Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская ўлада распачала новую вайну супраць «злодзеяў у законе»


Фота Shutterstock
Фота Shutterstock

Алег Муму (Слуцкі) затрыманы Аршанскім гарадзкім судом. 39-гадовага «злодзея ў законе» Алега Герасімовіча ўзялі пад варту за «хуліганку» — нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы.

Пра гэта паведамляе рэсурс «Прайм крайм».

Аршанскі гарадзкі суд пакуль гэтую інфармацыю не пацьвярджае — маўляў, зашмат справаў і няма калі шукаць у іх «вашага» Герасімовіча.

Між тым цяпер пад вартай ужо знаходзяцца большая частка вядомых «злодзеяў у законе» беларускага паходжаньня.

Герасімовіч адзін зь сямі нядаўна «каранаваных» на сходцы ў Дубаі злодзеяў. Яшчэ трое ягоных «калег» былі затрыманыя ў Расеі нібыта за наркотыкі — гэта Аляксандар Мядзьведзеў (Мядзьведзік Гомельскі), Павал Алексіевіч (Пашцет Мінскі) і Руслан Лебедзеў (Лебедзь Барысаўскі). Паводле расейскага інфармацыйнага агенцтва «Прайм крайм», блізкія да крымінальных колаў крыніцы сьцвярджаюць, што ніякіх наркотыкаў яны не ўжывалі.

Судзіць іх будуць у Расеі, ад Беларусі запатрабаваньняў пра дэпартацыю гэтых асобаў не паступала, аднак саму апэрацыю расейскія і беларускія праваахоўныя органы ажыцьцяўлялі сумесна.

Таксама вядома, што самы «ўплывовы» беларускі злодзей у законе Саша Кушнер па мянушцы «Беларус» асуджаны на два гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Кушнера затрымалі ў Маскве, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь.

Такая надзвычайная актыўнасьць праваахоўных органаў што да «злодзеяў у законе» нагадвае падзеі сярэдзіны 90-х.

Тады барацьба з крымінальнымі «аўтарытэтамі» ў Беларусі вялася, безь перабольшваньня, на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. Пасьля забойства ў 1997 годзе старшыні дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці Яўгена Мікалуцкага прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка асабіста абвясьціў вайну крымінальнаму сьвету. Адзін за адным хутка пазьнікалі лідэры крымінальнага асяродзьдзя.

Неўзабаве пасьля забойства Мікалуцкага зьнік Уладзімер Клешч па мянушцы Шчаўлік, якога называлі адным з галоўных «крымінальных аўтарытэтаў».

«Я іх усіх папярэдзіў: ня дай божа вы недзе створыце абстаноўку крымінальную — я вам галовы паадрываю, — казаў пазьней Аляксандар Лукашэнка. — Памятаеце вы гэтых шчаўлікаў і іншых? І дзе яны цяпер?»

Зьнікненьні беларускіх крымінальных аўтарытэтаў пры канцы 90-х адбываліся ў абставінах, якія вельмі нагадваюць пазьнейшыя зьнікненьні палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG