Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За пару гадзін да сьмерці Вайніцкі тэлефанаваў і казаў, што яму пагражаюць»


Раман Вайніцкі
Раман Вайніцкі

У Вільні быў забіты прэзыдэнт Асацыяцыі беларускіх арганізацыяў Літвы Раман Вайніцкі. Ён быў знойдзены сёньня раніцай ў сутарэньні шматпавярховага дому, дзе жыў зь сям’ёй. Паводле папярэдніх дадзеных паліцыі, ён памер ад жорсткіх катаваньняў.

Яго знайшлі зьвязаным, з заклеенымі вуснамі, на целе — сьляды катаваньняў. Дакладную прычыну забойства шукаюць экспэрты, а калегі і знаёмыя загіблага паведамілі, што Раману Вайніцкаму напярэдадні некалькі разоў пагражалі невядомыя.

«За пару гадзінаў, мабыць, да таго, як яго забілі, ён тэлефанаваў мне, мы размаўлялі. Ён казаў, што яму пагражаюць і пытаўся, ці не пагражалі мне. Мне ніхто не пагражаў, я падумаў, што ён перабольшвае. А ён сказаў, што атрымаў пагрозу, што яго заб’юць», — сказаў Радыё Свабода Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Нюнька: «Адзіны з супрацьлеглага лягеру, з кім можна было размаўляць»


Раман Вайніцкі быў актыўным беларускім грамадзкім дзеячам: ён ачольваў клюб аматараў беларускай культуры «Сябрына», а ў 2009 годзе быў абраны прэзыдэнтам Асацыяцыі, якая аб’ядноўвала большасьць беларускіх суполак па ўсёй Літве.

Беларускія грамадзкія арганізацыі ў Літве часам канфліктавалі з-за розных поглядаў на палітычную сытуацую ў Беларусі, але калі Раман Вайніцкі стаў лідэрам, ўпершыню ў Вільні ў часе культурных імпрэзаў і нацыянальных сьвятаў пачалі зьбірацца разам актывісты самых розных поглядаў. Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька адзначае:

Хведар Нюнька
Хведар Нюнька
«Я ня думаю, што ягоная такая была дзейнасьць, каб яго забіць за гэта ды яшчэ і катаваць. Проста ня ведаю, так цяжка нешта гаварыць, усе тэлефануюць, і літоўскія мэдыі, усе шукаюць сувязі зь ягонай дзейнасьцю. Я не ведаю, ці варта гэта рабіць. Хай паліцыя шукае. Канешне, шкада, ён як раз быў разумнейшы, гэта быў адзіны такі актывіст з, так бы мовіць, супрацьлеглага лягеру, зь якім можна было размаўляць. Пры ранейшых лідарах гэтай Асацыяцыі, якая яднае пераважна паслухмяныя беларускай амбасадзе суполкі, не было і размовы, каб ладзіць супольна Дзень Волі ці яшчэ што. А з Раманам можна было размаўляць, ён далучаўся да нашай дзейнасьці, малады быў, поўны сілаў, актыўны, здаровы. Ён паводзіў сябе заўсёды як джэнтэльмэн, заўсёды жанчынам цалаваў у руку, яго ўсе паважалі за гэта, і ён заўсёды размаўляў па-беларуску. І такі быў, не было такога, каб паводзіў сябе пыхліва, заўсёды стараўся знаходзіць агульную мову. Вось і зараз, калі ён тэлефанаваў учора, мы пагаварылі пра пляны супольнага сьвяткаваньня Дня Волі. Я яго пытаўся, ці не зьмяніліся ягоныя пляны, ён сказаў — не, не зьмяніліся, усё будзе, як дамаўляліся».

А. Базюк: «Увесь будынак гімназіі фактычна адбудаваны ягонымі рукамі»


Раман Вайніцкі працаваў намесьнікам дырэктара па эканоміцы Віленскай беларускай гімназіі імя Скарыны ад самага пачатку яе заснаваньня.

