Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы «злодзей у законе», які прасіў палітычнага прытулку ў Расеі


Дзьмітры Галееў (Галей) скардзіўся на жорсткае абыходжаньне ў беларускіх турмах і прасіў палітычнага прытулку ў Расеі. Дайшоў нават да Страсбурскага суду.

Дзьмітрыя Галеева затрымалі адразу пасьля пасадкі ў самалёт, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. МУС дадае, што беларуса дэпартавалі з адной з заходнеэўрапейскіх краінаў за парушэньне міграцыйнага заканадаўства.

Беларуская міліцыя абвясьціла Галея ў міжнародны вышук яшчэ ў 2005 годзе, бо двума гадамі раней абвінаваціла яго ў вымагальніцтве ў складзе злачыннай групы. Нібыта Галей разам з 4 падзельнікамі вымагаў 18 тысяч даляраў ад жыхара Жодзіна. Трох удзельнікаў вымагальніцтва затрымалі і асудзілі. А Галееву і Віталю Пухнарэвічу ўдалося ўцячы.

Галей нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Станькава. У 1993-м быў асуджаны за хуліганства і падробку дакумэнтаў. Паведамляецца, што «каранавала» Галея ў 1998 годзе група расейскіх «злодзеяў у законе», а беларускія «злодзеі» такую каранацыю ігнаравалі. Пэўны час Галей кантраляваў Жодзіна. З 2004 году перабраўся ў Расею і доўгі час змагаўся за расейскае грамадзянства. Аднак ад расейскай турмы гэта яго не ўратавала.

Ён так не хацеў трапіць у беларускую турму, што скардзіўся на беларускіх праваахоўнікаў і заяўляў, што зь ім жорстка абыходзіліся ў беларускай турме. На гэтай падставе папрасіў палітычнага прытулку ў Расеі. 13 жніўня 2009 году Генэральны пракурор Беларусі нават накіраваў ліст генэральнаму пракурору Расеі, дзе пісаў, што ў выпадку экстрадыцыі Галею гарантаваная бясьпека і справядлівы суд.

Галееў падаў скаргу ў Эўрапейскі суд, сьцьвярджаючы, што яго экстрадыцыя ў Беларусь — гэта парушэньне арт. 3 Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека: «Ніхто не павінен зазнаваць ані катаваньні, ані бесчалавечнае ці прыніжальнае годнасьць абыходжаньне ці пакараньне».

Атрымаць камэнтар ад беларускіх праваахоўных органаў з гэтай нагоды пакуль не ўдалося.

Раней у гэтым месяцы беларускія і расейскія праваахоўныя органы ўжо арыштавалі чатырох новакаранаваных «злодзеяў» — Алега Герасімовіча (Муму), Аляксандра Мядзьведзева (Мядзьведзік Гомельскі), Паўла Алексіевіча (Пашцет Мінскі) і Руслана Лебедзева (Лебедзь Барысаўскі).

Судзіць іх будуць у Расеі. Ад Беларусі патрабаваньняў пра дэпартацыю гэтых асобаў не паступала. Аднак саму апэрацыю расейскія і беларускія праваахоўныя органы ажыцьцяўлялі сумесна.

Таксама вядома, што самы «ўплывовы» беларускі злодзей у законе Саша Кушнер па мянушцы «Беларус» асуджаны на два гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Кушнера затрымалі ў Маскве, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь.

Такая надзвычайная актыўнасьць праваахоўных органаў што да «злодзеяў у законе» нагадвае падзеі сярэдзіны 90-х.

Тады барацьба з крымінальнымі «аўтарытэтамі» ў Беларусі вялася, безь перабольшваньня, на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. Пасьля забойства ў 1997 годзе старшыні дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці Яўгена Мікалуцкага прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка асабіста абвясьціў вайну крымінальнаму сьвету. Адзін за адным хутка пазьнікалі лідэры крымінальнага асяродзьдзя.

Неўзабаве пасьля забойства Мікалуцкага зьнік Уладзімер Клешч па мянушцы Шчаўлік, якога называлі адным з галоўных «крымінальных аўтарытэтаў».

«Я іх усіх папярэдзіў: ня дай божа вы недзе створыце абстаноўку крымінальную — я вам галовы паадрываю, — казаў пазьней Аляксандар Лукашэнка. — Памятаеце вы гэтых шчаўлікаў і іншых? І дзе яны цяпер?»

Зьнікненьні беларускіх крымінальных аўтарытэтаў пры канцы 90-х адбываліся ў абставінах, якія вельмі нагадваюць пазьнейшыя зьнікненьні палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG