Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бабіцкі: «У будаўніцтве даволі спрыяльная атмасфэра для карупцыі»


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кошт квадратнага мэтра жыльля для тых, хто мае патрэбу, не павінен перавышаць сярэдні заробак па краіне. Чаму рэальны кошт жыльля ў Беларусі нашмат вышэйшы?

Як уплывае на цану квадратнага мэтра карупцыя і «бардак» (паводле Лукашэнкі) у будаўнічай галіне?

Цыганкоў: Ці рэалістычная задача трымаць кошт жыльля на тым узроўні, пра які сказаў Лукашэнка? Наколькі ўвогуле адпавядае рынкавай эканоміцы тое, што дзяржава спрабуе адміністратыўна ўплываць на кошт нерухомасьці?

Бабіцкі: Ва ўсім сьвеце цана любога тавару вызначаецца прапановай і попытам. Таму дзяржаве ўвогуле лепш ня лезьці ў гэтыя справы і не рэгуляваць цэнаўтварэньне на жытло.

Што тычыцца жытла для тых, хто «мае патрэбу» (на Захадзе гэта называецца «сацыяльнае жытло»), то гэта вельмі своеасаблівая сфэра. На Захадзе гэтым займаюцца пераважна мясцовыя ўлады. Калі яны хочуць забясьпечыць танным альбо бясплатным жытлом пэўныя групы насельніцтва, то яны будуюць гэтае жытло за свае муніцыпальныя грошы. Потым яго здаюць. У нас, дарэчы, таксама пачаліся зрухі ў гэтым кірунку, калі жытло чалавек будзе арандаваць у дзяржавы.

У Беларусі жытло яшчэ застаецца як пункт у «сацыяльным кантракце». Маўляў, я працую на заводзе, зарабляю, а вы мне празь некалькі гадоў дасьцё магчымасьць пабудаваць кватэру. Вядома, зараз гэта больш датычыць не заводаў, а хутчэй розных ведамстваў, міліцыі і гэтак далей. Колькі павінна каштаваць такое жытло? Хай гэтыя ведамствы за свой кошт яго купляюць на вольным рынку і селяць туды каго хочуць.

Цыганкоў: Лукашэнка таксама сёньня заявіў, што ў будаўніцтве «такога бардаку, які сёньня на кожным кроку ў Менску, нідзе больш ня знойдзеш». Ці гэта сапраўды так, і будаўніцтва — адна з самых карумпаваных сфэраў?

Бабіцкі: Мы ўвесь час чуем паведамленьні пра суды, дзе шэраг людзей быў асуджаны за карупцыю і махінацыі ў будаўніцтве. Калі параўноўваць зь іншымі сфэрамі — цяжка сказаць, наўрад ці ёсьць цалкам «чыстыя» галіны. З савецкіх часоў многія ведаюць, што ў будаўніцтве характэрныя пэўныя схемы, бо лёгка завысіць кошт працаў, аб’ёмы працаў. Таму тут сапраўды даволі спрыяльная атмасфэра для карупцыі.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што гэтая спрыяльная атмасфэра ўплывае на кошт квадратнага мэтра?

Бабіцкі: Вядома, уплывае. Бухгальтарскі сабекошт квадратнага мэтра жытла нават тут, у Менску, — на ўзроўні некалькі соцень даляраў. А прадаецца ў новабудоўлях за тысячу. Будоўляй дамоў часта займаюцца кампаніі, якія нейкім чынам набліжаныя да ўладаў. І далёка ня кожны бізнэсовец можа ўлезьці на гэты рынак.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG