Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды за Дзень Волі — арышты і штрафы

абноўлена

Грамадзяне Ўкраіны на шэсьці 24 сакавіка
Грамадзяне Ўкраіны на шэсьці 24 сакавіка

Суд Савецкага раёну Менску пакараў штрафамі й арыштамі дзевяцярых удзельнікаў вулічнай акцыі ў гонар 95-х угодкаў БНР.

Шэсьць грамадзян Беларусі атрымалі штрафы ад 25 да 40 базавых велічыняў. Адзін зь іх — Віталь Станішэўскі — асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Апошняе рашэньне адносна Алега Рагоўскага — 30 базавых велічыняў — суд вынес а 21:00 вечара. Сярод асуджаных трое грамадзян Украіны: няпоўнагадовы Назар Зелянкоўскі атрымаў паяпрэджаньне, Юлія Грышчук і Юлія Сільвінская — суткі арышту. Як і грамадзяне Беларусі, яны былі зьвінавачаныя ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Наўпроставы лінк


Няпоўнагадовы Назар Зелінкоўскі атрымаў папярэджаньне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00
Наўпроставы лінк


21:00 Засудзілі апошняга затрыманага на Дзень Волі. Алег Рагоўскі атрымаў штраф 2 мільёна рублёў.

19:40 Юлію Сьлівінскую таксама пакаралі аднымі суткамі арышту, якія яна адбыла.

Заўтра грамадзян Украіны павінны дэпартаваць зь Беларусі,— паведамілі ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску.

18:45 Грамадзянка Ўкраіны Юлія Грышчук атрымала адні суткі арышту, якія яна ўжо адбыла. Дзяўчыну павінны адпусьціць. Побач зь ёю ўкраінскі консул.

Юлія Грышчук апавяла Свабодзе, што ўчора, калі пасьля мітынгу ўсе ўжо разыходзіліся, на прыпынку тралейбуса да ўкраінцаў падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і запатрабавалі пайсьці зь імі. Украінцы пагадзіліся і паехалі ў пастарунак. Але там, чамусьці, на іх склалі пратаколы па артыкуле аб непадпарадкаванні прадстаўнікам улады.

Юлія Грышчук называе гэта абвінавачваньне ілжывым:

«Нас папрасілі, сказалі: „Прайдзіце з намі, а то будзе горш“. Мы падпарадкаваліся. Судзіць жа нас за тое, што мы прыехалі і ўдзельнічалі ў мірнай акцыі, якая ня несла ніякай пагрозы, — гэта абсурд. У нас заўтра будзе разгляд справы аб дэпартацыі.

Хутчэй за ўсё, нас дэпартуюць з забаронай уезду ў Беларусь. Ня ведаю, на які тэрмін. Кажуць, што ад аднаго году да дзесяці».

18:40 Сяргей Мокіш — штраф 35 базавых велічыняў, Алег Асташонак — 40.

18:20 Аляксандар Кавалёў — штраф 40 базавых велічынь (4 мільёны рублёў).

Віталь Станішэўскі — 5 сутак арышту (паводле артыкулу 17.1 — дробнае хуліганства). Праваабаронцы зь «Вясны» мяркуюць, што такое пакараньне — за сьвяточны фаервэрк.

17:40 Антон Цімохаў пакараны штрафам у 25 базавых велічыняў (2,5 мільёна рублёў). Пачынаюць судзіць грамадзянак Украіны.

17:15 Першы прысуд — няпоўнагадоваму Назару Зеліноўскаму. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і вынесьлі папярэджаньне. Назар будзе знаходзіцца ў інспэкцыі па справах непаўнагадовых, пакуль па яго не прыедзе бацька.

Назар заявіў пасьля судовага рашэньня, што ягоны арышт быў несправядлівы, што ва Ўкраіне, каб чалавека затрымала міліцыя, трэба, каб ён сапраўды нешта істотнае зрабіў, а тут яго ўзялі ні за што.

«Я першы раз быў у Беларусі. Але не пабаюся сюды прыехаць яшчэ», — сказаў Назар.

16:20 Пачаліся судовыя працэсы, іх адначасова вядуць некалькі судзьдзяў у розных кабінэтах.

Судзяць таксама непаўнагадовага ўкраінца Назара Зеліноўскага. Ягоны працэс вядзе судзьдзя Дьмітрый Паўлючэнка, на працэсе прысутнічае сацыяльны пэдагог, чакаецца, што ў 19 гадзін з Украіны прыедзе бацька Назара. Адвакат папрасіў апраўдаць Назара з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

15:00 Зь беларускіх грамадзян суду чакаюць актывісты «Эўрапейскай Беларусі» Алег Рагоўскі і Аляксандар Кавалёў, а таксама Антон Цімохаў, Сяргей Мокіш, Алег Асташонак.

Пакуль затрыманыя разам з адвакатамі знаёмяцца з матэрыяламі справы. Ім інкрымінуецца непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (артыкул 23.4 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях), што караецца штрафам да 50 базавых велічынь альбо арыштам.

Сяргей Мокіш пасьпеў заявіць журналістам, што яго арыштавалі беспадстаўна, ён нічога не парушаў падчас сьвяткаваньня Дня Волі. Арыштаваныя дзяўчаты з украінскай арганізацыі «Нацыянальны альянс» сказалі, што пасьля сутак у турме на Акрэсьціна пачуваюць сябе нармальна. У суд прывезьлі і непаўналетняга ўкраінца Назара Зеліноўскага. Праваабаронцы не выключаюць, што яго таксама могуць судзіць.

14:37 На суд за Дзень Волі прыбыў украінскі консул

У нядзелю 8 чалавек было затрымана адразу пасьля таго, як мітынг скончыўся.

У міліцэйскім пастарунку на іх склалі пратаколы паводле адміністрацыйнага артыкулу «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі». Максымальнае пакараньне — 15 сутак.

Трое з затрыманых — грамадзяне Украіны, якія прадстаўляюць «Нацыянальны альянс». Гэта Юлія Грышчук, Юлія Сьлівінская і непаўнагадовы Назар Зеліноўскі.

Таксама суду чакае Антон Цімохаў і актывісты «Эўрапейскай Беларусі» Алег Рагоўскі і Мікіта Кавалёў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Падчас акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі таксама супрацоўніцу газеты «Наша ніва» Тацьцяну Гаўрыльчык, Дзьмітрыя Кавалгіна і Станіслава Рамановіча. Іх адпусьцілі пасьля разьбіральніцтва,
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG