Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце Януковічу: Трэба выбіраць — Мытны саюз ці эўраінтэграцыя


Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч падчас візыту ў Літву сустрэўся з прэзыдэнтам Даляй Грыбаўскайце. Пра падрабязнасьці візыту паведамляе партал delfi.lt.

Януковіч сваім візытам пацьвердзіў словы палітолягаў аб тым, што адпраўляючыся замест Масквы ў Вільню, ён дэманструе зацікаўленасьць у збліжэньні з ЭЗ. Але выразны адказ на пытаньне аб тым, у якім кірунку будзе рухацца Украіна, у сталіцы Літвы не прагучаў.

На брыфінгу, які прайшоў пасьля сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў, В. Януковіч адзначыў эўрапейскі прыярытэт зьнешняй палітыкі Украіны.

«Сёньня былі абмеркаваны пытаньні зьнешняй палітыкі Ўкраіны і эўрапейскай інтэграцыі. Традыцыйна Літва была нашым стратэгічным партнэрам. (...) Што тычыцца эўраінтэграцыі, то Украіна сёньня праходзіць гэты шлях. Мы добра разумеем, што нам трэба рабіць і наша хатняе заданьне», — сказаў прэзыдэнт Украіны, зьвярнуўшы ўвагу і на важнасьць будучага лістападаўскага саміту ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства», які мае прайсьці ў пэрыяд старшынства Літвы ў Радзе ЭЗ.

Кіраўнік Літвы Даля Грыбаўскайце з улікам будучага старшынства Літвы ў Радзе ЭЗ адзначыла, што працэс эўраінтэграцыі залежыць ад самой Украіны.

Па выніках сустрэчы Грыбаўскайце падкрэсьліла традыцыйнасьць гэткіх сустрэч, што, паводле яе, адпавядае інтарэсам і Літвы, і памкненьняў Украіны ў эўрапейскую супольнасьць.

На яе думку, падпіша Ўкраіна дагавор аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з ЭЗ ці не, залежыць ад самой Украіны. На пытаньне журналістаў, ці магчымы ўдзел гэтай краіны ў Мытным саюзе (прэзыдэнт В. Януковіч адзначыў, што яго краіна ня можа сьпісваць з рахунку эканамічныя інтарэсы Ўкраіны, для якой вельмі важны гандаль з Расеяй) разам з падпісаньнем дамовы аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю, Грыбаўскайце адзначыла, што «адказ відавочны»:

«Я хацела б адказаць на пытаньне, ці не супярэчыць удзел у Мытным саюзе падпісаньню дамовы аб зоне свабоднага гандлю з Эўразьвязам. Хацела б вельмі ясна пра гэта сказаць. Адказ вельмі просты: гэтыя дзьве дамоўленасьці нельга сумясьціць і трэба выбраць альбо адно, альбо другое. Фармальны ўдзел у Мытным саюзе азначае, што дамова аб зоне свабоднага гандлю і эўраінтэграцыі ў ЭЗ для Ўкраіны закрываецца », - сказала прэзыдэнтка.
XS
SM
MD
LG