Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Класкоўскай: «Швэцыя Вользе не дапамагла»


Сябра Вольгі Класкоўскай Алесь Ліцьвінчык, былы сустаршыня Саюзу беларусаў Швэцыі, спрабаваў у сераду пабачыць яе ў турме. Ён адказаў на пытаньні Свабоды.

На жаль,пабачыць яе ў сераду не атрымалася — пакуль ідзе расьсьледаваньне, бліжэйшыя два тыдні ёй забаронена мець любы кантакт, акрамя адвакатаў. Мне ўдалося толькі перадаць ёй грошы, бо дапамога ў турме вельмі малая, каля 10 даляраў на тыдзень.

Вельмі заблытаная гісторыя. Цяжка атрымаць дакладную інфармацыю. Высьвятляецца, што ўсё ж Вольга была ўзноўленая ва ўсіх правах на меншага сына Адэма, што яны апошні тыдзень жылі разам у кватэры з мужам, што яны яшчэ не разьведзеныя. Мы ня можам быць упэўненыя, якая інфармацыя праўдзівая. Чаму так адбываецца?

Бо сытуацыя насамрэч вельмі заблытаная: праходзіла шмат розных судоў па апецы над дзіцем, па разводзе, наконт міграцыйнага статусу Вольгі... Яна не адзін раз з мужам разыходзілася, і таму сытуацыя кожны раз паўтаралася, і зноў паўтараліся праблемы.

Я з Вольгай кантактаваў апошні год амаль кожны дзень, я ведаю дакладна, што камуна прыгарада Стакгольму Хандэн, якая ініцыявала ўзбуджэньне справы аб абмежаваньні Вольгі ў мацярынскіх правах, адклікала ўсе свае абвінавачаньні за поўнай недаказанасьцю. Таму нават не было суду. І Вольга мела роўныя са сваім мужам правы апекі над дзіцем, бо яны яшчэ не разьведзеныя. Але Вольга ня мела ніякага доступу да сына, муж памяняў замкі ў кватэры, і Вольга сама мне шмат разоў тэлефанавала і казала: «Зараз я стаю каля кватэры мужа, ён не пушчае — я бачу, ужо едзе паліцыя», — пасьля гэтага клала слухаўку, паліцыя прыяжджала і адвозіла Вольгу. Гэтаму сьведка і Міраслава — яна два разы зь ёй была, калі яны хацелі пабачыць дзіцёнка.

Вольга ў онлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода дала сабе характарыстыку: «Я чалавек, які прыцягвае непрыемнасьці». І Аляксандар Класкоўскі, яе бацька, сёньня сказаў, што гэта чыста чалавечая драма, але так атрымалася, што яна атрымала палітычны складнік, і Вольга ў сваіх блогах абвінавачвала швэдзкую сыстэму ва ўсім тым, што адбылося. Вы, як чалавек, які жыве доўгі час у Швэцыі, ці вы згодныя з гэтымі абвінавачаньнямі?

Ведаеце, гэта вельмі цяжкая гісторыя. Для швэдзкіх уладаў Адэм — швэдзкі грамадзянін. Але ён таксама і беларускі грамадзянін. Таксама Вольга рабіла ня ўсё, што ад яе патрабавала швэдзкая дзяржава. Таму цалкам усе абвінавачаньні, што былі супраць швэдзкай дзяржавы — ёсьць у іх свая праўда. Тыя рэчы, што Вольга абвінаваціла свайго мужа, што ён яе біў. Мужа забралі на два тыдні, але потым зноў адпусьцілі з турмы. Гэта зрабіла заканадаўства. Вольга мела права жыць у кватэры мужа, але швэдзкая дзяржава не дапамагла, а рабіла ўсё супраць гэтага. Швэцыя павінна была гарантаваць, каб дзіцё было з маці, аднак нічога для гэтага не рабіла: колькі Вольга не спрабавала дабіцца сустрэчы з сынам, а дзяржава ні ў чым не дапамагла. У гэтым ёсьць доля праўды.

Як вы мяркуеце, ці ёсьць рэальная магчымасьць нечым ёй дапамагчы?

Зараз мы можам ёй дапамагчы псыхалягічна. У Вольгі цяжкі псыхічны стан. Яна ня бачыць сваіх дзяцей, ня ведае, што зь імі, ёй зараз вельмі цяжка. Проста калі мы падтрымаем Вольгу, калі ня будзем у чатах і блогах пісаць непацьверджаныя плёткі, трэба аднесьціся да гэтай справы вельмі акуратна. Гэта чалавечая праблема. Палітызаванай справа аказалася таму, што тут няма беларускай амбасады ў Швэцыі. Калі б была амбасада, такой сытуацыі, мажліва, не здарылася б. Было б больш дапамогі. Таму гэта атрымала палітычную афарбоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG