Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка аддае надзвычай вялікую ўвагу тэме карупцыі. Чаму раптам гэтае пытаньне выйшла на першы плян? У чым прычыны росту карупцыі? Як зь ёй змагацца?

Удзельнікі: палітоляг Юрый Чавусаў і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Чаму пытаньне карупцыі выйшла на першы плян?


Валер Карбалевіч: «Тэма карупцыі стала апошнім часам актуальнай у афіцыйным палітычным дыскурсе Беларусі. Лукашэнка кажа пра мафію ў энэргетычнай сфэры, у будаўніцтве. У панядзелак кіраўнік дзяржавы, прымаючы міністра ўнутраных спраў Шуневіча, даручыў яму разабрацца з карупцыяй у будаўнічай галіне. Мінулым тыднем, наведваючы Апэратыўна-аналітычны цэнтар, Лукашэнка таксама казаў пра неабходнасьць змаганьня з карупцыйнымі злачынствамі. Рэгулярна адбываюцца гучныя карупцыйныя скандалы, як з кіраўніцай цырку Бандарчук. Дык ці сапраўды ў Беларусі так шмат карупцыі?»

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў: «Па-першае, трэба падзяляць карупцыю як зьяву — і рыторыку Лукашэнкі пра карупцыю, агульнанацыянальныя кампаніі на гэтую тэму, якія выконваюць ролю піяру. Гэтая тэма дапамагла яму стаць прэзыдэнтам у свой час. І кіраўнік дзяржавы па-ранейшаму лічыць яе важнай для піяру. Такім чынам ён паказвае народу, што ён змагаецца з шкоднікамі, якія перашкаджаюць будаваць такую Беларусь, якую нам паказваюць па дзяржаўнай тэлевізіі.

Калі казаць пра ўласна карупцыю, то трэба зьвярнуць увагу на індэкс карупцыі, які друкуе ўсясьветная арганізацыя Transparency International. Зь яго вынікае, што найгоршыя паказчыкі карупцыі — у тых краінах, дзе ёсьць праблемы з дэмакратыяй: Мьянма, Узбэкістан, Туркмэністан. А найлепшая сытуацыя — у краінах з сталай, кансалідаванай дэмакратыяй. Беларусь у гэтым сьпісе бліжэй да першых краін. Таму можна зрабіць выснову, што для эфэктыўнай барацьбы з карупцыяй патрэбныя не пампэзныя антыкарупцыйныя нарады і кампаніі, а трэба ўвесьці тыя інстытуты, якія існуюць у дэмакратычных краінах: падзел уладаў, грамадзянскі кантроль за дзейнасьцю дзяржаўных органаў, свабоду слова, незалежны суд».

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч: «Тэма карупцыі носіць папулісцкі характар. Лукашэнка пачаў змаганьне з карупцыяй на пачатку сваёй палітычнай кар’еры. І вось ён 19 гадоў пры ўладзе. А карупцыя застаецца, ён па-ранейшаму працягвае зь ёй змагацца. Лукашэнка імкнецца дагадзіць уяўленьням людзей, якія за кожнай праявай непарадку бачаць канкрэтных вінаватых асобаў. Арыштамі асобных карупцыянэраў карупцыя не вынішчаецца. Бо з сацыяльнымі заганамі можна змагацца толькі супольнымі намаганьнямі ўлады і грамадзтва».

У чым прычыны росту карупцыі?


Карбалевіч: «Чаму функцыю грамадзянскага кантролю ня можа замяніць аўтарытарны кіраўнік, які шчыра зацікаўлены ў тым, каб гэтую карупцыю зьнішчыць? Сёньня ў Беларусі, па маіх падліках, існуюць 9 службаў з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. І грамадзкі кантроль іх замяніць ня можа. Чаму гэтая сыстэма не працуе, а карупцыя, калі меркаваць па апошніх заявах Лукашэнкі, толькі расьце?»

