Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя актывісты ў некалькіх месцах акадэмічнага гарадка раздавалі паштоўкі да Дня Волі.

25 сакавіка многія студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе некалі вучыўся Аляксандар Лукашэнка, пачалі дзень зь віншаваньняў. Мясцовыя актывісты ў некалькіх месцах акадэмічнага гарадка раздавалі паштоўкі да Дня Волі. Многія студэнты пра гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі даведваліся ўпершыню зь невялікага тэксту ў паштоўцы.

Сваю віншавальную акцыю актывісты распачалі а палове на восьмую раніцы, калі студэнты ішлі на заняткі. Мала хто з навучэнцаў адмаўляўся ад паштовак. Некаторыя тут жа іх чыталі, некаторыя хавалі ў кішэні. Акцыя доўжылася меней за гадзіну. Адна з удзельніц Яніна адзначае:

«Спадабалася тое, што некаторыя людзі гэтыя паштоўкі з усьмешкай бралі. Не падабалася тое, што некаторыя казалі: „Ай, нам гэта не патрэбна!“ Некаторыя, наадварот, віншавалі й мяне, але такіх мала было».

У тых студэнтаў хто не адмовіўся ад паштовак, пытаюся: «Чаму гэты дзень называецца Днём Волі?»

— Беларускі народ атрымаў сваю свабоду. У яго зьявілася свая воля. Адсюль і Дзень Волі.

— Утварылася чыста беларуская дзяржава. Яна стала належаць толькі сабе.

— Ад 1918 году лічымся Рэспублікай Беларусь. Пачалася гісторыя сувэрэннай дзяржавы Беларусь. Да гэтага мы былі падзеленыя на губэрні. Частка Беларусі была занятая Польшчай, а частка Расеяй. Ад гэтага году мы аб’ядналіся.

— У гэты год Беларусь утварылася. Тады быў закладзены сэнс Беларусі нашай.

— Беларусь, калі атрымала сувэрэнітэт, то заявіла пра гэта на ўсю Эўропу. Гэта быў дужа важны крок. Тады атрымаць незалежнасьць было вельмі цяжка. Мы павінны захоўваць памяць пра нашых продкаў і памятаць гэтую дату.

Карэспандэнт: «25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці чулі што пра гэта?»

— На жаль, у мяне цяпер галава іншым занятая. Нічога такога ня чуў.

— Без паняцьця!

Карэспандэнт: «Будучым аграрнікам не патрэбная гісторыя, знакавыя падзеі?»

— Напэўна, ня трэба. Я пра гэта нічога ня чуў.

— Што па гісторыі праходзілі, тое і чуў.

Карэспандэнт: «Што праходзілі па гісторыі?»

— Відаць, вы не таго спыталі!

— Гісторыю вывучалі. Праходзілі, але з часам усё забываецца.

Яшчэ адна ўдзельніца акцыі, спадарыня Лілія, адзначае рэакцыю студэнтаў на віншаваньні:

«Дзякавалі і пыталіся, вядома: „Што за сьвята такое?“ Вельмі прыемна было казаць, што гэта наш Дзень Волі. Мы традыцыйна на гэтым месцы раздаём. Некаторыя мо й ведаюць, а некаторыя і ўпершыню даведаліся».

Ужо калі акцыя скончылася, да распаўсюднікаў падышоў малады чалавек з паштоўкаю. Падзякаваў. Я запытаўся: калі б не было абвяшчэньня незалежнасьці БНР, што было б зь беларусамі?

«Можа б і не было сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Можа б мы дагэтуль былі Паўночна-Заходнім краем…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG