Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША: Санкцыі да Беларусі не парушаюць Будапэшцкі мэмарандум


З такой заявай сёньня выступіла амбасада ЗША ў Менску.

«Неаднаразовыя сьцьвярджэньні ўраду Беларусі аб тым, што санкцыі ЗША парушаюць Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі 1994 году, зьяўляюцца неабгрунтаванымі.

Хоць мэмарандум і ня мае прамой юрыдычнай сілы, мы сур’ёзна падыходзім да сваіх палітычных абавязаньняў перад Беларусьсю і лічым, што ўведзеныя ЗША санкцыі — ці то ў сувязі з сытуацыяй з правамі чалавека, ці ў сувязі з заклапочанасьцю пытаньнямі нераспаўсюджваньня — не падрываюць нашых абавязаньняў і не ідуць насуперак ім. Наадварот, санкцыі накіраваныя на тое, каб забясьпечыць у Беларусі захаваньне правоў чалавека, а таксама на барацьбу з распаўсюджваньнем зброі масавага зьнішчэньня і іншай незаконнай дзейнасьцю, а не на атрыманьне якіх-колечы пераваг для Злучаных Штатаў», — гаворыцца ў заяве амбасады.

Эканамічныя санкцыі ЗША ў дачыненьні да «Белнафтахіма» былі ўведзеныя ў лістападзе 2007 году ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Пазьней былі ўведзеныя санкцыі супраць прадпрыемстваў «БелОМА», «Белтэхэкспарт», «Белзьнешпрамсэрвіс».

Будапэшцкі мэмарандум падпісалі ў сьнежні 1994 году кіраўнікі Беларусі, Вялікабрытаніі, Расеі і ЗША. Згодна з артыкулам 3 дакумэнту названыя краіны ў сувязі з добраахвотнай адмовай Беларусі ад статусу ядзернай дзяржавы абавязаліся «ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, уласьцівых яе сувэрэнітэту, і такім чынам забясьпечыць сабе перавагу любога роду».

У сьнежні 2012 году ў МЗС Беларусі былі запрошаныя прадстаўнікі амбасадаў Вялікабрытаніі і ЗША. Ім заявілі, што, увёўшы аднабаковыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі, іх краіны парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG