Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік СПА: дэсант мядзьведзікаў — гэта правакацыя супраць Беларусі


«Гэта была 100-працэнтная правакацыя супраць Беларусі пры падтрымцы замежных спэцслужбаў. Нашы сродкі ваенна-паветраных сілаў і сілаў супрацьпаветранай абароны не пацьвердзілі парушэньні паветранай прасторы невядомым самалётам», — заявіў генэрал-маёр Дзьмітры Пахмелкін, які камандуе ВПС і СПА Беларусі.

«Што тычыцца правакацыі, пра якую паведамлялася ў СМІ, пра тое, што нібыта лёгкаматорны самалёт заляцеў на нашую тэрыторыю ў раёне пасёлка Івянец, то расьсьледаваньне пакуль не завершанае», — дадаў генэрал.

Пахмелкін кажа, што калі б парушальнік паветранай прасторы быў выяўлены, «мы б паднялі ў паветра самалёты або ў скрайнім выпадку верталёты і затрымалі б паветранага парушальніка».

«Паводле нашых законаў, мы ня можам адкрываць агонь на паразу, калі ў паветраную прастору Беларусі ўварваўся грамадзянскі самалёт», — адзначыў генэрал-маёр Дзьмітры Пахмелкін.

Генэрал бярэ ўдзел у пасяджэньні каардынацыйнага камітэту ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны пры Савеце міністраў абаронцы дзяржаваў - удзельніц СНД. Пасяджэньне адбываецца ў Кіргізстане.

Гісторыя дэсанту мядзьведзькаў

Раніцай у сераду 4 ліпеня швэдзкае выданьне The Local паведаміла, што грамадзяне гэтай краіны скінулі на Менск амаль тысячу цацак са словамі падтрымкі дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.

Пілёты сьцьвярджалі, што раніцай яны скінулі цацкі таксама і ў раёне рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Міністэрства абароны Беларусі абвергла інфармацыю пра парушэньне беларускай паветранай прасторы.

Увечары 4-га ліпеня ў інтэрнэце зьявіліся відэакліпы, на якіх зь невядомага самалёта скідваюцца нейкія рэчы. Адзін фрагмэнт відэа зьняты ў кабіне пілёта, на другім, дзе самалёт бачна ў небе, — можна пазнаць горад Івянец Менскай вобласьці.

У чацьвер раніцай міністэрства абароны Беларусі заявіла агенцтву Белта, што «скандальнае відэа аб палёце швэдзкіх пілётаў над Беларусьсю зьяўляецца груба сфабрыкаванай правакацыяй.

Тым часам прадстаўнік вайскова-паветраных сілаў Літвы пацьвердзіў выданьню Lietuvos rytas, што ў сераду ў Літве выяўлена парушэньне паветранай прасторы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG