў да Сухарава, скінуў мішак і вярнуўся тым жа маршрутам. Дзе ж была сыстэма СПА? Як у нас хваліліся ёй, калі зьбілі паветраны шар! Мы ж дагэтуль крычым, што самыя боегатовыя...Так, гэта, мяркую, усё ж такі ляп».

Карэспандэнт: «На вашу думку, трэба нешта перабудаваць — ці хай застаецца так, як ёсьць? Аказалася, што мяжа адкрытая...»

«На маю думку, гэтак: трэба войску аддаваць увагу, ня толькі прымаючы парад, а таксама ў звычайным жыцьці. Выдзяляць фінансаваньне, скараціць нейкія непатрэбныя структуры, зьменшыць колькасьць авіяцыі, але пакінуць такое войска, якое б не прапускала нават такі маленькі самалёцік. А так у нас што? Парад прагрымеў, і ўсе разышліся па сваіх управах і аддзелах. А самалёты як не ляталі, якім трэба лятаць, так і не лятаюць, бо няма запчастак, няма фінансаваньня. Гэта бяда войска, гэта трагедыя войска пры такім стаўленьні да яго».

Карэспандэнт: «Чаму дагэтуль не прызнаецца, што факт пралёту ўсё ж такі быў?»

«Гэта можна зразумець так, што лепш замяць, чым абвясьціць. У нас жа як? Змагаюцца, змагаюцца з карупцыяй, а потым раптам кагосьці адпускаюць ды мілуюць. Магчыма, і тут думаюць, што зробім выгляд, што гэта фальшыўка, і на гэтым усё скончыцца. Але, магчыма, скандал набярэ абароты, і тады галовы паляцяць. Гэта складана спрагназаваць. У нашых умовах, дзе не працуе закон, гэта спрагназаваць проста нерэальна. Але, мяркую, галоўнае для іх зараз — як выйсьці са складанага становішча? Тут жа вельмі цяжкае пытаньне, бо сыстэма супрацьпаветранай абароны аб’яднаная з Расеяй. Гэта ж трэба і саюзьніку патлумачыць. А як патлумачыць? Расея дае на гэта грошы, дае тыя ж „С-300“ ды іншыя сродкі, помпа ідзе, што вось гэткая адзіная сыстэма! І я за адзіную сыстэму, але калі яна гэткая дзіравая, то гэта пагана. Такім чынам, тлумачыць трэба ня толькі сабе, але і суседу-саюзьніку. Можа, зараз і тлумачаць — пра гэта мы можам толькі здагадвацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG