Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-рэсурс «Беларускі партызан» надрукаваў цікавы артыкул Ігара Драко «У пошуках беларускага Навальнага». Аўтар, зважаючы на разьвіцьцё палітычнага працэсу ў Расеі, задаецца пытаньнем: ці магчымы ў Беларусі фэномэн Аляксея Навальнага? Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ва ўмовах адсутнасьці тут відавочнага лідэра апазыцыі гэтая тэма робіцца звышактуальнай.

Найперш задамося пытаньнем: а ці ёсьць фэномэн Аляксея Навальнага? Паводле дасьледаваньняў «Лявада-цэнтру» (самай аўтарытэтнай незалежнай сацыялягічнай установы Расеі) пра гэтага грамадзкага дзеяча нешта чулі толькі 41% расейскага насельніцтва. Толькі 6% ухваляюць ягоную дзейнасьць. Але нават сярод тых рэспандэнтаў, якія ведаюць Навальнага, ягоны рэйтынг невялікі. Пытаньне было такое: калі б той вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта Расеі, вы б за яго прагаласавалі? Аказалася, што яшчэ ў красавіку 2011 году 5% адказвала «дакладна так», праз год колькасьць прыхільнікаў блогера вырасла да 6%, але яшчэ праз год, у сакавіку 2013 году, катастрафічна ўпала да 1%. Падкрэсьліваю, гэта сярод тых, хто ведае пра яго. Прычым 65% усяго насельніцтва Расеі не давяраюць нікому зь лідэраў «непарлямэнцкай» апазыцыі. Цяпер у лідэрах апынуўся экс-дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў — яму давяраюць 2,7% апытаных. Аляксей Навальны заняў у рэйтынгу толькі пяты радок, яму давяраюць 1,5% апытаных.

Гэтыя лічбы вам нічога не нагадваюць? Так, гэта амаль беларуская сацыялягічная карціна.

Тым ня менш усё ж трэба прызнаць, што ў пэўным сэнсе фэномэн Навальнага існуе. Нікому невядомы блогер стаў папулярным сярод пэўнай часткі грамадзтва. І вось тут варта зафіксаваць, што гэтая папулярнасьць існуе толькі ў асяродзьдзі палітызаванай інтэрнэт-супольнасьці. Маўклівая большасьць, якая галасуе за Пуціна, пра яго проста ня ведае. Гэта амаль люстраны адбітак беларускага соцыюму.

На чым жа грунтуецца папулярнасьць Навальнага ў палітызаваных сацыяльных сетках? Ён націснуў на самую балючую кропку расейскага грамадзтва — асядлаў тэму карупцыі. І тым самым трапіў у фокус грамадзкіх чаканьняў.

І вось якраз гэты момант вельмі актуальны для Беларусі. Справа ў тым, што беларуская апазыцыя ўжо шмат гадоў ніяк ня можа трапіць у гэты фокус, стрэліць у «яблычка», зачапіць праблему, якая б была сугучная масавым настроям. У асноўным апанэнты рэжыму гавораць у публічнай прасторы тое, што цікава ім самім. Пра правы чалавека, лёс беларускай мовы, выбары адзінага кандыдата. Вось АГП ладзіць кампанію «За свабодныя выбары без Лукашэнкі». А яшчэ абмяркоўваюць пытаньне, як дзяліць гранты. Усе гэтыя тэмы для большасьці насельніцтва знаходзяцца далёка ўнізе на шкале прыярытэтаў.

Тэма карупцыі ўжо была выкарыстана адзін раз у беларускай гісторыі напоўніцу. Аляксандар Лукашэнка ў 1993–1994 гадах зрабіў яе трамплінам для свайго палітычнага ўзьлёту. Потым усе спробы ягоных апанэнтаў (узгадаем хоць бы Сяргея Антончыка) зноў яе выкарыстаць не давалі палітычнага эфэкту. Мусіць, тут дзейнічае лёгіка, што ў адну рэчку немагчыма ўвайсьці двойчы.

Варта зазначыць яшчэ адзін момант, на які зьвяртае ўвагу І. Драко. А. Навальны — чалавек новы на расейскім палітычным небасхіле і, што важна, непартыйны. У Беларусі цяперашнія лідэры апазыцыі таксама ня маюць папулярнасьці нават сярод праціўнікаў рэжыму. Можна меркаваць, што ў іх адмоўны рэйтынг нават большы, чым у Лукашэнкі. Таму патрэбна новая постаць.

І. Драко піша: «Асабіста я ня веру, што „Навальны“ ў Беларусі зьявіцца». І тлумачыць свой пэсымізм адсутнасьцю ў Беларусі фэномэна «грамадзкасьці». «Для зьяўленьня беларускага Навальнага... патрэбна грамадзкасьць, падобная да „белоленточников“ з Балотнай плошчы і праспэкту Сахарава. Хто ў Беларусі гатовы па-сапраўднаму ўключыцца ў супрацьстаяньні з „рэжымам“ у якасьці групы падтрымкі „Навальнага“? У Расеі Вольга Раманава зьбірала грошы на арганізацыю шэсьцяў і мітынгаў, а сябры Каардынацыйнай рады ўносілі свае сродкі ў яе статутны фонд. Колькі беларусаў будзе даваць грошы на „ціхую рэвалюцыю“? Колькі „не-оппов“ згодныя займацца арганізацыйнай працай? Колькі „не-оппов“ гатовыя распаўсюджваць інфармацыйныя і агітацыйныя матэрыялы ў сябе на працы? Мой адказ: цяпер у Беларусі такіх людзей адзінкі».

Я менш пэсымістычны, чым І. Драко. Думаю, калі зьявіцца прапанова, тады зьявіцца і попыт. Узгадайма выбух сацыяльнай энэргіі падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» летам 2011 году. У тых падзеях галоўную ролю адыгрывалі ня штатныя апазыцыйныя актывісты, а «новыя незадаволеныя». Таму ніколі не кажы «ніколі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG