Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня праўленьня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка ацэньвае верагоднасьць паўтарэньня крызісу ў беларускай эканоміцы як 50 на 50.

«Калі б мне гэтае пытаньне задалі ў студзені, то я б адказаў: 70 на 30 на карысьць разумнага сцэнару... Гэта цьвярозы аналіз, не панікёрства», — цытуе Віктара Бабарыку Інтэрфакс.

Бабарыка растлумачыў, што яго асьцярогі народжаныя рыторыкай беларускіх уладаў пра неабходнасьць стымуляваньня эканомікі, у тым ліку за кошт зьніжэньня працэнтных ставак. Такія гаворкі апошнім часам узмацняюцца:

«У апошні час разгарнулася дыскусія і ў прэсе, і паміж рэгулятарамі, і на самым высокім узроўні: ці не пара нам стымуляваць разьвіцьцё, у тым ліку зьніжаючы працэнтныя стаўкі, ці не пара нам зноў „адабраць і падзяліць“? Я даю вельмі асьцярожны прагноз. Калі пераможа рацыянальнае зьвяно (ва ўладных структурах), гэта значыць — меры стымуляваньня будуць жорстка прывязаныя да мэтаў эфэктыўнасьці, то адносная стабільнасьць захаваецца. Калі гэтая тэндэнцыя будзе ўзмацняцца, калі зноў возьмуць верх тэндэнцыі 2010–2011 году з аднаўленьнем прынцыпу, што танныя грошы павінны стаць інструмэнтам разьвіцьця, то нічога добрага ў гэтым няма», — заявіў спадар Бабарыка.

Пры гэтым цяперашнюю сытуацыю ён ахарактарызаваў з пункту гледжаньня пэрспэктываў захаваньня стабільнасьці як «вельмі трывожную».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG