Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь працаваць ня хоча, не прывучана. Жыве за кошт сваіх матуль і бабуль»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 15 траўня 2013 году

Вы на хвалях Радыё Свабода. З вамі далей Валянцін Жданко. У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.

Як мяняюцца маральныя арыенціры беларусаў? Да якіх духоўных ідэалаў імкнецца сучасная моладзь, якая нарадзілася і вырасла ў постсавецкі пэрыяд і ня зьведала ідэалягічнага дыктату камуністаў, хоць і сапраўднай свабоды таксама не паспытала?

Адзін з аўтараў лістоў на Свабоду, які спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні, — наш даўні сябар Сяргей Жаваранак з Кобрына, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:

«Людзі, на долю якіх выпалі вялікія выпрабаваньні, якія галадалі, пакутавалі пад бальшавіцкім прыгнётам, у асноўным ужо паўміралі. На зьмену ім прыйшлі іншыя. Як правіла, працаваць ня хочуць: ня прывучаныя. Маўляў, няхай дурань працуе, а я за такія капейкі ня буду. Добра, але высокааплатнай працы ў нас няма. Дык за чый кошт жыць? За кошт сваіх матуль і бабуль — за іхныя зарплаты і пэнсіі.

У многіх маладых няма нічога сьвятога — сумленьне і не начавала. За грошы могуць і забіць, і павесіць.

Назіраю, што суседзі не кантактуюць адзін з адным. Жывуць на адной пляцоўцы — дзьверы ў дзьверы, а бачыць адзін аднаго не жадаюць.

І ў школах настаўнікі ня надта рвуцца навучаць моладзь разумнаму, бо самі бяз Бога ў сэрцы. Кажуць: малыя зарплаты, што нам надрывацца? Так, малыя, але ж гэта ня значыць, што ня трэба рабіць сваю справу.

Вельмі многія людзі сёньня жывуць адным днём. Але цікава, што піць сьпіртное, паводле маіх назіраньняў, сталі меней. У Кобрыне цяпер рэдка ўбачыш п’янага.

Але ў цэлым маральнасьць людзей значна зьнізілася. На працы для многіх стала звыклым абсьмяяць калегу, цікаваць, шпіёніць адзін за адным, а пры зручным выпадку „закласьці“ таварыша начальству.

Ні пра якую дапамогу талакою, як было некалі, цяпер і размовы няма. Паклёпнічаць, пляткарыць — гэта так. І гэта ў маім горадзе ўласьціва вельмі многім. Што характэрна, 95 працэнтаў цяперашняга гарадзкога насельніцтва — учорашнія сельскія жыхары, дзеці і ўнукі сялян.

Часта думаю: і што ж нам рабіць? Як у такіх умовах нешта зьмяніць у лепшы бок? Не хадзіць на выбары? Але і бяз нас выберуць тых, каго ім трэба... Добра, што ёсьць Радыё Свабода. Такія цікавыя перадачы! Яны вучаць мяне любіць жыцьцё, змагацца зь нягодамі, з хлусьнёй. І калі нешта ўдаецца — тады вырастаюць крылы...»
.

Людзі сталага веку часам занадта патрабавальна і крытычна ставяцца да стылю жыцьця маладых. Гэта ўласьціва розным эпохам. Згадайце, спадар Сяргей, уласную маладосьць: напэўна ж, таксама ня раз даводзілася чуць папрокі, назіраць касыя позіркі з боку пажылых людзей: ці то за гучны сьмех у кампаніі, ці то за музыку з вакна, ці за адсутнасьць працоўнага энтузіязму на камуністычным суботніку...

Запэўніваю вас, што пакаленьню, якое пакутавала пад бальшавіцкім прыгнётам, а цяпер адыходзіць, і якое вы, відавочна, ідэалізуеце, былі ўласьцівыя тыя ж маральныя заганы і слабасьці. У архівах КДБ захоўваюцца дзясяткі, сотні тысяч даносаў — на суседзяў, калегаў, блізкіх прыяцеляў. Неадкладна і падрабязна паведамлялі пра неасьцярожна сказанае слова, пра палітычны анэкдот, пра сваякоў за мяжой... Прычынай станавілася і зайздрасьць, і помста, і жаданьне праявіць пільнасьць і прадэманстраваць ляяльнасьць да ўлады... А наступствы ж такіх даносаў тады былі ня роўня цяперашнім... Так што людзі і тады, і цяпер — розныя. Адны пішуць даносы, другія — дапамагаюць нявінна пацярпелым і абараняюць справядлівасьць.

Наступны ліст даслаў нам Уладзімер Цыбенка з Івацэвічаў. Разважаючы пра ролю кніг у сваім жыцьці, слухач піша:

«Так сталася, што я, чалавек з вышэйшай адукацыяй, трапіў у сумнавядомы ЛПП (лячэбна-працоўны прафілякторый), дзе нібыта лечаць ад алькагалізму. Пабываў я там, што праўда, не з уласнай ахвоты, а дзякуючы намаганьням маёй нябожчыцы-цешчы. Ну, але гэта — асобная гісторыя.

Дык вось, у нялюдзкіх умовах пасьля працы мяне ратавалі валейбол і кнігі. Кнігі, відаць, найперш.

Я маю тры выданьні з вашай кніжнай сэрыі „Бібліятэка Свабоды“. Іх чытаюць мае знаёмыя і сябры. Дзякуй вам за іх. Вельмі хацелася б мець вашу новую кнігу — „Турма і здароўе“ Юрыя Бандажэўскага. Слухаў урыўкі зь яе і быў вельмі ўражаны.

Са шкадаваньнем даведаўся пра скарачэньне перадач Свабоды. Трымайцеся і ведайце, што вы нам вельмі патрэбныя»
.

Дзякуй Вам, спадар Уладзімер, за словы падтрымкі. Думаю, што Вам, чалавеку, якому выпала прайсьці праз такую вельмі падобную на турму ўстанову, як ЛПП, сапраўды, будзе вельмі цікава пазнаёміцца з кнігай Юрыя Бандажэўскага. Дарэчы, няблага было б, каб вы ў новым лісьце на Свабоду больш падрабязна распавялі пра свой досьвед так званага прымусовага лекаваньня. Мы нячаста атрымліваем інфармацыю пра тое, што робіцца ў гэтых закрытых установах, празь якія вымушаны праходзіць тысячы і тысячы беларускіх грамадзянаў.

З просьбай пра кнігу «Турма і здароўе» зьвяртаецца да нас і Ўладзімер Лугаўцоў зь Менску. Ён піша:

«Мне 64 гады. 35 зь іх адпрацаваў на Менскім авіярамонтным заводзе (цяпер ужо, відаць, былым). З канца 80-х удзельнічаў у апазыцыйных мітынгах і пікетах. Даводзілася нават сустракаць у Курапатах амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана.

У 1994 годзе быў на выбарах назіральнікам ад БНФ (тады яшчэ адзінага і моцнага). Многа чаго было...

А цяпер вымушаны хадзіць з кійком, і толькі ў двары.
2-я група інваліднасьці, слабнуць мышцы рук і ног. Лекары кажуць, што робяць усё магчымае, але хвароба паволі прагрэсуе. Усё цяжэй трымаць раўнавагу, асабліва на лесьвіцы...

Я разумею, што кніга „Турма і здароўе“ больш неабходная тым, хто ў няволі. І ўсё ж у мяне таксама сур’ёзныя абставіны. Вельмі хацеў бы атрымаць яе, пазнаёміцца зь фізычнымі і псыхалягічнымі практыкаваньнямі, якія дапамагаюць вязьням...

Вялікі дзякуй вам. Трымайцеся! Эх, дажыць бы!...»
.

Вельмі спадзяемся, спадар Уладзімер, што гэтая кніга дапаможа вам. Дзякуй за добрыя словы і за падтрымку. Верым, што тыя зьмены, пра якія вы так марыце і якія ў свой час як маглі набліжалі, — ужо недалёка.

Пра беларускую незалежнасьць і пра тое, адкуль паходзіць пагроза гэтай незалежнасьці, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну. Ён піша:

«Баяцца трэба тых, хто скупляе (ці захоплівае) нашы прадпрыемствы, жыльлё, маёмасьць; хто руйнуе аўтавакзалы (маю на ўвазе новы вакзал „Маскоўскі“ ў Менску); хто будуе тут АЭС; стварае ваенныя базы... Яны прыйшлі сюды даўно і, відаць, надоўга. Тут пануюць іхняя мова, іхныя парадкі („закон — тайга, хазяін — мядзьведзь“). А калі няма свайго нацыянальнага сьцяга, герба, гімна, мовы, то няма і незалежнасьці.

Як казаў Вася Абломаў на канцэрце ў Беластоку, „Еду в Магадан“ тут „звучит реалистично“...

Словам, словы Каліноўскага і цяпер застаюцца для нас актуальнымі: „Тады толькі зажывем шчасьліва, калі над намі маскаля ўжо ня будзе“. Але ж будзем спадзявацца на лепшае»
.

Гэтая ж тэма і такія ж высновы гучаць у допісе нашага слухача Артура Каваленкі з Наваполацку. Ён лічыць, што Беларусь ужо амаль страціла сваю дзяржаўную незалежнасьць. У лісьце на Свабоду Артур піша:

«Беларусь ужо на 95 працэнтаў увайшла ў склад Расеі. Беларуская мова фактычна зьнішчаная: засталіся невялікія выспачкі. Палітычнае поле амаль адсутнічае. У культурнай сфэры працу вызначаюць не законы, а загады чыноўнікаў ад ідэалёгіі.

Адразу пасьля чарговага штогадовага пасланьня Лукашэнкі Масква выразна паказала яму ягонае месца. Маўляў, будзеш дрэнна сябе паводзіць — зьменшым пайку. Ці ўдасца дыктатару на нейкі час адкруціцца ад прыватызацыі і расейскіх вайсковых баз — гэта вялікае пытаньне.

Цяпер Расея пачынае чарговы этап „дацісканьня“ Лукашэнкі: спрабуе рэзка зьнізіць датацыі і змусіць да прыватызацыі галоўных прадпрыемстваў. У выніку ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю беларускія тавары імкліва страчваюць сваю канкурэнтаздольнасьць. Лукашэнку цяпер застаецца толькі адно: падтрымліваць сваю ўладу, прадаючы найбольш пасьпяховыя прадпрыемствы»
.

Ці гандлюе Лукашэнка незалежнасьцю і ці распрадае Беларусь расейцам — пытаньне спрэчнае, спадар Артур. Падобныя папрокі ды абвінавачаньні гучаць на адрас першага (і пакуль адзінага) беларускага прэзыдэнта ўсе дзевятнаццаць гадоў ягонага кіраваньня. Але пакуль у гандлі сувэрэнітэтам справа далей за клятвы не пайшла. Лукашэнку не адзін год віртуозна ўдавалася рэалізоўваць маштабную зьдзелку пад умоўнай назвай «нафта ў абмен на пацалункі» і атрымліваць з гэтага шматмільярдныя дывідэнды. Шмат разоў абвяшчалася стварэньне розных «саюзаў» і «саюзных дзяржаў» — але, па сутнасьці, ніякімі ўладнымі паўнамоцтвамі Лукашэнка з саюзьнікамі не падзяліўся. Ён і цяпер нібыта пагадзіўся з настойлівымі просьбамі расейцаў наконт прыватызацыі буйных беларускіх актываў. Але кошты выстаўляе такія, што ніводзін расейскі інвэстар у цьвярозым розуме нават абмяркоўваць магчымасьць такіх зьдзелак не бярэцца... Словам, пакуль што любыя імпэрскія памкненьні Расеі на беларускім напрамку заканчваюцца там, дзе пачынаецца замах на аднаасобную ўладу Лукашэнкі.

Іншая справа — культурныя і духоўныя нацыянальныя каштоўнасьці беларусаў. Тут пры Лукашэнку Беларусь сапраўды панесла вялікія і цяжкапапраўныя страты.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG