Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водар радзімы Сафіі Гройсман


Сафія Гройсман

Сафія Гройсман

Адна з самых тытуляваных парфумэраў сьвету, аўтарка знакамітых водараў «Trezor», «White linen», «Paris», «Lalique» — беларуская габрэйка Сафія Гройсман прэзэнтавала 14 чэрвеня ў Менску парфуму, якую прысьвяціла сваёй радзіме. Працоўная назва водару — «Белая Русь». Асноўная нота — фіялка. Пах менавіта гэтай кветкі асацыюецца ў парфумэркі зь Беларусьсю.

Сафія Гройсман нарадзілася ў 1946 годзе ў Любчы што на Наваградчыне. У 15 гадоў яна разам з бацькамі зьехала ў Польшчу, а затым — у ЗША, дзе прафэсійна занялася складаньнем водараў для парфумэрных дамоў «Yves Saint Laurent», «Lancôme», «Calvin Klein» і дасягнула значаных посьпехаў. Гэтак, у залі парфумэрнай славы, якая складаецца ўсяго з 25 найлепшых водараў сьвету, — 4 маюць аўтарства Сафіі Гройсман. Цяпер майстра жыве ў ЗША, у Беларусі бывае вельмі рэдка. Аднак, як прызналася спадарыня Гройсман, думка пра тое, каб зрабіць нешта на памяць пра беларускае дзяцінства, не пакідала яе ўсё жыцьцё.
Сафія Гройсман заходзіць у парфумэрную краму

Сафія Гройсман заходзіць у парфумэрную краму


Прысьвечаны Беларусі водар — просты. Асноўная яго нота — фіялка з саладкаватым прысмакам. Гэтая кветка — успамін Сафіі Гройсман пра пасьляваеннае дзяцінства:

«Я б ня стала парфумэрам, каб не адна акалічнасьць з майго дзяцінства. Я была адным зь першых дзяцей, якія нарадзіліся ў Беларусі пасьля вайны. У мяне не было цацак. Адзінае, чым я магла бавіцца, — кветкі, якія расьлі каля нашай хаты. І калі яны цьвілі, я нюхала іх і проста памірала ад радасьці. Яны былі маімі адзінымі цацкамі. Гэта засталося ў маёй памяці на ўсё жыцьцё. Таму я заўсёды хацела зрабіць нешта, што б нагадвала мне маю родную зямлю. Гэтая парфума, якую я зрабіла, — такі прахалодны пах, які я памятаю зь дзяцінства. Шлях мой ня быў простым. Габрэйцы, якая нарадзілася ў Беларусі, было вельмі складана ў асяродзьдзі францускіх парфумэраў. Але калі там заўважылі, што я маю нос і фантазію, то я змагла шмат чаго дасягнуць. Мяне ў Францыі сталі называць «Пікасо ў парфумэрыі».

Адказваючы на пытаньне Свабоды пра магчымасьць зьяўленьня парфумы для прэзыдэнта Лукашэнкі, спадарыня Гройсман сказала, што для стварэньня пэрсанальнай парфумы ёй трэба вельмі добра ведаць характар і зацікаўленасьці чалавека:

«Для прэзыдэнта патрэбны мужчынскі водар. А я ствараю для жанчын, хоць часта кансультую і мужчынскіх парфумэраў і магла б стварыць некалькі кропель парфумы і для яго. Цяпер падзел на жаночыя і мужчынскія водары даволі ўмоўны. Калі казаць пра асабістую парфуму, то для гэтага трэба вельмі добра ведаць чалавека, яго характар, звычкі і тое, што ён любіць. Калі я стварала „Белую Русь“, то разьлічвала на тое, што гэта парфума для ўсіх жыхароў Беларусі, мой ім падарунак. У Беларусі ўсе людзі аднолькавыя, няма падзелу на бедных і багатых, як у іншых краінах, дзе прынцэса ідзе па адным баку вуліцы, а бедная — па другім. Таму гэтая парфума — для ўсіх».
Пробнік «Белай Русі» з аўтографам аўтаркі

Пробнік «Белай Русі» з аўтографам аўтаркі


«Белая Русь» пакуль не прадаецца ў беларускіх крамах. Але, паводле парфумэра Ўлада Рэкунова, парфумэрная кампазыцыя створаная ў аб’ёме, гатовым для прамысловай вытворчасьці, застаецца толькі разьліць яе ў фляконы, прывезьці сюды і прадаваць. Праўда, кошт парфумы будзе ня нізкі.
XS
SM
MD
LG