«Ягоная значная заслуга ў тым, як выглядае цяпер будынак школы — адрэмантаваны, сучаснае абсталяваньне, усё працуе, стылёва і ва усім парадак. Канешне, не ён адзін гэта ўсё рабіў, зразумела, але ягоны унёсак вельмі важкі. Цяжка цяпер уявіць, як выглядаў гэты будынак, калі мэрыя вылучыла яго для беларускай школы — тады гэта быў стары тыповы савецкі занядбаны дзіцячы садок. Спадар Раман быў заўсёды акуратны, ў гарнітуры, а праходзіць па школе — бачыць, нейкую паломку — дастане з кішэні гэтага прыгожага гарнітуру інструмэнт, падкруціць, адрамантуе, нічога не адкладае на „пасьля“, калі рамонт рабілі — сам працаваў, усё умеў рабіць, даглядаў школу як добры гаспадар. І заўсёды размаўляў па-беларуску,» — прыгадвае адна з настаўніц гімназіі.

«Вельмі добры быў чалавек, працавіты, ён аддаў гімназіі амаль 20 гадоў жыцьця і працы. Быў вельмі сьветлым чалавекам, нічога злога нікому не зрабіў. Я вучыла яго абодвух сыноў старэйшых, добры і руплівы бацька і добры гаспадар, уся гімназія практычна пабудаваная ягонымі рукамі», — распавядае выкладчыца гімназіі і Літоўскага ўнівэрсытэту адукалёгіі Алена Базюк.

У гімназіі сёньня многія плакалі, усіх шакавала навіна пра жорсткае забойства.

«Страшная навіна, не знаходжу словаў, каб выказаць спачуваньні блізкім загіблага. Вельмі шкада, вельмі сумна, проста не знаходзім словаў. І дзеці сёньня гэта адчуваюць, у нас агульная жалоба ва ўсёй гімназіі», — кажа выкладчыца.

Л. Барткене: «Ён умеў знайсьці кансэнсус»


Некалькі месяцаў таму актывісты розных нацыянальных грамадзкіх арганізацыяў Літвы абралі яго віцэ-старшынём Рады нацыянальных супольнасьцяў Літвы пры Міністэрстве культуры. Старшыня Рады Лючыя Барткене распавяла радыё Свабода:

«Мы былі калегамі ў Радзе нацыянальных мяншыняў, а сёлета, калі мяне абралі старшынём, я прапанавала яго кандыдатуру на віцэ-старшыню, і ўсе былі „за“. Ен быў талерантным і адкрытым чалавекам. І мяне заўсёды ўражвала, як ён умеў знайсьці кансэнсус, ён умеў так сказаць — добра, усе маюць розныя меркаваньні, а што ў нас агульнага, і заўсёды знаходзіў, на чым маглі ўсе пагадзіцца».

Лючыя Барткене кажа, што ведала Рамана Вайніцкага цягам болей як 10-ці гадоў па ягонай грамадзкай дзейнасьці:

«Я ведаю яго ня толькі такім, якім ён бываў на паседжаньнях, але і па розных імпрэзах. Апошняя такая імпрэза была — Дзень хлеба 5 лютага, які мы заўсёды ладзім у Доме нацыянальнасьцяў. Мы ўпершыню пабачылі Рамана ў нацыянальным строі, і усе казалі, што яму так пасуе, што вельмі прыгожа, і мы ўсе пачулі ўпершыню, як ён сьпявае беларускія песьні. Ён ніколі раней не сьпяваў, а ў яго і голас добры, і сьпяваў ён вельмі добра. Ён быў такі шчасьлівы тады, такім нам усім ён запомніўся. Я хачу сказаць, што ён быў вельмі добрым чалавекам, галянтна і ветліва паводзіў сябе з жанчынамі, і ён быў вельмі талерантным і адкрытым да іншых. На ўсё імпрэзы „Сябрыны“ ён запрашаў як мага больш прадстаўнікоў іншых нацыянальных супольнасьцяў. І ўсё гэта было арганізавана заўсёды так цёпла, цікава, адчувалася, што ён ладзіць ўсё гэта зь любоўю да людзей».

«Мне вельмі, вельмі шкада і я ўсёй душой спачуваю яго сям’і, ягоным цудоўным дзецям. Вельмі добры і душэўны быў чалавек. Мяне так шакавала гэтая страшная навіна, я не разумею, як гэта магло здарыцца, і чаму такое здараецца з такімі добрымі людзьмі. Немагчыма гэта прыняць, зразумець, вельмі балюча, вельмі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG