Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьняў санкцыі з прадпрыемства «Белтэхэкспарт» — буйнога пастаўшчыка зброі зь Беларусі. Такім чынам, задаволеныя аргумэнты беларускага боку пра адсутнасьць ценевых схемаў супрацоўніцтва з праблемнымі рэжымамі.

У офісе «Белтэхэкспарту» паведамілі, што пазыцыя адносна скасаваньня санкцыяў выкладзеная ў прэс-рэлізе на сайце прадпрыемства. У прыватнасьці, там гаворыцца, што 1 чэрвеня 2012 году «Белтэхэкспарт» накіраваў афіцыйны пакет дакумэнтаў з доказамі і экспэртызамі на адрас Дзярждэпартамэнту ЗША. Вынікам іх вывучэньня стала запрашэньне прадстаўнікоў «Белтэхэкспарту» ў цэнтральны офіс Дзярждэпу ў Вашынгтоне:

«3 красавіка адбылася сустрэча прадстаўнікоў кампаніі на ўзроўні дырэктара ўпраўленьня ракетнага, біялягічнага і хімічнага нераспаўсюджваньня Памэлай Дзюрхэм, падчас якой было афіцыйна заяўлена аб няўхільнай прыхільнасьці кампаніі да таго, каб і надалей выконваць усе патрабаваньні міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства ў галіне экспартнага кантролю з абавязковым правядзеньнем штогадовага аўдыту з прыцягненьнем міжнароднага экспэрта — аўдытарскай кампаніі KPMG», — адзначаецца ў паведамленьні «Белтэхэкспарту».

Санкцыі супраць «Белтэхэкспарту» былі ўведзеныя ў ліпені 2010 году на падставе апэратыўных зьвестак, якія сьведчылі пра супрацоўніцтва прадпрыемства з уладамі Ірану, Сырыі і Паўночнай Карэі. У траўні 2011-га за парушэньне «Акту аб нераспаўсюджаньні» абмежаваньні на дзейнасьць былі працягнутыя. Цягам усяго гэтага часу нанятыя «Белтэхэкспартам» амэрыканскія і эўрапейскія юрысты намагаліся давесьці законнасьць камэрцыйнай дзейнасьці дзяржаўнай кампаніі. Двухгадовыя высілкі скончыліся пасьпяхова дл беларускага прадпрыемства.

Скасаваньне санкцыяў хутчэй за ўсё зьвязанае з абяцаньнем беларускіх уладаў увесьці больш жорсткі кантроль за экспартам зброі. Пра гэта сьведчыць тое, што неўзабаве пасьля паездкі прадстаўнікоў «Белтэхэкспарту» ў Вашынгтон Аляксандар Лукашэнка сваім указам увёў інстытут спэцэкспартэраў зброі, пералік якіх быў пашыраны. Апроч «Белтэхэкспарту», на міжнародны рынак выйшлі і два іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы — «Белзьнешпрамсэвіс» і «Белспэцзьнештэхніка». Тым ня меней кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч не хавае зьдзіўленьня ад рэакцыі Вашынгтону што да «Белтэхэкспарту»:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Я памятаю ўсе шматлікія ранейшыя скандалы, у якіх быў замешаны „Белтэхэкспарт“. Адзінае — можа, цяпер яны проста спынілі сваю сумнеўную дзейнасьць, сапраўды зрабілі яе больш празрыстай. Нешта сказаць цяжка. Але, шчыра кажучы, я крыху зьдзіўлены, бо Дзярждэп заўсёды быў пасьлядоўны ў такіх рэчах. Я яшчэ магу ўявіць, калі ў Эўропе праз пэўнае лабіраваньне могуць такія санкцыі пераглядаць. Але ў Дзярждэпа стаўленьне досыць адназначнае да пытаньняў і санкцыяў, і правоў чалавека ўвогуле, і, скажам так, не зусім празрыстых бізнэс-апэрацыяў. Мабыць, нешта на сваю карысьць усё ж удалося выкласьці».

Пасьля абвяшчэньня санкцыяў супраць некаторых «кашалькоў рэжыму» алігарх Уладзімер Пефціеў фармальна выйшаў са складу кіраўнікоў «Белтэхэкспарту», прадаўшы сваю долю расейскаму бізнэсоўцу Дзьмітрыю Гурыновічу, і, такім чынам, нібыта страціў свае пазыцыі ў збройным гандлі. Праўда, некаторых экспэртаў зьдзелка зьдзівіла адпачатку — у свой час Гурыновіч працаваў у сыстэме «Белтэхэкспарту» і быў падначаленым Пефціева. Ці мог намінальны адыход Пефціева ад справы паслужыць адным з аргумэнтаў на карысьць таго, каб зьмякчыць стаўленьне да прадпрыемства? Меркаваньне выказвае Ўладзімер Мацкевіч:

«У дадзеным выпадку санкцыі ўводзяцца ня супраць асобы, бо ранейшыя абмежаваньні супраць канкрэтна Пефціева — гэта асобная рэч, якая тычылася забароны на ўезд, на выезд, на банкаўскія рахункі і г.д. Трэба разумець, што былі санкцыі супраць кампаніі, бо „Белтэхэкспарт“ — гэта ня проста кампанія Пефціева. Цалкам відавочна, што тут і дзяржаўныя інтарэсы вельмі моцныя, бо, думаю, там шмат папросту падстаўных акцыянэраў. Таму, мяркую, гэта ня можа быць толькі з-за Пефціева».

Нягледзячы на рашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША, у дачыненьні да «Бэлтэхэкспарту» па-ранейшаму дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу. Як лічыць бізнэсовец Валеры Кругавы, які цяпер жыве і працуе ў Польшчы, нават у тым выпадку, калі Эўропа сьледам за Амэрыкай адменіць абмежаваньні, іміджавых стратаў гэта ўжо не кампэнсуе:

Валеры Кругавы

Валеры Кругавы

«Увогуле, гэта не рэальныя санкцыі, бо ніхто ня можа забараніць прыватным фірмам у Эўразьвязе заключаць кантракты з кампаніямі таго ж Пефціева. Няма такой забароны. Калі нейкая камэрцыйная фірма жадае працаваць зь фірмамі, якія трапілі ў „чорны сьпіс“, то яна, зразумела, нідзе і ніколі ня будзе ўдзельнічаць у дзяржаўных тэндэрах. То бок нармальная, сур’ёзная фірма не захоча сьвяціцца адпачатку. Таму тут, хутчэй за ўсё, удар па іміджы, а рэальных эканамічных наступстваў для такіх прадпрыемстваў няма. Гэтыя санкцыі такім таварышам, як Пефціеў ці Чыж, увогуле няма сэнсу абмінаць. Таму што іх як такіх і няма. Зь іншага боку, яны сябе заўсёды ставілі і ставяць прадпрымальнікамі міжнароднага маштабу. Пра перамовы з тымі ж літоўскімі ці польскімі інвэстарамі ніхто нідзе не паведамляе і ня ведае. Але ўзровень іх бізнэсу, безумоўна, прадугледжвае, што такія кантакты ёсьць, плянуюцца і будуць. Дык вось пра такія кантакты яны могуць забыцца. Як міжнародныя бізнэсоўцы яны ўжо, мякка кажучы, зьдзьмуліся. Цяпер гэта проста буйныя, сярэднія, якія хочаце, але беларускія бізнэсоўцы. Іхняга міжнароднага статусу ўжо няма».

Блізкі да ўладаў алігарх Уладзімер Пефціеў унесены ў чорны сьпіс неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў і спонсараў рэжыму, а супраць шэрагу ягоных кампаніяў уведзеныя эканамічныя санкцыі. Спробы аспрэчыць абмежаваньні на камэрцыйную дзейнасьць праз Эўрапейскі суд плёну пакуль не далі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG