Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў слухачоў Свабоды.

З дапамогай караткахвалевых радыёпрымачоў Свабоду цяпер слухаюць пераважна людзі сталага веку. Яны ж часьцей за ўсё дасылаюць лісты старым звыклым спосабам — праз звычайную пошту, а не з дапамогай кампутара і электроннай скрыні.

Ня дзіва, што ў такіх лістах часта ўтрымліваюцца развагі пра маладое пакаленьне, пра тое, якія рысы ўласьцівыя сучаснай беларускай моладзі.

З аднаго такога допісу пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша наша даўняя слухачка Раіса Катлярова з Магілёва:

«Уражвае агульная нявыхаванасьць, малаадукаванасьць маладых людзей (у тым ліку і маладых бацькоў). Кола інтарэсаў часам зводзіцца да некалькіх рэчаў: цыгарэта, бутэлька, мат, нахабства... І гэта пры атэстатах і дыплёмах аб сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Я жыву побач са школай нумар 33. Прыгожая, упарадкаваная тэрыторыя, школа з музычным ухілам. Але гэтую тэрыторыю зрабілі месцам для выгулу сабак — з усімі адпаведнымі наступствамі. Летась я зьвярнулася да аднаго адказнага супрацоўніка з пытаньнем: чаму да «сабачнікаў» не прымаюць ніякіх мер? У школе ж дзясяткі высокаадукаваных пэдагогаў, з вокнаў усё добра відаць. У адказ пачула цэлую лекцыю пра тое, што гэта я сама не выхоўваю сваіх дзяцей і ўнукаў. Праўда, празь некаторы час зьявіліся дзьве шыльды з папярэджаньнем пра штраф для «сабачнікаў», але месяцы праз два яны зьніклі. А між тым у кожным раёне ёсьць адмысловыя вялікія пляцоўкі для выгулу сабак...

Побытавая культура цягне за сабой культуру сацыяльную, працоўную, палітычную... І толькі адзінкі, ахвяруючы ўласным здароўем, спрабуюць штосьці супрацьпаставіць гэтай хмары абыякавасьці і бескультур’я.

Вось і я з такіх людзей, — піша Раіса Катлярова з Магілёва. — Кветнік мой ля дома квітнее — нягледзячы на пэрыядычныя барбарскія напады. Настала пара зноў фарбаваць лесьвічную клетку і пляцоўкі на сваім паверсе. Тры з паловай гады таму я іх ужо фарбавала. Але як падумаю, што зноў траплю праз гэта ў бальніцу з гіпэртанічным крызам — дык усё адкладаю, набіраюся сіл... Бачыце, некаторым суседзям некалькі дзён замінаў пах фарбы — і яны дружна лаялі мяне... Ды ў мяне ўвогуле алергія на ўсе пахі — мне гэта замінала больш, чым ім. Але я хачу жыць па-людзку, бо так мяне выхавалі бацькі і дзяды... У нас у сяле брудны двор, вуліца, бруд у хаце — былі вялікай ганьбай. Але вясковыя жыхары, пераехаўшы ў горад, тую спрадвечную сельскую культуру страцілі, а гарадзкой — не набылі. Усе спадзяюцца на дворніка, на прыбіральшчыцу, на ЖЭС...

Калі каму-небудзь распавядаю пра гэтыя праблемы, мне звычайна кажуць: «А табе гэта нада? Пераступі і ідзі сабе далей...» Іншыя ж і пераступаюць, і ідуць, і пры гэтым ненавідзяць тых, хто жыць ТАК ня можа і ня хоча...«.

Сапраўды, спадарыня Раіса, гэтая праблема ўласьцівая для любога беларускага горада. Мясцовыя ўлады ў апошнія гады мелі магчымасьць укладаць у добраўпарадкаваньне значна большыя, чым раней, сродкі. І аблічча большасьці гарадоў дзякуючы дадатковаму фінансаваньню зьмянілася ў лепшы бок. Але справа тут ня толькі ў грашах. Калі чалавек ставіцца да ўласнага двара як да сьметніка, калі ён ня бачыць вялікай заганы ў выкарыстаньні лесьвічнай пляцоўкі шматкватэрнага дома ў якасьці прыбіральні — тут не дапамогуць ніякія дадатковыя грошы.

Некаторыя краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі, якія ў свой час сутыкнуліся з падобнымі праблемамі, зрабілі стаўку на сыстэму жорсткай адказнасьці. Напрыклад, у Сынгапуры за выкінуты на вуліцу акурак давядзецца тут жа заплаціць 50 даляраў штрафу.

Што праўда, адпаведных законаў і правілаў хапае і ў Беларусі. Ды толькі за іх выкананьнем практычна ніхто ня сочыць.

Наступны ліст даслаў нам Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну. Распавядаючы пра сваё інвалідзкае жыцьцё і пра непаразуменьні зь мясцовай уладай, слухач піша:

«На жаль, ужо некалькі гадоў не магу слухаць Свабоду: прымач зноў не працуе, а купіць новы, атрымліваючы жабрацкую пэнсію, не магу. Дзякуй роднай уладзе за такія пэнсіі.

20 красавіка па тэлебачаньні паведамілі, што пражытковы мінімум з 1-га траўня складзе больш як паўтара мільёна рублёў на чалавека. Ня веру! Усё гэта — толькі прыгожыя словы, а ў рэальнасьці як атрымлівалі мы значна меней, так і будзем атрымліваць.

Зьвярнуцца да вас мяне змусілі наступныя абставіны. Справа ў тым, што сам я — інвалід 2-й групы. Жыву разам з братам Віктарам — таксама інвалідам 2-й групы. Мы самастойна ходзім і робім усё ў хаце: ногі і рукі, дзякуй Богу, у парадку. Але наша старшыня сельсавету хоча нас з братам накіраваць у дом-інтэрнат. Думаю, робіцца гэта па камандзе з райвыканкаму. Відаць, ім лянота з намі важдацца. Тым больш што я часта пішу скаргі ў розныя інстанцыі.

А мы ж яшчэ не старыя: мне 50 год, брату — 52. Ці ж маюць яны права бяз нашай згоды накіроўваць нас куды-небудзь, высяляць з уласнай хаты?

Афіцыйныя палітыкі хваляцца, нібы ў Беларусі поўны парадак з правамі чалавека. Але я сам пераканаўся, што гэтыя правы парушаюцца, і яшчэ як!».

Прымусова накіраваць вас у дом-інтэрнат чыноўнікі могуць толькі пры некаторых абставінах. У прыватнасьці, павінна быць зафіксавана і засьведчана камісіяй, што вы ня здольныя самастойна спраўляцца са сваімі жыцьцёвымі патрэбамі. І яшчэ адна сытуацыя: калі ў судовым парадку вас прызнаюць недзеяздольнымі. Калі вы самастойна здольныя даглядаць сябе і ня хочаце зьяжджаць з уласнай хаты, а чыноўнікі настойваюць на сваім — што ж, у такім разе, відавочна, трэба зьвяртацца па юрыдычную дапамогу да праваабаронцаў і ў суд.

Данута Крупіца зь Ліды, пачуўшы па Свабодзе ўрыўкі з новай кнігі Аляксандра Лукашука, зьвярнула ўвагу на згадку пра тое, як напрыканцы 70-х гадоў улады тагачаснай БССР ініцыявалі кампанію нарыхтоўкі галінкавага корму, каб уратаваць жывёлагадоўлю. Слухачка піша:

«Той 1979 год добра памятаю і я. Штодня павінны былі выпраўляць групу працаўнікоў, як мы тады казалі, „на ветачкі“. Натуральна, адрывалі на гэты час ад асноўнай працы. Мы, „акладнікі“ на МКК, працавалі на нарыхтоўцы галінак і ўсе суботы.

Што цікава: не чуваць было, каб на гэтую ідэю спакусіўся хто-небудзь з прыватных гаспадароў. Яны чамусьці зь сякерамі па галінах дрэў не скакалі... Ці на іхных лугох засухі не было.

Вось успомніла пра тое і моцна задумалася... Здаецца мне, што і тады, і цяпер у калгаснай сыстэме вечна чагосьці нестае з той простай прычыны, што значная частка кармоў ды іншых рэсурсаў проста раскрадаецца... Цягнуць і простыя працаўнікі, але асабліва — загадчыкі. Людзі кажуць пра выпадкі, калі ў асобных загадчыкаў калгасных фэрмаў на ўласным падворку — да 20 галоў жывёлы. Чым іх карміць? Няўжо толькі ўласнымі кармамі?

Мясцовыя начальнікі ведаюць пра гэта, але заплюшчваюць вочы. Ну як жа: заробкі на фэрме нізкія, а работа вельмі цяжкая. Звольніш гэтых людзей — дык адкуль возьмеш іншых? У чарзе на такую працу кандыдаты не стаяць. І такія парадкі цягнуцца дзесяцігодзьдзямі.

Цікава, што яшчэ зусім нядаўна амаль усе калгасы і саўгасы насілі напышлівыя камуністычныя назвы: „Шлях Леніна“, „Сьцяг Саветаў“, „Зара камунізму“... А ў той „Зары“ ўвесну скаціну часта ня мелі чым карміць. Цяпер пыхі стала меней, назвы, як правіла, памянялі. Але з кармамі лепей ня стала...

Вядома, былі і іншыя прыклады, калі калгасы былі заможнымі, людзі там добра зараблялі і кармоў там было ўдосталь. Вось, напрыклад, згадваецца калгас „Рассвет“ імя Арлоўскага Кіраўскага раёну... Ня ведаю нават, у чым быў сакрэт тых пасьпяховых калгасаў, якія грымелі на ўвесь Саюз і куды сапраўды імкнуліся ўладкавацца многія людзі».

Сакрэт такіх калгасаў (іх яшчэ называлі «маякамі») быў просты. Паваротлівыя і настойлівыя старшыні, казыраючы сваімі ордэнамі, званьнямі, дэпутацкімі і партыйнымі пасадамі, «выбівалі» з абласных і рэспубліканскіх фондаў значна большыя рэсурсы, чым іншыя. Пры гэтым спасылаліся на выключны статус сваіх гаспадарак як узорных калгасаў, якія павінны паказваць прыклад іншым — як трэба працаваць, да чаго варта імкнуцца.

Што да колішняй даўняй эпапэі з нарыхтоўкай галінкавага корму... Сапраўды, прыватныя гаспадары для сваёй жывёлы гольле ня секлі. Так, год быў засушлівы, многія лугі высахлі. Але на балотах і ў лясах сакавітай травы было нямала. Браў чалавек у рукі касу ды выбіраўся ў зусім няблізкі шлях... Работа гэтая нялёгкая, дый даставіць скошанае часам было няпроста. Але для ўласнай гаспадаркі людзі працы не шкадавалі... Ну, а калгасным каровам у тую зіму давялося жаваць гольле з дрэў.

І на заканчэньне — ліст ад Алеся Літвінчыка зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёну. Слухач даслаў вялікі вершаваны твор, у якім, у прыватнасьці, так выказваецца пра беларускі хакей:

«Хакеістаў накупілі,
Аказалася — шпана.
Лепш патрацілі б даляры
На індыйскага слана!»

На працягу мінулых двух тыдняў беларускія заўзятары, якія сачылі за хакейным чэмпіянатам сьвету ў Швэцыі і Фінляндыі, мелі шмат падстаў для расчараваньня: беларуская каманда зноў прайграла амаль усе матчы, заняўшы, як звычайна ў апошнія два гады, перадапошняе месца ў турнірнай табліцы. Нягледзячы на гэта, на дзяржпраграму разьвіцьця хакея на наступныя тры гады ўлада плянуе выдаткаваць каля 259 млрд. рублёў — гэта больш, чым на разьвіцьцё вышэйшай адукацыі ці на дэмаграфічную бясьпеку. Прычым выдаткі на пабудову лядовых палацаў у гэтую лічбу не ўваходзяць: на тое прадугледжаныя асобныя немалыя сумы...


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG