Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзьве траціны гадавога бюджэту ЭГУ — грошы донараў»


Дарыюс Удрыс

Дарыюс Удрыс

Дарыюс Удрыс, прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па разьвіцьці і міжнародных сувязях, пракамэнтаваў для Радыё Свабода сытуацыю з магчымымі зьменамі ў ЭГУ.

— Ці праўда, што Эўракамісія скароціць фінансаваньне ЭГУ на 50%?

— Не, нішто не паказвае на тое, што такое рашэньне прынятае.

—Што за даклад зрабіў экспэрт Эўракамісіі Стывэн Уэбэр?

— Спадар Уэбэр — незалежны кансультант Эўракамісіі. Яго запрасілі, каб ён зрабіў прапановы наконт таго, як зрабіць унівэрсытэт больш стабільнай установай у будучым. Ён падрыхтаваў даклад, у якім ёсьць розныя варыянты таго, як унівэрсытэт можа разьвівацца. Але паводле гэтага дакладу не было прынята ніводнага рашэньня.

—Чаму Эўракамісія вырашыла накіраваць да вас такога экспэрта?

— Я не магу сказаць, навошта яны вырашылі гэта зрабіць. Думаю, вам лепш зьвярнуцца да іх у офіс.

ЭГУ сёньня

У ЭГУ цяпер навучаюцца каля 1660 студэнтаў, паведамляе сайт унівэрсытэту. 95% зь іх — беларусы. Стацыянарна навучаюцца 700 чалавек. Ступень бакаляўра можна атрымаць і завочна. Прапануецца навучаньне па васьмі праграмах: ад беларусістыкі да тэорыяў і практыкаў сучаснага мастацтва. Рыхтуе ЭГУ і спэцыялістаў у галіне міжнароднага права.

Ёсьць ва ўнівэрсытэце і магістратура па сямі праграмах, аж да такой, як «экзыстэнцыйная псыхалёгія». Тут можна вучыцца вочна і завочна. Апроч таго, ЭГУ прапануе шмат онлайн-курсаў.

У дактарантуры ЭГУ рыхтуе толькі філёзафаў.

— Якімі вы бачыце пэрспэктывы ЭГУ?

— Мы цяпер праходзім працэдуру ацэнкі ў Асацыяцыі эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Гэта трэба нам для таго, каб атрымаць новую акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі Літвы ў наступным годзе. Мы глыбока цяпер уцягнутыя ў гэты працэс і займаемся тым, як палепшыць навучаньне нашых студэнтаў і навуковыя дасьледаваньні, якія ў нас вядуцца. Гэта тое, чым мы цяпер занятыя.

Што тычыцца фінансаваньня, у нас ёсьць абавязкі перад донарамі, якія мы выконваем. І ў агляднай будучыні мы не чакаем ніякіх праблемаў з выкананьнем гэтых абавязкаў».

— Як вы ацэньваеце пэрспэктыву далучэньня ЭГУ да іншага літоўскага ўнівэрсытэту?

— ЭГУ зарэгістраваны як незалежны літоўскі ўнівэрсытэт. І мы чакаем, што такім ён і застанецца. Так што ідэя аб’яднаньня абсалютна спэкуляцыйная, для яе няма ніякіх падставаў.

— Ці плянуеце вы скарачаць колькасьць студэнтаў бакаляўрэату?

— У нас няма плянаў скарачаць колькасьць студэнтаў бакаляўрэату. Наадварот, мы актыўна запрашаем студэнтаў да нас. Якраз цяпер мы знаходзімся ў працэсе абітурыенцкай кампаніі і плянуем захаваць колькасьць нашых навучэнцаў.

— Выглядае, што паміж адміністрацыяй унівэрсытэту і выкладчыкамі ёсьць канфлікты, ці гэта так?

— Мы якраз цяпер ацэньваем працу і ролю некаторых мэнэджэраў і будзем працягваць гэта рабіць, каб аптымізаваць акадэмічны працэс.

— Ці можа цяпер ЭГУ адмовіцца ад донарскай дапамогі? Такое меркаваньне выказаў нам у інтэрвію адзін зь сябраў Сэнату.

— Гэта ня так! Дзьве траціны нашага гадавога бюджэту — гэта грошы донараў. Цяпер мы не чакаем такога разьвіцьця падзеяў, каб мы чымсьці замянілі гэтую падтрымку. Гэтая дапамога крытычная для нас, і мы за яе вельмі ўдзячныя. Менавіта гэтая дапамога дазваляе нам ажыцьцяўляць нашую місію — даваць беларускім студэнтам магчымасьць свабоднай адукацыі.

* * *
Паводле пратаколу аднаго з паседжаньняў Сэнату ЭГУ, рэктар Анатоль Міхайлаў заявіў, што «ўкладаньне грошай у праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю, рэзка зьнізілася, прыярытэты цяпер ляжаць у іншых рэгіёнах», і што Эўрапейская камісія, асноўны фундатар ЭГУ, скароціць фінансаваньне на 50%, пачынаючы з наступнага году.

Экспэрт Эўрапейскай камісіі Ўэбэр, даклад якога абмяркоўвалі на паседжаньні сэнату Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, прапаноўваў далучыць ЭГУ да аднаго з літоўскіх унівэрсытэтаў альбо перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG