Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч у Маскве будзе гаварыць пра Мытны саюз


Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч падчас свайго візыту ў Расею 4 сакавіка мае намер абмеркаваць з расейскім калегам Уладзімерам Пуціным супрацоўніцтва ў энэргетычнай, гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай сфэрах. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Лёвачкін.

«Увага таксама будзе акцэнтаваная на выпрацоўцы ўзаемапрымальнага мэханізму ўзаемадзеяньня Ўкраіны з Мытным саюзам Расеі, Беларусі і Казахстана», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце Віктара Януковіча.

Украіна можа супрацоўнічаць з Мытным саюзам Беларусі, Казахстану і Расеі ў якасьці асацыяванага члена альбо па асобных праграмных дакумэнтах, заявіў раней міністар замежных справаў Украіны Леанід Кажара.

Пры гэтым Украіна ня хоча быць паўнавартасным членам Мытнага саюзу, куды яе запрашае Масква, прапаноўваючы зьніжку на газ — патлумачыў міністар.

Украіна адстойвае формулу «3+1» свайго частковага ўдзелу ў дзейнасьці Мытнага саюзу, Расея лічыць такую форму супрацоўніцтва непрымальнай.
XS
SM
MD
LG