Чавусаў: «Лукашэнка дэманструе звыклую памылку ўсіх аўтарытарных рэжымаў, якія змагаюцца не з прычынамі зьявы, а з наступствамі. Для існаваньня карупцыі ёсьць аб’ектыўныя прычыны ў самой сыстэме. Парадокс у тым, што карупцыя, хабарніцтва патрэбныя дзеля нармальнага функцыянаваньня сыстэмы. У межах праекту выданьня „Гульня ў гарады“ было праведзена дасьледаваньне функцыянаваньня малых гарадоў. І высьветлілася, што, нягледзячы на ўвесь аўтарытарызм, у малых гарадах працуюць свае ўласныя лякальныя палітычныя сыстэмы, якія праз карупцыю перашкаджаюць існаваньню паўнавартаснага аўтарытарызму з цэнтру. Карупцыя стварае элемэнты, ня буду казаць — дэмакратыі, але канкурэнцыі і плюралізму.
Дырэктар прадпрыемства ня можа эфэктыўна ім кіраваць, не парушаючы закон

Дырэктар прадпрыемства ня можа эфэктыўна ім кіраваць, не парушаючы закон. Далёка ня ўсе злачынствы, якія трактуюцца як карупцыйныя, выкліканы намерам асабістага ўзбагачэньня, напрыклад, дырэктара. Паказальны ў гэтым сэнсе судовы працэс мадэльера Варламава. Высьвятляецца, што ён інакш ня мог выконваць свае функцыі, апроч як парушаючы нормы заканадаўства. І, нарэшце, тыя структуры, якія павінны змагацца з карупцыяй, самі ўдзельнічаюць у карупцыйных схемах».

Мацкевіч: «Сапраўды, карупцыя дапамагае вырашаць шмат якія пытаньні, якія ня могуць быць вырашаны цэнтралізавана. Але я хацеў бы запярэчыць думцы, што Лукашэнка шчыра змагаецца з карупцыяй. Ён змагаецца з асобнымі карупцыянэрамі, а не з самой зьяваю. Шмат прыкладаў, калі ўсе мэдыі пісалі пра карупцыянэраў, а Лукашэнка іх падтрымоўваў. І толькі калі гэтыя людзі чымсьці яго не задавальнялі, ён аддаваў іх пад суд. Гісторыя з дырэктаркай цырку — менавіта такі выпадак. Шмат што Лукашэнка сам трымае на карупцыйных схемах.

Грамадзянскі кантроль патрэбен менавіта за структурамі, якія вядуць барацьбу з карупцыяй. Гэтая барацьба будзе эфэктыўнай, калі існуе давер насельніцтва да гэтых структур. А для гэтага патрэбная празрыстасьць у іх працы».

Ці дае барацьба з карупцыяй палітычны эфэкт?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы адзначылі, што ў гэтай барацьбе з карупцыяй, якую вядзе Лукашэнка, шмат папулізму, піяру. У першыя гады ягонага кіраваньня такая барацьба давала палітычныя дывідэнды. Але калі прайшло 19 гадоў, а Лукашэнка сам прызнае, што ў краіне велізарная карупцыя, то абывацель можа задаць пытаньне: чаму ж няма выніку? Вось нават у Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта рэгулярна выкрываюць карупцыю, кожны другі яго кіраўнік сыходзіць у адстаўку з карупцыйным скандалам. Можа, гэтая кампанія ўжо не дае яму ранейшага палітычнага эфэкту?»

Чавусаў: «Такія кампаніі дазваляюць кансалідаваць цьвёрды электарат Лукашэнкі. Але, відавочна, гэтыя кампаніі не даюць таго эфэкту, як у 1990-я гады. Пра што сьведчаць сацыялягічныя апытаньні. Харызма Лукашэнкі паблякла».

Мацкевіч: «Пытаньне пра тое, чаму барацьба з карупцыяй не дае эфэкту, сапраўды можа прыйсьці ў галаву абывацеля. Але яно застанецца без адказу, калі няма інстытуцый, якім яго можна задаць. Якія могуць ператварыць гэтыя пытаньні асобных людзей у палітычныя праграмы і палітычныя дзеяньні.

Таму ў грамадзтве існуе двухдумства. Усе ведаюць пра факты карупцыі і нават удзельнічаюць у гэтым. Усе носяць, напрыклад, падарункі дактарам. І калі зьяўляецца пытаньне пра карупцыю, кажуць: што ж рабіць, жыцьцё такое. Без ператварэньня гэтай праблемы ў палітычную ўсе гэтыя асобныя меркаваньні людзей ніякіх наступстваў мець ня будуць».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG