Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім плююць у вочы, а яны працягваюць цярпець і маўчаць»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 5 чэрвеня 2013 году

У сёньняшняй Беларусі кожны ведае, які ў дзяржаве самы галоўны від спорту. За гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі лядовыя палацы зьявіліся ва ўсіх абласных цэнтрах ды іншых вялікіх гарадах. Пакрысе хакейныя арэны будуюцца і ў ня самых буйных райцэнтрах. Гэта, праўда, пакуль ніяк не адбіваецца на выніках беларускіх хакеістаў на міжнароднай арэне.

Пра хакейнае будаўніцтва і правальныя выступы нацыянальнай хакейнай каманды разважае ў сваім лісьце на Свабоду наш даўні сябар Ігар Сьцябуля зь Менску, зь якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

«Зараз у нас у мікрараёне Чыжоўка шпаркімі тэмпамі вядуць будаўніцтва новага лядовага палаца — „Чыжоўка-Арэны“. Будаўніцтва арганізавана паводле старых савецкіх узораў (а можа, яшчэ і горшых). Гэта значыць, што жыхарам Чыжоўкі штодня даводзіцца сутыкацца зь вялікімі нязручнасьцямі, выкліканымі непрадуманай будоўляй. Але што тут зробіш: валюнтарысцкае рашэньне прынятае галоўным хакеістам, у людзей пра мэтазгоднасьць такога аб’екта ніхто не пытаўся.

І што цікава: мясцовыя жыхары працягваюць цярпець і маўчаць — хоць ім, па сутнасьці, плююць у вочы. Але між сабой, вядома, абураюцца і тым, што без патрэбы марнуюцца мільярды рублёў дзяржаўных грошай, і тым, што будоўля арганізаваная абы-як. Але найбольш часта можна пачуць абурэньне тым, што палац гэты прызначаны беларускім хакеістам, якія прайгралі ўсё, што толькі можна. Перадапошняе месца на чэмпіянаце сьвету — гэта ня сорам пры такіх заробках хакеістаў і такіх дзяржаўных субсыдыях?

А колькі грошай змарнавалі на выступ сьпявачкі Ланской на Эўрабачаньні ў Швэцыі! З тым жа посьпехам — 16 месца. Вось гэта „дасягненьні“!

Увогуле, сёньняшняя Беларусь мне ўсё больш нагадвае варыянт колішняй Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Але ж вы ведаеце, чым для яе ўсё скончылася...»
.

Параўнаньне з ГДР тут наўрад ці пасуе, спадар Ігар. Камуністычныя ўлады Ўсходняй Нямеччыны, сапраўды, прыкладалі нямала намаганьняў, каб прыхарошваць свой імідж на міжнароднай арэне, — але на гэтым іхнае падабенства з рэжымам Лукашэнкі сканчаецца. Справа ў тым, што ім, адрозна ад Лукашэнкі, многага ўдалося дамагчыся. Спартоўцы ГДР на Алімпійскіх гульнях займалі верхнія радкі ў мэдалёвых сьпісах, апярэджваючы сваіх суродзічаў з капіталістычнай Нямеччыны і спаборнічаючы па колькасьці мэдалёў нават з камандамі ЗША і СССР. Пазьней, праўда, высьветлілася, што многія мэдалі здабываліся ў асноўным дзякуючы дасягненьням нямецкай фармакалёгіі. Але тады на Алімпійскіх гульнях не было такога жорсткага допінг-кантролю.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў — пра летнія клопаты на лецішчы, а таксама пра занядбаны стан многіх архітэктурных помнікаў Беларусі. Слухач піша:

«Апошнім часам рэдка выпадае пісаць вам. Ды што там казаць — нават слухаць Радыё Свабода ня часта атрымліваецца. Жыву на лецішчы, слухаць Свабоду даводзіцца праз радыёпрымач (дакладней, іх у мяне на лецішчы два), а час вяшчаньня не зусім зручны, дый якасьць прыёму не заўсёды добрая. Пакуль стаяла незвычайная для траўня ліпеньская сьпёка, з-за яе працаваць на «сваіх сотках» даводзілася толькі раніцай і вечарам — якраз калі ў эфіры Свабода. А ў мяне з жонкай, вы ж ведаеце, ня толькі гарод і сад, у нас яшчэ і дэндрарый 15 сотак, ды прылеглая да яго тэрыторыя. Агулам 48 соснаў, 29 елачак, 43 ядлоўцы (19 у дэндрарыі, 20 ля дома ў якасьці жывой агароджы, 4 яшчэ ў адным месцы), 41 бярозка, ды яшчэ ліпы, рабіны, дубы (моцна сказана, дакладней — дубкі), каліны, сумахі аленярогія, катальпы, бэз розных гатункаў, клёны, сасна Культэра (гэта ж трэба — ня вымерзла каліфарнійская прыгажуня, расьце, магчыма, адзіная ў Беларусі!), грушы, яблыні, лімоньнік, вінаград, бружмель, ірга, глог, бузіна чорная, яшчэ кусты ўсякія, дый многае іншае, усяго не пералічыць.

Але я, уласна кажучы, зусім не пра гэта. На сайце Свабоды прачытаў і паглядзеў відэа пра Княжыцкі касьцёл. І скажу, што такіх загубленых сьвятынь, такіх зруйнаваных жамчужын у Беларусі нямала. Дасылаю вам здымкі касьцёла Сьвятой Веранікі, што ў вёсцы Селішча Ўшацкага раёну. Паглядзіце, якая архітэктура, які інтэр’ер, якая ляпніна! Аднаму алтару цаны няма — прыгледзьцеся ўважліва, гэта ж сапраўдны твор мастацтва! Манастыр бэрнардзінцаў, на жаль, зруйнаваны дашчэнту. А за некалькі кілямэтраў ад гэтага касьцёла — сядзіба Маліноўскіх ХІХ стагодзьдзя. Якая там драўляная разьба! Сядзіба таксама прыйшла ў заняпад. Калі раптам сёлета 19 чэрвеня Свабода будзе накіроўваць свайго карэспандэнта ў Бычкі на сядзібу Быкава, то няхай ён не пашкадуе якую гадзінку і абавязкова едзе з Ушач не праз Кублічы, як звычайна едуць усе, а празь Селішча — Чарапоўшчыну. Так ад Ушач да Бычкоў нават бліжэй кілямэтраў на пяць, а паглядзець на касьцёл Сьвятой Веранікі і на сядзібу Маліноўскіх ой як варта! І абавязкова трэба зазірнуць у склеп, што пад сядзібай.





Здымкі, якія я дасылаю, праўда, даўнія, зробленыя маёй дачкой яшчэ 8 траўня 2006 году. Але там мала што зьмянілася (прынамсі, у лепшы бок)«.


Наведнікі сайту Свабоды самі могуць убачыць гэтыя здымкі, дасланыя спадаром Кастусём, і пераканацца ў праўдзівасьці ягоных сьцьвярджэньняў і высноў. Ну, а тым, хто толькі слухае нашыя праграмы праз прымач, давядзецца паверыць на слова: усё, пра што напісаў слухач, — чыстая праўда.

Звычайна, адказваючы на пытаньні і папрокі з нагоды занядбаных гістарычных будынкаў, чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ў бюджэце на іх няма грошай. Нярэдка гучыць і такі аргумэнт: будынкі гэтыя найчасьцей культавыя, вось няхай касьцёл альбо царква і займаюцца ратаваньнем і рэстаўрацыяй.

Але хто, калі не дзяржава, адбіраў гэтыя культавыя пабудовы ў вернікаў, ператвараў іх у склады, стайні ці клюбы і давёў да такога стану? А наконт недахопу грошай... На лядовыя палацы ў бюджэце сродкі ж чамусьці знаходзяцца? Хоць патрэба ў іх вельмі і вельмі сумнеўная.

Наступны ліст даслаў нам Вацлаў Бедункевіч з Маладэчна. Слухач распавядае гісторыю таго, як больш за 60 год таму ўпершыню выпадкова пачуў перадачу заходняга радыё і з таго часу зрабіўся сталым слухачом свабоднага эфіру. Спадар Вацлаў піша:

«Летам 1946-га году старшыня сельсавету, які жыў у нашай вёсцы, мусіў некуды паехаць па пільнай справе. У хаце заставаўся толькі яго малы 8-гадовы пляменьнік. Начаваць аднаму было боязна, і ён запрасіў мяне: я быў на два гады старэйшы. Усе ведалі, што ў старшыні была вялікая каштоўнасьць — дэтэктарны прымач. Ну, я і не ўтрымаўся, выкарыстаў выпадак. Толькі ўключыў яго — як адразу пачуў у навушніках словы, якія назаўсёды ўрэзаліся ў памяць: „Говорит Лондон. Радиостанция Би-Би-Си“. Вось такім чынам у свае 10 год я зрабіўся слухачом „варожых галасоў“.

Дэтэктар той, дарэчы, быў невялікі, просты ў карыстаньні, недарагі. Але слухаць мог толькі адзін чалавек. І абавязкова была патрэбна антэна.

Пазьней, калі я скончыў будаўнічы тэхнікум у Менску, дык набыў прымач зь сярэднімі хвалямі: можна было слухаць усю Эўропу. А яшчэ пазьней, калі займеў пакойчык па адрасе Ленінскі праспэкт, 44, дык зьявілася радыёла „Sakta“. Яна мела аж 5 караткахвалевых дыяпазонаў. Нягледзячы на „глушылку“, што працавала літаральна „ў агародзе“ (за домам 44), я быў у курсе ўсіх сакрэтных для савецкага чалавека навінаў.

Дзякуй Свабодзе за працу. Кожны дзень слухаю вас раніцай і ўвечары»
.

Цікавая і адметная гісторыя, спадар Вацлаў. Я асабліва зьвярнуў увагу на тое, што, уключыўшы старшынёўскі прымач, вы адразу пачулі Бі-Бі-Сі. Вось што, аказваецца, слухала дробная савецкая намэнклятура нават у тыя суровыя гады. А ў сталінскі час гэта ж была нежартоўная справа. Данесьлі б на старшыню ў НКВД — ня толькі пасаду б страціў, а і на Калыму мог загрымець, як антысаветчык і ангельскі шпіён.

Аўтар наступнага ліста — таксама даўні і адданы слухач Свабоды, Сьцяпан Арлянін зь вёскі Запросьсе Лунінецкага раёну. Ён піша:

«Мне — 64 гады. Карэнны вясковы паляшук. Каталік. Будую касьцёл. Думаю, мне ўдалося сьцерці са свайго, так бы мовіць, „біякампутара“ многа ўсялякіх „зомбівірусаў“, якія старанна распаўсюджвала і распаўсюджвае афіцыйная прапаганда. З самага пачатку я ў згодзе з ідэямі Народнага Фронту.

Наша Радыё Свабода — гэта цудоўны радыётэатар. Слухаю вас праз савецкі радыёпрымач з аналягавым сыгналам. А ці існуе прылада больш сучасная і якасная, ды з аўтаномнай работай?

Што яшчэ цікавіць — дык гэта якім чынам вас можна слухаць, маючы спадарожнікавае тэлеабсталяваньне?

Яшчэ дазвольце выказаць сваё меркаваньне ў справе камунікацыі мясцовых людзей з заежджымі журналістамі. Як жа хутка вучыцца напужаны тубылец не ўцякаць ад бледнатварага прышэльца зь мікрафонам, а пакрысе набліжацца да яго — хоць з падазронасьцю, але і зь цікавасьцю. Як жа відавочна ён выціскае зь сябе патроху тую самую „тутэйшасьць“. Асабліва ўдала атрымліваюцца такія дыялёгі ў нашых слаўных свабодаўцаў — Бартосіка і Сямашкі. Думаю, гэта — нялёгкі і нятанны занятак»
.

У справе тэхнікі, пра якую вы, спадар Сьцяпан, пытаеце. У продажы можна знайсьці ня толькі аналягавыя, але і лічбавыя караткахвалевыя прымачы. Яны, зразумела, больш сучасныя, чым старыя аналягавыя. Але якасьць прыёму праз спадарожнікавую антэну ўсё адно будзе значна вышэйшая. Каб настроіць радыёканалы, вам, відавочна, варта зьвярнуцца па дапамогу да таго майстра, які ўсталёўваў антэну і настройваў тэлевізійныя каналы. Працэдура гэтая нескладаная, але адолець яе самастойна ня ўсім пад сілу.

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Андрэя Чарняўскага з Рагачова. Слухач піша:

«Дзякуй, Свабода, за вашу працу. Яна вельмі карысная і падтрымлівае нават тады, калі ўжо няма моцы жыць у хлусьні».

Дзякуй, спадар Андрэй, і вам за гэтыя добрыя словы.

Мы таксама ўдзячныя ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG