Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жырыноўскага — капустай, у Лукашэнку — памідорам


Жырыноўскі ўхіляецца ад капусты

Жырыноўскі ўхіляецца ад капусты

28 студзеня ў Кіеве закідалі кіслай капустай расейскага палітыка, лідэра Лібэрал-дэмакратычнай партыі Ўладзімера Жырыноўскага. Падчас прэсавай канфэрэнцыі прысутная ў залі дзяўчына абвінаваціла Жырыноўскага ва ўкраінафобіі і шпульнула на ягоны дарагі пінжак жменю сакавітай капусты хатняга прыгатаваньня. Зрэшты, для расейскага госьця гэтым разам ўсё скончылася адносна добра: на пачатку 1990-х беларускія дэпутаты бесцырымонна спусьцілі Жырыноўскага зь лесьвіцы Дома ўраду.

Выканаўца «капуснага тэракту», студэнтка Тацяна Ліхадзеева, апавяла журналістам, што акцыю супраць Жырыноўскага задумалі ўдзельнікі Камітэту памаранчавай рэвалюцыі. Разглядаліся некалькі варыянтаў, чым кідаць, уключна з такімі расейскімі сымбалямі, як валёнкі і балалайка. Але спыніліся на капусьце як самай траўмабясьпечнай. Хоць гарнітур, па словах гаспадара, быў і ня самы дарагі — усяго за 2 тысячы даляраў — Жырыноўскі голасна абураўся. Але ўсё ж ня так бурна, як 20 гадоў таму.

У 1991-м, калі эпатажны палітык спрабаваў без запрашэньня прарвацца ў будынак Вярхоўнага Савету Беларусі, сустрэлі яго там зусім не гасьцінна. Тагачасны дэпутат парлямэнту Пётра Садоўскі згадвае: Жырыноўскі нават абяцаў павесіць сваіх крыўдзіцеляў на ліхтарах:

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

«Мы яго проста сьпіхнулі зь лесьвіцы… Мяне выклікаў паставы як адзінага чальца прэзыдыюму, які на той час быў у корпусе. Пазьней далучыўся і Сяргей Навумчык. Пачалі разьбірацца, што яму тут трэба. Дарэчы, пачуўшы нашы прозьвішчы, Жырыноўскі вырашыў, што Навумчык — жыд, а Садоўскі — паляк, і пачаў крычэць: маўляў, мы будзем вас яшчэ на ліхтарах вешаць. Якраз пасьля гэтага мы яго сьпіхнулі, вытурылі з будынка… Увогуле, пра гэтую фігуру ня варта нават гаварыць. Клоўн-правакатар, якія заўсёды і ўва ўсе часы некаму патрэбныя. З самога Жырыноўскага нічога ня возьмеш, але ён чужымі рукамі распальвае вось такую варожасьць. Як кажуць, ёсьць вялікія дрэвы, а пад імі расьце ўсялякі хмыз. Дык вось гэты „хмыз“, калі апэляваць да тэрміналёгіі прапаганды, ён робіць пэўную рэкагнасцыроўку і выпускае мячык дробнай правакацыі. І тады паступова гэта можа станавіцца нават аб’ектам нейкага сур’ёзнага абмеркаваньня».

Запусьціць у няўдалага актора загадзя прыгатаваны прадмет ці нясьвежы прадукт — даўняя традыцыя «ганараваньня», якая бярэ пачатак яшчэ з антычных часоў. З тэатральных падмосткаў завядзёнка сьмела перакрочыла ў штодзённае жыцьцё, і цяпер нават першыя асобы дзяржавы рызыкуюць атрымаць «метку» ў выглядзе гнілога памідора ці сапсаванага яйка.

Іранскі прэм’ер-міністар спрабуе ўсьцерагчы Джорджа Буша ад шпурнутых у амэрыканскага прэзыдэнта чаравікоў

Іранскі прэм’ер-міністар спрабуе ўсьцерагчы Джорджа Буша ад шпурнутых у амэрыканскага прэзыдэнта чаравікоў

У нядаўнім мінулым ваяўнічыя атакі зазнавалі на сабе шэраг вядомых палітыкаў. У 2008-м, яшчэ ў рангу прэзыдэнта ЗША, Джордж Буш-малодшы ледзь ухіліўся ад двух чаравікаў, якія кінуў у яго падчас прэсавай канфэрэнцыі ірацкі радыёжурналіст Мунтазар эль Зайдзі. Нападніка асудзілі на 3 гады зьняволеньня, але выйшаў ён на волю праз 9 месяцаў.

А вось для прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі ў 2009-м падобны інцыдэнт скончыўся рэальнай траўмай: падчас раздачы аўтографаў інжынэр-электрык Масіма Тарталье прыцэльна шпурнуў яму ў галаву сувэнірны макет Мілянскага сабору. Прэм’ер застаўся бяз двух зубоў і са зламаным носам. Чаравікі таксама ляцелі ў прэм’ера Грэцыі Георгіюса Папандрэу і кіраўніка кітайскага ўраду Вэня Цзябао; яйкамі закідвалі прэм’ер-міністраў Францыі Ліянэля Жаспэна і кіраўніцу аўстралійскага ўраду Джулію Гілярд.

Здаралася падобнае і ў Беларусі. У Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2001 году падчас эстафэты на цэнтральным праспэкце ў Менску з натоўпу паляцеў памідор у лідэра спаборніцтваў Аляксандра Лукашэнку. Кідок аказаўся дакладны, а памідорны сок, які расьцёкся па голых нагах Лукашэнкі, стаў падставай для афіцыйных СМІ растыражаваць трагічную навіну — у прэзыдэнта запусьцілі «цяжкім прадметам», што прывяло да крывавай траўмы.

Па гарачых сьлядох спэцслужбы затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку і менчука Сяргея Лапцева. Менавіта ён узяў на сябе адказнасьць за інцыдэнт, заявіўшы пра палітычныя матывы свайго ўчынку. У судзе Лапцеў сказаў, што такім чынам адрадзіў у Беларусі старую традыцыю закідваць памідорамі дрэнных актораў. Не адмаўляецца спадар Лапцеў ад сваіх словаў і сёньня:
Спужаўся я ўжо пазьней, калі прыкінуў, што, прыкладам, на дахах маглі быць снайпэры

«Ні пра што не шкадую, бо мая грамадзянская пазыцыя засталася нязьменнай. Вядома, усё магло скончыцца ня так добра, як скончылася. Шчыра скажу: спужаўся я ўжо пазьней, калі прыкінуў, што, прыкладам, на дахах маглі быць снайпэры. Яны, натуральна, ня бачылі, што я канкрэтна кідаў — можа, гранату — таму маглі дзейнічаць адпаведна. Усё гэта я асэнсаваў толькі потым, а да гэтага ніякага страху не было».

Карэспандэнт: «А памідор у вас быў загадзя падрыхтаваны?»

«Так, натуральна. Калі пачуў, што ідзе эстафэта і кожны крок прэзыдэнта гучна адсочваецца літаральна на ўвесь горад — вось ён, прэзыдэнт, ужо набліжаецца да фінішу — я вырашыў дзейнічаць у добрых тэатральных традыцыях. То бок, добрых актораў вітаюць кветкамі, а кепскіх — яйкамі ці памідорамі. Яйка, здаецца, не было, а вось памідор знайшоўся».

Судзьдзя Дзьмітрый Жданок прысудзіў Сяргею Лапцеву 7 сутак адміністрацыйнага арышту за хуліганскі ўчынак. Артыкул «зьнявага прэзыдэнта» не ўжываўся нібыта на загад самога Лукашэнкі. У сувязі са сьвяточным днём «памідорнага тэрарыста» амніставалі — пра гэта ўрачыста паведаміў асуджанаму сам начальнік міліцыі Ленінскага раёну Менску.

Гародніна-яйкавыя атакі зазнавалі і некаторыя апазыцыйныя лідэры. Падчас падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году актывісты расейскай філіі нацыянал-бальшавісцкай партыі закідалі яйкамі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча і лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Спадар Мілінкевіч, якому яйка трапіла ў галаву, на замах адрэагаваў спакойна: маўляў, усім падабацца немагчыма. Анатоль Лябедзька, згадваючы тыя часы, яшчэ больш памяркоўны:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Зразумела, што людзі выказваюць стаўленьне да сваіх апанэнтаў самымі незвычайнымі інструмэнтамі, самымі незвычайнымі спосабамі — кідаюць і чаравікі, і капусту, і яйкі. Гэта не ноў-хаў. Разьлік на тое, што пра гэта абавязкова скажуць ці напішуць. І ён, нягледзячы на ўсе нюансы, сябе апраўдвае. У маёй сытуацыі — так, кідалі выключна яйкамі, трапілі на пінжак. А паколькі ад яек нічога страшнага зрабіцца ня можа, таму лепш іх, відаць, выкарыстоўваць паводле свайго прызначэньня — смажыць яечню. То бок разьбіваць іх на патэльню».

Прыкметы лякальнага «тэрору» можна назіраць ня толькі з боку трэціх асобаў. Яшчэ падчас дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня старшыня чарнобыльскай камісіі Барыс Парфёнавіч Савіцкі з кулакамі накінуўся на Лявона Баршчэўскага за тое, што той незнарок агучыў кулюарную мянушку Савіцкага — «Партвейнавіч». У тыя ж суровыя 1990-я Мікола Статкевіч учыніў «самасуд» над рэжысэрам Ігарам Азаронкам, які ў фільме «Дзеці хлусьні» зьняважыў дэмакратычныя сілы. У навейшы час актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандар Фядута выкарыстаў «каленны аргумэнт» у дачыненьні да сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG