Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмальны супраціў беларусаў


Вячаслаў Кулік, Менск За апошнія гады ў Беларусі адбываліся незвычаныя учынкі супраціву ўладзе. Экстрэмалы вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі над вышыннымі гмахамі і лініямі электраперадачаў, шпурлялі памідоры ў Лукашэнку, палохалі ахоўнікаў будынку адміністрацыі прэзідэнта.

21 ліпеня 1999 года скончыліся легітымныя паўнамоцтвы першага прэзыдэнта Беларусі. Апоўдні малады мастак Алесь Пушкін, апрануты ў вышываную народную кашулю і ў белых пальчатках, падкаціў да прэзыдэнцкага палацу чырвоны возік сьвежага гною. Да возіку была прымацаваная шыльдачка з надпісам: "За пяцігадовую плённую працу!". Паводле інструкцыі, ахоўнікі рэзыдэнцыі прэзыдэнта мелі права застрэліць “экстрэмала”: а раптам пад гноям схаваная бомба? Ці разумеў небясьпеку Алесь Пушкін?

(Пушкін: ) “Вартавы мае права страляць толькі пасьля папярэджваньня. Я ведаў, што будзе такая небясьпека. І калі рабіў пэрформанс, то мяне ўразілі непрафэсійныя паводзіны гэтага міліцыянта-ахоўніка. Ён быў вельмі разгублены, ня ведаў, што трэба рабіць. Ён забыўся на свой пісталет на баку. Распрасьцёршы рукі, кінуўся спыняць мяне: “Стойте, стойте! Что вы делаете?!” Я адказаў: “Так трэба!” Выгрузіў гной, абярнуўшы вазок. Паклаў зьверху атрыбуты: дэвальваваныя грашовыя знакі, кайданкі, герб-“капусту”, партрэт Лукашэнкі. І пасьля віламі праткнуў, прышпіліў партрэт Лукашэнкі да гэтай кучы гною. Вартавы стаяў побач разгублены. І толькі тады, калі я ўсе гэта зрабіў, пачаў выклікаць АМАП”.

Гаварыў Алесь Пушкін. Па словах мастака, ягоныя пэрформэнсы напрыканцы 80-х – пачатку 1990-х гадоў у Віцебску, Менску і Магілёве ўлада ацаніла як палітычныя акцыі апазыцыі. Па слядох чарговага вулічнага спэктаклю міліцыянты цягнулі пэрформэра ў каталажку і суд. Паводле жывапісца і грамадзкага дзеяча Алеся Марачкіна, гульні творчых асобаў з уладай здараюцца ня менш небясьпечнымі, чым гульні са сьмерцю”.

(Марачкін: ) “Сёньняшняя ўлада правакуе мастацтва супраціву. Правакуе нонканфармізм. І таму, натуральна, людзі мастацтва, якія ня згодныя з палітыкай сёньняшняй улады, з цяперашняй дыктатурай, адлюстроўваюць сваю нязгоду у сваіх творах – ці гэта пэрформанс Пушкіна, ці верш Славаміра Адамовіча "Забі прэзыдэнта". Я да гэтага стаўлюся станоўча. І ў сваёй творчай працы заўжды адну карціну ў год, як мінімум, ствараю ў гэтым накірунку”.

Алесь Марачкін – ідэйны натхняльнік і арганізатар мастацкіх выставаў “Пагоня”. Паводле грамадзкай думкі, ўлетку 1996-1998 гадоў яны зьяўляліся самымі прыкметнымі, шумнымі і скандальнымі падзеямі беларускага культурнага жыцьця. Удзельнікі “Пагоні” вельмі адкрыта адлюстроўвалі свае адносіны да рэфэрэндумаў 95-96 гадоў. Калектыўныя інсталяцыі, якія дамінавалі на выставах, былі накіраваныя асабіста супраць прэзыдэнта Лукашэнкі. Героямі твораў станавіліся апазыцыянэры-экстрэмалы, як, напрыклад, на “Партрэце Мірона” рукі Алеся Марачкіна.

(Марачкін: ) “Постаць Мірона, наагул, легендарная. Гэта проста ўжо нашая міталёгія. Мірон для нас сымбаль нязломнага супраціву, які лётае нібыта арханёл на небе і разьвешвае нашыя сьцягі. Сымбалі жывуць! І самае галоўнае, што Мірон няўлоўны.У мяне ён намаляваны нібыта са сьпіны. І таму мне ўжо прапаноўвалі адкрыць ягоны твар. Я адказаў, што ў такім разе гэта будзе не адзін чалавек”.

Сказаў Алесь Марачкін. Аб праўдзівасьці яго высновы пра шматаблічнасьць народнага супраціву сьведчыць таксама прызнанье маладога чалавека падчас вулічнага апытаньня радыё Свабода ў Менску. Іншыя яго ўдзельнікі гэтаксама гаварылі пра экстрэмальны пратэст беларускай апазыцыі.

(Юнак: ) “Вывешваў сьцяг над 16-павярховым гмахам. Нават людзі ў аўтамашынах, пабачыўшы сьцяг, сыгналілі: “Жыве Беларусь!” Было вельмі прыемна, што над маім раёнам адзін дзень лунаў мой дарагі сьцяг”.

(Спадар: ) “Экстрэмальныя акцыі пратэсту мусяць быць, па-першае, насамрэч экстрэмальнымі. Па-другое, у іх павінны ўдзельнічаць вельмі шмат людзей. Гэтымі акцыямі трэба нечага дамагчыся. Калі гэта рэвалюцыя, то выходзяць 100 тысяч чалавек, штурмуюць прэзыдэнцкі палац, робіцца рэвалюцыя, Лукашэнка здаецца. А калі ўзвод АМАПаўцаў ганяе па праспэкце трох “зуброў”, то гэта не экстрэмальная акцыя. Такіх трэба менш. Лепш адна акцыя, але сур’ёзная”.

(Спадарыня) “Апошнім часам адметнай формай пратэсту, акрамя вулічных акцыяў, сталіся масавыя галадоўкі. Гэта галадоўка галоўнага рэдактара ваўкавыскай “Мясцовай газэты” Андрэя Шантаровіча. Гэта галадоўка вядомага ваўкавыскага бізнэсоўца Міколы Аўтуховіча. І цяпер вось жодзінская моладзь, якая, лічу, пайшла на мужны крок, таму што іншага шляху не засталося. Іх проста нідзе ня чуюць. У сёньняшніх варунках, у якіх знаходзіцца дэмакратычнае грамадзтва, такія крокі заслугоўваюць павагі і ўвагі. Вядома, хвалюешся за здароўе людзей – яно яшчэ спатрэбіцца, бо ўсё галоўнае яшчэ наперадзе, але я зараз салідарная з гэтымі людзьмі”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на вуліцах Менска. “Экстрэмал” Сяржук Лапцеў працягвае тэму. 3 ліпеня 2001 года ён шпурлянуў памідор у прэзыдэнта Лукашэнку.

(Лапцеў: ) “Гэта быў душэўны парыў. Не спадабалася, як віталі лыжны забег ў тую ліпеньскую сьпёку. Усё паўтаралі: “Зараз падбяжыць прэзыдэнт!”. І ўсплёскі, і музыка. Бачыць гэта для мяне было вельмі цяжка. Хацелася пераканаць, што ня ўсе беларусы любяць бачыць такія відовішчы, ды яшчэ калі бягуць нашы чэмпіёны сьвету і ніяк ня могуць апярэдзіць нашага лепшага хакеіста. Я не зьбіраўся зрабіць хоць каму-небудзь шкоду. Ёсьць тэатральная традыцыя закідваць тухлымі яйкамі і памідорамі няўдалых актораў. Хацелася паказаць, што ня ўсе беларусы думаюць аднолькава і ня ўсе воплескамі сустракаюць яго”.

Ці ёсьць учынак Сяржука Лапцева хуліганскім, альбо геройскім? А чым кіраваўся ў 1996-м аўтар верша “Забі прэзідэнта” Славамір Адамовіч, які ня мог ня ведаць, што КДБ так бы мовіць упакуе яго за краты. Паэт адседзеў у засьценках на вуліцы Валадарскага ў Менску 10 месяцаў. Але ўжо на першай акцыі на волі публічна зашыў сабе рот, пратэстуючы супраць наступу дзяржавы на свабоду слова ў Беларусі. Ці можна у такім разе разьмежаваць подзвігі патрыётаў ад правакацыяў? Над пытаньнем разважае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “У мінулым годзе на “Чарнобыльскім шляху”, калі адзін малады і здаровы чалавек штурхаў дзяцей і жанчын, употай біў іх нагамі, я проста даў яму, прабачце, у морду. Як высьветлілася, гэта быў маёр спэцпадразьдзяленьня АМАПа. Скажыце, гэта палітычны экстрым, ці так павінен рэагаваць звычайны грамадзянін на сілу, якая абсалютна нічым не абгрунтаваная? Я лічу, што ў сёньняшніх умовах у Беларусі палітычны экстрым гэта ня ёсьць нечым незвычайным. Гэта проста адэкватная рэакцыя на тое, што адбываецца вакол нас”.
XS
SM
MD
LG