Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новыя санкцыі супраць беларускіх кампаніяў за ваенныя пастаўкі


Джон Керы, дзяржаўны сакратар ЗША

Джон Керы, дзяржаўны сакратар ЗША

Шэрагу беларускіх прадпрыемстваў інкрымінуецца парушэньне палажэньняў амэрыканскага закону аб нераспаўсюджваньні зброі масавага зьнішчэньня

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць шэрагу юрыдычных і фізычных асобаў у Беларусі, Кітаі, Вэнэсуэле, Іране, Сырыі і Судане. Як паведамляе ІТАР-ТАСС, фігурантам сьпісу інкрымінуецца парушэньне палажэньняў амэрыканскага закону аб нераспаўсюджваньні зброі масавага зьнішчэньня ў дачыненьні да Ірану, Паўночнай Карэі і Сырыі.

Як паведамляе дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, санкцыі прымяняюцца ў дачыненьні да дзьвюх арганізацыяў — кампаніі «ТМ Сэрвісыз» (TMS) і кіроўнай кампаніі хольдынгу радыёлякацыйных сыстэмаў (КБ «Радар») і іх яго даччыных кампаніяў.

Паводле інфармацыі Народная Воля, «ТМ-сэрвісыз» праходзіць як кампанія, якая займаецца навуковымі распрацоўкамі ў сфэры бясьпекі. У 2011 годзе яна ўжо зьяўлялася ў чорных сьпісах ЗША. Тады прагучала інфармацыя, што беларускі бізнэсмэн па імені Юры Чарняўскі паспрабаваў здабыць тэхналёгіі для сваёй кампаніі TM Services ў расейскай фірмы Optolink з мэтай іх наступнага продажу Ірану, паведамляе

Кіроўнай кампаніяй хольдынгу «Сыстэмы радыёлякацыі» зьяўляецца ААТ «КБ Радар». Аднак апроч яго ў хольдынг уваходзяць ААТ «Алевкурп» і ААТ «Волат».

Паводле інфармацыі газэты Народная Воля, «Волат» — гэта плятформы ваеннага прызначэньня вытворчасьці Менскага заводу колавых цягачоў. ААТ «Алевкурп» — прадпрыемства абароннага сэктару, якое спэцыялізуецца на распрацоўцы і мадэрнізацыі радыёлякацыйных сыстэмаў і сыстэмаў кіраваньня зброяй. Ці будуць распаўсюджвацца санкцыі на іх, пакуль гаворыцца.

Сусьветная мапа санкцыяў Ураду ЗША, 2010 год

Сусьветная мапа санкцыяў Ураду ЗША, 2010 год

Разам зь беларускімі кампаніямі ў «чорны сьпіс» унесеныя 5 фізычных і юрыдычных асобаў з КНР; тры з Ірану: дзьве — з Судану, Дзяржаўная ваенна-прамысловая кампанія Вэнэсуэлы; Бюро забесьпячэньня арміі Сырыі. Як і ў выпадку зь Беларусьсю, санкцыі распаўсюджваюцца і на іх даччыныя арганізацыі.

Паводле заключэньня амэрыканскіх уладаў, дзеяньні дадзеных кампаніяў і грамадзянаў патэнцыйна былі здольныя нанесьці «матэрыяльны ўнёсак у распрацоўку зброі масавага зьнішчэньня або крылатых і балістычных ракетаў».

Ужытыя санкцыі азначаюць, што ўраду ЗША забаронена заключаць кантракты з мэтай набыцьця тавараў, паслугаў і тэхналёгіяў ва ўключаных у «чорны сьпіс» юрыдычных і фізычных асобаў, аказваць ім садзейнічаньне. Акрамя таго, дадзеныя юрыдычныя і фізычныя асобы ня могуць з гэтага часу набываць у ЗША зброю і ваенную тэхніку, паслугі па іх абслугоўваньні і іншыя тавары, продаж якіх за мяжу рэгулюецца амэрыканскімі правіламі экспартнага кантролю.

Рашэньне аб прымяненьні санкцыяў было прынята 20 сьнежня мінулага году. У сілу яно ўступіла 5 лютага. Адпаведнае распараджэньне падпісаў выканаўца абавязкаў памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па міжнароднай бясьпецы і нераспаўсюджваньні Сайман Лімадж. Тэрмін дзеяньня санкцыяў — два гады. Датэрмінова яны могуць быць адмененыя па рашэньні дзяржаўнага сакратара ЗША Джона Керы.


Гісторыя санкцыяў Эўразьвязу і ЗША


Першыя санкцыі Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў у «Драздах».

У адказ на дзеяньні беларускіх уладаў краіны Заходняй Эўропы і ЗША склалі сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю.

У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага.

Тады ў сьпіс трапілі чатыры прадстаўнікі сілавых структур: Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка.

У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юрый Падабед.

У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Да канца году «чорны сьпіс» вырас да 41 чалавека за кошт судзьдзяў і пракурораў, якія судзілі Аляксандра Казуліна.

У канцы 2008 году, пасьля пачатку лібэралізацыі і вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, Эўразьвяз і ЗША ўпершыню прыпынілі на паўгода дзеяньне санкцыяў адносна 36 чыноўнікаў. Пазьней санкцыі да 2011 году рэгулярна аднаўляліся і адразу ж замарожваліся. Дзеяньне санкцыяў супраць Уладзімера Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі не прыпынялася ніколі.

Эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 году супраць двух прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім». У красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у ягоны склад. За два наступныя гады таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША зьменшыўся ў чатыры разы.

Лібэралізацыя 2008 году таксама паспрыяла замарожваньню санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» — ААТ «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» да канца траўня 2011 году. Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім», заставаліся ў сіле з-за адсутнасьці прагрэсу ў пытаньнях правоў чалавека і з-за няспынных абмежаваньняў асноўных свабодаў у краіне.

У жніўні 2010 году Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал, — ЗАТ «Онэрбанк» і «Банк гандлёвы капітал» (кароткая назва — «ГК Банк»). Санкцыі былі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай.

Пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году і разгону Плошчы, у студзені 2011 году Эўразьвяз аднавіў прыпыненыя ў 2008 годзе візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх функцыянэраў і дадаў у чорны сьпіс новых асоб. Санкцыі закранулі 158 прадстаўнікоў рэжыму ўлучна з прэзыдэнтам Лукашэнкам і двума ягонымі сынамі. Замарожаныя таксама банкаўскія актывы гэтых асобаў.

У рашэньні Рады Эўразьвязу зазначалася: «Гэтыя абмежаваньні і сьпіс ахопленых імі асобаў будуць адкрытыя і ўвесь час будуць пераглядацца. Рада ЭЗ падкрэсьлівае, што ў гэтым сэнсе ключавое значэньне будзе мець тое, ці будуць вызваленыя і ўсе, хто затрыманы з палітычных прычынаў, і ці будуць зь іх зьнятыя ўсе абвінавачаньні».

31 студзеня 2011 году Злучаныя Штаты ўсьлед за аналягічным крокам Эўразьвязу таксама ўвялі свае санкцыі супраць Беларусі ў зьвязку з разгонам акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Амэрыканскія санкцыі прадугледжвалі пашырэньне колькасьці беларускіх урадоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя і фінансавыя абмежаваньні, і аднаўленьне мараторыю на дзелавое супрацоўніцтва зь дзьвюма філіямі канцэрну «Белнафтахім».

11 лютага 2011 году набылі моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Лідзкая лякафарба» і ААТ «Полацак-Шкловалакно».

У траўні 2011 году Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла пашырэньне санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Колькасьць неўязных у Эўразьвяз службоўцаў рэжыму Лукашэнкі вырасла на 13 і дасягнула 189.

У сакавіку 2011 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрну «Беларуснафта» — за яго дзейнасьць у Іране.

У жніўні таго ж году Міністэрства фінансаў ЗША выдалі загад аб увядзеньні эканамічных санкцыяў супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў — «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-Хімвалакно» і «Нафтан». Грамадзянам ЗША былі забароненыя любыя камэрцыйныя зьдзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваліся.

Офіс прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША тады выступіў з камэнтаром пра новыя эканамічныя санкцыі Вашынгтону супраць афіцыйнага Менску: «Мы працягваем заклікаць урад Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Санкцыі ЗША не накіраваныя супраць беларускага народу. Узмацненьне падтрымкі народу Беларусі ў дзейнасьці, накіраванай на пабудову сучаснага, дэмакратычнага і квітучага грамадзтва, заўсёды было неад’емным кампанэнтам палітыкі ЗША».

У траўні 2011 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаніяў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».

У чэрвені 2011 году да эканамічных санкцыяў перайшоў і Эўразьвяз.

20 чэрвеня Рада Эўразьвязу ўхваліла новыя абмежавальныя захады супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Пад эканамічныя санкцыі трапілі тры фірмы, якія кантралюе бізнэсовец Уладзімер Пефціеў: кампанія «Белтэхэкспарт», што займаецца продажам зброі, апэратар лятарэй «Спорт-пары» і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «БТ Тэлекамунікацыі». Апрача таго, быў зацьверджаны сьпіс забароненых на продаж у Беларусь тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў — узбраеньні, паліцэйская амуніцыя, спэцмашыны, выбухоўка, прыборы начнога бачаньня і іншае.

23 сакавіка санкцыі Эўразьвязу пашырыліся, ахапіўшы яшчэ 29 кампаній, якія належаць алігархам Уладзімеру Пефціеву, Анатолю Тарнаўскаму і Юрыю Чыжу, і 12 асобаў — судзьдзяў, пракурораў, бізнэсоўцаў, якія, паводле ЭЗ, адказныя за парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама падтрымліваюць уладу Лукашэнкі або зьяўляюцца яе бэнэфіцыярамі.

У высновах Рады ў справе Беларусі ад 23 сакавіка гаварылася: «Дзеля таго што палітычныя зьняволеныя дагэтуль ня вызваленыя і не рэабілітаваныя, і на фоне далейшага пагаршэньня сытуацыі, Рада вырашыла вызначыць дадатковы сьпіс асобаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, да якіх будуць ужытыя візавыя абмежаваньні і замарожваньне ўкладаў. Рада таксама вырашыла ўключыць у сьпіс бізнэсоўцаў і кампаніі, якія маюць прыбытак дзякуючы рэжыму або падтрымліваюць яго. Было дамоўлена, што сьпіс будзе пашырацца на наступных паседжаньнях Рады, пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя. Сьпіс асобаў і фірмаў, да якіх ужываюцца абмежавальныя захады Эўразьвязу, застаецца адкрыты і будзе ўвесь час пераглядацца».

На сёньня эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць супраць 32 кампаніяў, якія належаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму, і 227 асоб (на чале з Лукашэнкам), якім забаронена выдаваць эўрапейскія візы і чые актывы на тэрыторыі Эўразьвяўзу павіны быць замарожаныя.

Пэрсанальныя візавыя і маёмасныя санкцыі ЗША супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў дзейнічаюць з 16 чэрвеня 2006 году, тады пад іх падпалі 10 чалавек на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты сьпіс пашыраўся паралельна з эўрапейскім сьпісам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG