Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні знайшлі забітым старшыню Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх суполак Літвы і клюбу «Сябрына» Рамана Вайніцкага. Пра смерць Вайніцкага паведаміла дырэктарка беларускай гімназіі ў Вільні Галіна Сівалава.

Раман Вайніцкі нарадзіўся ў 1960 годзе ў Вішневе на Валожыншчыне.

З 2009 году узначальваў Згуртаваньне беларускіх грамадзкіх арганізацый Літвы і Клюб аматараў беларускай народнай творчасьці «Сябрына». Таксама быў намесьнікам старшыні Рады нацыянальных абшчын пры Міністэрстве культуры Літвы.

Раман Вайніцкі быў намесьнікам дырэктара па эканоміцы ў беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны.

Дырэктарка гэтай гімназіі Галіна Сівалава працавала разам з Раманам на працягу 20 гадоў:

«Гэтай школы не было б, каб не было Рамана. Бо ўсе перабудовы, якія мы рабілі, усе эканамічныя пляны зьдзяйсьняў ён. Мы спонсараў шукалі разам, летнікі для дзяцей, разам дабіваліся квоты прыёму дзяцей у беларускія ВНУ. Да ўсяго гэтага прыклаў руку Раман. Ён арганізоўваў розныя імпрэзы, каб былі разам школа і згуртаваньне. Тое, што мы гімназіяй сталі, для яго было вялікай радасьцю. Магу сказаць, што будзе цяжка. Тое, што адбылося, гэта жудасна і недарэчна. І гэта шок для ўсёй нашай школы».
Гэтай школы не было б, каб не было Рамана

Узгадвае старшыня аб’яднаньня «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» Людвіка Кардзіс:

«Выдатны быў чалавек. Прычым палітычнай дзейнасьцю ён не займаўся, у іх была выключна культурніцкая дзейнасьць. Яны рабілі штогод Купальле, сьвяты песьні. Сьвята беларускай песьні ладзілася штогод у розных гарадах Літвы. Мы, канечне, сёньня ўсе ў шоку ад гэтай навіны. Чалавека няма, і ніяк ня можам зразумець, за што і чаму. Шкада, вельмі шкада па-людзку. У яго сям’я засталася, трое выдатных дзяцей».

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету Алена Макоўская кажа, што пасьля таго, як Рамана Вайніцкага абралі старшынём Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх арганізацый, актывізавалася супраца гэтай арганізацыі з Таварыствам беларускай культуры ў Літве.

«Гэтыя суполкі разам пачалі сьвяткаваць Дні Волі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Менавіта Раману Вайніцкаму належыць аўтарства словаў „Беларусь у нас адна, і няма чаго яе дзяліць“. Сьветлая яму памяць, і спачуваньні родным і блізкім».

Паэт Леанід Дранько-Майсюк сустракаўся з Раманам Вайніцкім толькі адзін раз — у 1999 годзе, і тую сустрэчу запомніў на ўсё жыцьцё:

«Ён мне адразу спадабаўся сваёй інтэлігентнасьцю, шляхетнасьцю, увагай. Ён там шмат часу свайго аддаў, расказваў пра беларуска-віленскае жыцьцё. Чалавек быў надзвычай усьмешлівы. Як мне здавалася, Бог у яго душу даў вялікую дозу аптымізму. І мне заўсёды здавалася, што такія людзі павінны доўга жыць. Я вельмі шкадую, што так адбылося…»

У Рамана засталіся жонка і трое дарослых дзяцей: два сыны і дачка. Сыны скончылі беларускую школу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG