Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь менчукамі параяцца пра гістарычны цэнтар. Ці не запозна?


Раён ад Інтэрнацыянальнай да Мельнікайтэ і ад Старажоўскай вуліцы да Раманаўскай Слабады чакае вялікая перабудова

Раён ад Інтэрнацыянальнай да Мельнікайтэ і ад Старажоўскай вуліцы да Раманаўскай Слабады чакае вялікая перабудова

Грамадзкае абмеркаваньне праекту забудовы гістарычнага цэнтру Менску перанесьлі з 26 на 29 студзеня.

Зацікаўленых жыхароў цэнтральнай часткі гораду, якія ў выніку глябальнай перабудовы рызыкуюць трапіць пад адсяленьне, запрашаюць у актавую залю адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы па вуліцы Мельнікайтэ, 6.

Спадарыня Алена жыве ў старым паваенным доме на Раманаўскай Слабадзе ад сярэдзіны 1960-х. Дагэтуль там жылі яе бацькі. Яна ня хоча зьяжджаць на ўскраіну гораду толькі таму, што некаму хочацца разьмясьціць у яе кватэры офіс ці дзяржаўную кантору:

«Чаму я павінна некаму аддаваць сваё жыльлё? Зьяжджаць, усё жыцьцё тут пражыўшы, у Малінаўку ці яшчэ кудысьці? Мне на гэтае пытаньне ніхто адказаць ня можа. Ці, дакладней, ня хоча. Увесь апошні тыдзень, як было апошняе абмеркаваньне ў Саюзе архітэктараў, адкуль нас папросту выставілі, тэлефаную па інстанцыях. І мне ніхто нічога ўцямна не гаворыць. Ды, урэшце рэшт, яны нас хоць бы за людзей лічылі! Прыйшлі б да нас, параіліся б усе разам, як і што надалей рабіць. Тады нешта стала б можа лепш зразумела. А так проста трымаюць за ідыётаў!».

Згодна з генплянам, у згаданым раёне дзеля патрэбаў гораду адсяліць плянуецца цэлы шэраг 2-3-павярховых дамоў, ад 18 да 24-га. Таксама зьліквідоўваюцца некаторыя дамы і дзяржаўныя ўстановы на вуліцы Вызваленьня. 23 студзеня старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька ўскосна пацьвердзіў: дзеля новых праектаў сапраўды давядзецца зьнесьці маральна састарэлыя будынкі.

16 студзеня ўжо прайшло аналягічнае абмеркаваньне на тэму «Ўнясеньне зьменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага плянаваньня, рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленьня і добраўпарадкаваньня гістарычнага цэнтру Менску» з удзелам спэцыялістаў праектнай арганізацыі «Мінскграда», прадстаўнікоў забудоўшчыка з прадпрыемства «Мінская спадчына», а таксама незалежных архітэктараў, культуролягаў, мастацтвазнаўцаў.

Тады на сустрэчу прыйшлі і некалькі дзясяткаў жыхароў дамоў з вуліцы Раманаўская Слабада, якія ў тым выпадку, калі дакумэнт будзе ўхвалены ў цяперашнім выглядзе, могуць страціць сваё жыльлё. Аднак у выніку амаль гадзіннай безвыніковай пікіроўкі з чыноўнікамі было вырашана сабраць менчукоў асобна 26 студзеня. Сёньня час сходу адтэрмінавалі яшчэ на тры дні.

Яраслаў Ліневіч

Яраслаў Ліневіч

Прадстаўнік Саюзу архітэктараў Беларусі Яраслаў Ліневіч прызнае: цягам апошняга часу неяк незаўважна парушыліся сувязі з грамадзтвам з боку адказных за рэалізацыю праектаў. Тым часам гэтыя пераўтварэньні закранаюць інтарэсы тысяч грамадзянаў:

«Зараз нібыта пачалося аднаўленьне такіх вось кантактаваньняў са спэцыялістамі, з жыхарамі гораду. Але ж меў месца і працяглы пэрыяд, калі ўсялякія двухбаковыя кантакты былі фактычна згорнутыя. Супольнае абмеркаваньне — гэта нармальная, звыклая для ўсяго сьвету завядзёнка: любы аб’ект, асабліва калі ён уяўляе стратэгічную важнасьць, разглядаецца спачатку спэцыялістамі, потым грамадзкасьцю. У выніку нараджаліся цалкам канструктыўныя рэкамэндацыі. На жаль, апошнім часам гэтае пытаньне ў нас крыху прытармазілася».

Такім чынам, менчукі маюць ці не апошнюю магчымасьць пазнаёміцца з матэрыяламі экспазыцыі, праект якой прапануецца да рэалізацыі ў цэнтры Менску. Спэцыялісты ўжо даўно б’юць трывогу, што пад выглядам аднаўленьня гістарычную спадчыну насамрэч проста нішчаць.
XS
SM
MD
LG