Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайніцкая: Мужа катавалі токам


«Заматаны скотчам рот, рукі назад заложаны, скотчам скручаны, і ногі скручаны. І вісеў такі электрапровад белы, край заматаны ізалентай».

Жонка Рамана Вайніцкага Паліна апавяла карэспандэнту Свабоды, што ўчора ўвечары Раман доўга ня спаў. У іх гасьцявала ўнучка зь Менску, і ён пачытаў ёй казкі. Спадарыня Паліна спала з унучкай у іншым пакоі, таму ня бачыла і ня чула, калі муж мог выйсьці з кватэры. Раніцай яна ўбачыла, што мужа няма і ён ня сьнедаў. А да паловы дзявятай ён павінен быў быць у школе. Спадарыня Паліна ўбачыла, што ключы ад аўто на месцы. Яна заўважыла, што няма ключоў ад падвалу.

«Я ў суседзяў узяла ключ, адчыніла падвал, сьвятла няма. Адразу такая думка, што яго ў падвале няма. Я яшчэ пагукала яго. Ніхто мне не адказаў. Спусьцілася ўніз, гляджу, адчынены такія дзьверы, як брамка, і на зямлі ляжыць куча цаглін. А там быў наш маленькі складзік. І дзьверы ляжаць. Я далей, гляджу, Раман ляжыць тварам уніз. І заматаны скотчам рот, рукі назад заложаны, скотчам скручаны, і ногі скручаны. І вісеў такі электрапровад белы, край заматаны ізалентай. Яго катавалі токам».

Спадарыня Паліна ня мае нейкай вэрсіі таго, што здарылася. Яна кажа, што муж ім нічога не расказваў.

Дырэктар віленскай беларускай школы Галіна Сівалава сказала парталу delfi.lt, што намесьнік не расказваў ёй пра сваё жыцьцё, аднак паведаміў, што яму нехта тэлефануе і пагражае:

«Ён сказаў, што яму некалькі разоў тэлефанавалі, зусім не па працоўных пытаньнях, аднойчы тэлефанавалі ледзь не з Чыкага, раючы далучыцца да збору подпісаў за дазвол шэсьця 11 сакавіка [Плянаванае Саюзам літоўскай нацыянальнай моладзі нацыяналістычнае шэсьце па праспэкце Гедыміна ў Дзень аднаўленьня незалежнасьці Літвы 11 сакавіка ўрэшце не было дазволенае гарадзкімі ўладамі – РС. ]. Трызьненьне нейкае. Ня ведаю – праўда гэта ці не – я ягоны тэлефон не правярала. Мы яшчэ пасьмяяліся – каму там у Чыкага спатрэбіўся Раман! Іншыя мне сёньня расказвалі, нібыта ён ім сказаў, што нехта нават падсеў у ягоную машыну. Мне ён пра гэта не казаў»

На пытаньне, ці Вайніцкі быў нечым прыгнечаны, Г.Сівалава зазначыла, што апошнім часам ён расказваў пра загадкавыя званкі з пагрозамі, быў прыгнечаны, нават ахоплены панікай:

«Апошнім часам ён быў ахоплены панікай, баяўся. Думаю, нехта павялічваў напружанасьць. Хто – хай разьбіраюцца, каму належыць. Але чаму быў абраны менавіта Раман і чаму гэты чалавек мусіў памерці страшнай сьмерцю а 7-й гадзіне раніцы, я дагэтуль не разумею».

Г.Сівалава дадала, што Р.Вайніцкаму раніцай затэлефанаваў нейкі знаёмы: «паклікаў у падвал – і ўсё. Сям'я знайшла яго зьвязанага, заклеенага, зьбітага».

Старшыня Саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова выказала Свабодзе сваю вэрсію забойства старшыні Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх суполак Літвы і клюбу «Сябрына» Рамана Вайніцкага.

Сп-ня Піскунова зазначыла, што размаўляла з Раманам Вайніцкім учора а другой гадзіне дня.

Яна заявіла: «Вайніцкага забіла беларуская апазыцыя, як я мяркую. Мы сябравалі зь ім, я зь ім размаўляла літаральна ўчора па тэлефоне і ён мне сказаў, што яму пагражаюць, а зараз мне кажуць, што ўвечары яго знайшлі забітым у падвале яго дому. Большага нягодніцтва не прыдумаеш, і я падазраю, што гэта менавіта беларуская апазыцыя зрабіла. Гэта маё асабістае меркаваньне, даказваць я не магу, але перакананая, што трэба праверыць усе ягоныя тэлефанаваньні».

Валянціна Піскунова ўзначальвае Саюз беларусаў Латвіі, вядомы сваім супрацоўніцтвам з афіцыйным Менскам, пасьля падзей 19 сьнежня 2010 году ў Менску яна праводзіла ў Рызе канфэрэнцыю ў падтрымку разгону Плошчы.

***


Рамана Вайніцкага, лідэра Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх суполак Літвы, у аўторак раніцай знайшлі забітым у падвале шматпавярховага дому, дзе ён жыў.

Як паведаміла віленская паліцыя, «жудаснае забойства» было ўчыненае ў падвале шматпавярховага дому на вул. Капсу. Ахвяра была знойдзеная зьвязаная, з заклеенным ротам.

Паліцыя атрымала паведамленьне у 9.30 раніцы сёньня ад жонкі забітага, якая знайшла цела мужа, калі спусьцілася раніцай у падвал.

Паводле папярэдніх зьвестак, сьмерць сталася вынікам катаваньняў, на целе знойдзены сьляды фізычных катаваньняў.

Раман Вайніцкі — старшыня Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх суполак Літвы і клюбу «Сябрына». Ён нарадзіўся ў 1960 годзе. У яго трое дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG