Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзік Гомельскі пойдзе за Пашцетам і Лебедзем


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Маскве затрымалі «Мядзьведзіка Гомельскага». Афіцыйная падстава затрыманьня беларускага «злодзея ў законе» Аляксандра Мядзьведзева — захоўваньне наркотыкаў. Нібыта пры ім было каля 15 грамаў гашышу.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіла Радыё Свабода прэс-служба галоўнага ўпраўленьня МУС Расеі па Цэнтральнай фэдэральнай акрузе.

Аляксандру Мядзьведзеву, па мянушцы «Мядзьведзік Гомельскі», 43 гады. Апэрацыя па ягоным затрыманьні адбывалася нібыта ў супрацоўніцтве зь беларускімі праваахоўнымі органамі.

У студзені беларускія праваахоўнікі ўжо паведамлялі пра пасьпяховую сумесную апэрацыю па затрыманьні 13 беларускіх крымінальнікаў. За «наркотыкі» затрыманыя і два іншыя злодзеі ў законе зь Беларусі – Павал Алексіевіч (Пашцет Мінскі) і Руслан Лебедзеў (Лебедзь Барысаўскі).

Судзіць іх будуць у Расеі, і сядзець яны таксама будуць у суседзяў. Запыту наконт іх дэпартацыі зь Беларусі не паступала, хоць ва ўсіх іх беларускія пашпарты. Лебедзеву яшчэ дадалі ў абвінавачаньне падробку дакумэнтаў. Яго затрымалі з фальшывым расейскім пашпартам на імя Сініцына Руслана Іванавіча.

Таксама сёньня стала вядома, што самы «ўплывовы» беларускі злодзей у законе Саша Кушнер па мянушцы «Беларус» асуджаны на два гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Кушнера затрымалі ў Маскве, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь.

Усе тры злодзеі ў законе належаць да клану Тарыела Аніяні, які варагаваў з кланам забітага нядаўна «аўтарытэта» Аслана Ўсаяна. Яны былі «каранаваныя» зусім нядаўна — у сьнежні на сходцы ў Дубаі.
XS
SM
MD
LG