Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайніцкі быў на вастрыі канфлікту беларускіх дыяспар Балтыі


Раман Вайніцкі, здымак з сайту беларускай школы ў Вільні
Раман Вайніцкі, здымак з сайту беларускай школы ў Вільні

Забіты ў Вільні Раман Вайніцкі называў акцыю 19 сьнежня 2010 году «дэструктыўнай» і пераконваў эўрапейскіх палітыкаў, што яны дарма даюць грошы на беларускую апазыцыю.

Камісарыят паліцыі Вільні і амбасада Беларусі ў Літве адмаўляюцца камэнтаваць сьмерць прэзыдэнта Асацыяцыі беларускіх арганізацый Літвы Рамана Вайніцкага. Нябожчыка знайшлі 6 сакавіка ў сутарэньні ягонага дому. Ён быў зьвязаны, рот заклеены, на целе — сьляды катаваньняў. Вайніцкі ўзначальваў беларускі клюб «Сябрына» і быў намесьнікам дырэктара беларускай школы імя Францыска Скарыны ў Вільні.

Каму не дагадзіў або каму замінаў Раман Вайніцкі? Ці можа прычына забойства адшукацца ў ягонай грамадзкай дзейнасьці?

Адзін з расколаў беларускіх дыяспараў у Балтыцы праходзіць па лініі супрацоўніцтва зь беларускімі амбасадамі, празь якія ідзе падтрымка ад афіцыйнага Менску. Найбольш пасьлядоўна і публічна ляяльнасьць Вайніцкага да ўлады Лукашэнкі праявілася ў ягоных выступах супраць эканамічных санкцыяў ЭЗ, а таксама — у фактычным асуджэньні дзеяньняў беларускай апазыцыі.

Напярэдадні сходу беларускіх дыяспараў у Рызе 12 сакавіка 2011 году Вайніцкі дае інтэрвію парталу DELFI, у якім называе дзеяньні апазыцыі 19 сьнежня 2010 году — правакацыяй, а рэакцыю ўлады — унутранай справай краіны.

Тамсама ён зачытвае вытрымкі са звароту беларусаў замежжа да кіраўнікоў дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу і эўрадэпутатаў. Менавіта яго ў Рызе і падпісалі прадстаўнікі беларускіх дыяспар. Асноўны мэсыдж — адмяніце санкцыі. Апроч іншага гаворыцца, што грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў неэфэктыўна трацяцца на падтрымку беларускай апазыцыі, якая «знаходзіцца ў пастаяннай канфрантацыі» і «не ідзе далей за гучныя заявы». Асуджаецца і акцыя 19 сьнежня: «Вывеўшы зімовай ноччу людзей на вуліцу, справакаваўшы спробы захопу будынку Савету Міністраў Беларусі, арганізатары акцыі дыскрэдытавалі многія інстытуты грамадзянскай супольнасьці».

DELFI сам адзначае, што дакумэнт «нагадвае афіцыйныя заявы прадстаўнікоў беларускіх уладаў».

12 сакавіка 2011 году ў Рызе зварот быў прыняты. Вайніцкі падпісвае яго ад імя Аб’яднаньня беларусаў Літвы. У той жа дзень яго распаўсюджвае афіцыйная беларуская прэса.

Учынак Вайніцкага выклікаў жорсткую крытыку з боку кіраўнікоў іншых арганізацый беларускіх дыяспар у Балтыі. У прыватнасьці, яго асудзілі Хведар Нюнька (Таварыства беларускай культуры) і Валер Савянкоў (Рада аб’яднаньня беларускай моладзі Віленшчыны).

Савянкоў і цяпер упікае Вайніцкага за супрацоўніцтва зь беларускай амбасадай. Ён лічыць, што Вайніцкі заігрываў з рэжымам, а прычынай ягонай сьмерці маглі стаць грошы:
У спадара Рамана не было ніякіх ворагаў у Вільні… За такімі злачынствамі заўсёды стаяць грошы

«У спадара Рамана не было ніякіх ворагаў у Вільні. Спадар Раман узначальваў вялікую арганізацыю, атрымліваў грошы, гранты ад ураду Літвы. І самае галоўнае — зь Беларусі. Каб спадар Раман мог весьці ўдзячную лінію на падтрымку рэжыму ў Беларусі. За такімі злачынствамі заўсёды стаяць грошы. Па характары злачынства відавочна, што спрабавалі нешта даведацца. Магчыма, з гэтым і зьвязана».

Савянкоў кажа, што Вайніцкі меў доступ да разьмеркаваньня грантаў у літоўскім Міністэрстве культуры. Ён сапраўды паводле пасады быў намесьнікам старшыні Рады нацыянальных супольнасьцяў пры Міністэрстве культуры Літвы. Аднак старшыня рады Лючыя Барткене сьмерцю Вайніцкага глыбока ўзрушаная і ня мае ўяўленьня, хто мог яму пагражаць.

Першы амбасадар Літвы ў Беларусі Альфонсас Аўгуліс кажа, што Вайніцкі ніколі ня жыў на шырокую нагу, заўжды клапаціўся, каб у арганізацыі былі справаздачы па бюджэце. А грошы, якія ішлі на грамадзкую дзейнасьць, па ягоных словах, вельмі невялікія. Агулам у тое, што праз Вайніцкага ішлі нейкія вялікія грошы, ён ня верыць:

«Вайніцкі — вельмі добры чалавек. Вырас ад намесьніка да прэзыдэнта згуртаваньня беларускіх суполак Літвы. Ён заўжды хацеў, каб толькі згода была паміж беларусамі, каб было добрасуседзтва. Ён быў супраць санкцыяў».

У прыватных размовах сьмерць Вайніцкага параўноўваюць з таямнічай гісторыяй Вітаўтаса Пацюнаса. Гэты супрацоўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы выпаў з вакна берасьцейскага гатэлю «Інтурыст» 23 жніўня 2006 году. Акалічнасьці ягонай сьмерці дагэтуль невядомыя.

На інтэрнэт-форумах Вайніцкага называюць даўнім агентам КДБ.

Валер Савянкоў сьцьвярджае, што Вайніцкі клапаціўся ня толькі пра адмену эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Прадметам ягонага клопату быў і сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году быў забаронены ўезд у Эўразьвяз.
Ён меў на мэце неяк паўплываць на сьпіс неўязных чыноўнікаў

«Спадар Раман — яркая фігура ў Вільні. Ён меў на мэце неяк паўплываць на сьпіс неўязных чыноўнікаў праз структуры Эўрапейскага Зьвязу, празь мясцовых палітыкаў. Ён вельмі клапаціўся пра гэта. Можа, даў каму абяцанку».

«Калі б Вайніцкі сапраўды лабіраваў падобныя рашэньні, то ён бы меўся выконваць функцыі беларускага амбасадара, — ананімна кажа крыніца ў літоўскім парлямэнце. — Я ў гэта не магу паверыць».

Тым ня менш сувязі арганізацыі, якую ўзначальваў Вайніцкі, і яго асабіста зь беларускай амбасадай пацьвярджаюць усе блізкія да арганізацыі людзі. Прадстаўнікі амбасады таксама прысутнічалі на ўсіх імпрэзах Вайніцкага.

Блізкія да Вайніцкага людзі кажуць, што акалічнасьці забойства, а можа, і імя забойцы ўжо вядомыя паліцыі і ў хуткім часе пра гэта будзе абвешчана.


Іншыя вэрсіі забойства Вайніцкага


Жорсткае забойства Рамана Вайніцкага справакавала сапраўдны выбух разнастайных вэрсіяў. Большасьць зь іх мае кансьпіралягічны характар. Так, літоўскі парлямэнтар Арвідас Анушаўскас выказаў меркаваньне, што Раман Вайніцкі мог замінаць Расеі, якая спрабавала аб’яднаць нацыянальныя мяншыні супраць літоўскай дзяржавы і яе нацыянальнай палітыкі.

Большасьць блізкіх да Вайніцкага людзей заявілі, што перад сьмерцю Вайніцкі скардзіўся на пагрозы і быў амаль у паніцы.

Старшыня саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова заявіла, што, на яе думку, Вайніцкага забіла беларуская апазыцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG