Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генштаб: гэта адказ на супрацьракетную абарону ў Эўропе


У Генштабе Ўзброеных сіл Беларусі заяўляюць, што разьмяшчэньне ў пэрспэктыве на тэрыторыі краіны сучасных сродкаў ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны — адказ на разгортваньне супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

«Вайскоўцы Беларусі і Расеі ня раз заяўлялі пра тое, што ў пэрспэктыве ў Беларусі будуць разьмешчаныя самыя сучасныя сродкі баявой авіяцыі і зэнітныя ракетныя комплексы, здольныя вырашаць задачы ня толькі супрацьпаветранай, але і супрацьракетнай абароны. Гэта зьвязана з адказам на разгортваньне супрацьракетнай абароны ЗША ў Эўропе», — заявіў у інтэрвію беларускай ваеннай газэце «Во славу Родины» намесьнік начальніка Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі Алег Крыванос.

10 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што расейскія пляны разьмясьціць у Беларусі вайсковую авіябазу не скіраваныя супраць Эўропы і не зьяўляюцца адказам на пляны разьмяшчэньня ў Эўропе сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Такую заяву Сяргей Лаўроў зрабіў у Варшаве на прэсавай канфэрэнцыі з удзелам міністраў замежных спраў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вэстэрвэле і Радэка Сікорскага.

Пра намер Расеі разьмясьціць у Беларусі авіяцыйную базу паведаміў у мінулым месяцы на сустрэчы ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу.

Пазьней Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Гаворка ідзе пра пастаўкі ў нашы Ўзброеныя сілы, у якой форме — мы будзем дамаўляцца. База гэта будзе ці мы ў існуючай частцы паставім расейскія самалёты-зьнішчальнікі. Гэтае пытаньне абмяркоўваецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG