Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны Менск: уратаваць ці «асвоіць»?


Вуліца Гандлёвая
Вуліца Гандлёвая

У Саюзе архітэктараў Беларусі ўпершыню за шмат гадоў адбылося грамадзкае абмеркаваньне скарэктаванага праекту рэканструкцыі Гістарычнага цэнтру Менску.

Прадстаўнікі праектных арганізацый і незалежныя экспэрты выказвалі сваё стаўленьне да небясспрэчных мэтадаў аднаўленьня цэнтру сталіцы.

Сэсію, правядзеньне якой некалькі разоў пераносілася, у прызначаны дзень ледзь не сарвалі. Некалькі дзясяткаў чалавек, якім у выніку татальнай перабудовы пагражае адсяленьне на пэрыфэрыю, атакавалі прадстаўнікоў забудоўшчыкаў. Пытаньне адно: які лёс чакае менчукоў, якім выпала нарадзіцца і жыць у гістарычным цэнтры? Амаль гадзіну ў памяшканьні панаваў балаган. Урэшце пастанавілі сабраць зацікаўленых жыхароў 26 студзеня, а паседжаньне працягнулася ў вузкім коле прафэсіяналаў.

Сябра праўленьня Беларускага саюзу архітэктараў Яраслаў Ліневіч запэўніў: «пад ключ» гістарычны цэнтар сталіцы будзе здадзены ў 2014 годзе, але яшчэ ёсьць час выправіць памылкі:

Яраслаў Ліневіч
Яраслаў Ліневіч
«За гэты час нашай фірмай „Мінская спадчына“ вельмі шмат зроблена. Па сутнасьці, яны павінны „пад ключ“ здаць у будучым годзе ўсю гістарычную частку сталіцы. Вядома, узьніклі многія цікавыя пытаньні, зьвязаныя з забудовай вось гэтай цэнтральнай часткі гораду Менску. Але я ўвесь час настойваю: дзеля таго каб вырашыць усе пытаньні цэнтральнага ядра гораду — а гэта ўсяго 1200 гектараў — патрэбна мець ня толькі цікавыя праекты, але і вялікія сумы грошай. Таму цяпер мы ставім пытаньне менавіта пад такім ухілам. У гэтым годзе мы атрымліваем заданьне на карэкцыю Генэральнага пляну гораду, зьвязаную зь некаторымі спрэчнымі момантамі. Вы ж самі чуеце, ведаеце, бачыце, як гэтая сытуацыя пэрыядычна ўзьнікае і мусіруецца на тэлебачаньні, у прэсе».

Галоўным апанэнтам у прадстаўнікоў дзяржаўных структураў быў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён нагадаў, што таварыства неаднаразова зьвярталася ў праваахоўныя органы пра грубыя парушэньні дэталёвага пляну, прынятага і зацьверджанага ў 2006 годзе. Але дагэтуль усё робіцца дзеля таго, каб праз фармальную працэдуру зацьвердзіць горадабудаўнічы акт, які легітымізуе ранейшыя парушэньні. На думку спадара Астаповіча, у такой сытуацыі неабходна ўвогуле спыніць усе працы і распачаць комплексную праверку:

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
«Першая наша прапанова: для пачатку, згодна з законам аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці, трэба прыпыніць усе працы ў гістарычным цэнтры, а затым пачаць комплексную праверку ўсіх парушэньняў і нанава запусьціць мэханізм комплексных навуковых пошукаў. І толькі на падставе праверкі, якую будуць праводзіць кантрольна-рэвізійныя і праваахоўныя органы, на падставе навуковых пошукаў у поўным аб’ёме, у тым ліку з археалягічна-архітэктурнымі абмерамі падземных канструкцый, чаго, на жаль, сёньня ніхто ня робіць (як на тэрыторыі Ніжняга і Верхняга рынкаў у жніўні мінулага году: вадавод клалі, падмуркі выходзяць вонкі, аднак ніхто іх не фіксуе, няма нават археалягічнага нагляду), можна будзе прыступаць да праектаваньня. Гэта будзе і мэтадалягічна, і ў прававым сэнсе правільна».

Галоўны архітэктар праектаў прадпрыемства «Мінскграда» Аляксандар Акенцьеў ня бачыць магчымасьці нешта карэктаваць па ходу дзеяньня, бо ўсе рашэньні да іх спускаюцца толькі пасьля экспэртнай ацэнкі:

Аляксандар Акенцьеў
Аляксандар Акенцьеў
«Мы бяром да ведама тыя рашэньні, якія ўжо прынятыя. Калі па нейкім канкрэтным будынку прынятае рашэньне Менгарвыканкаму, праведзена паседжаньне Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульту, і ўсё гэта зацьверджана самім Міністэрствам культуры, мы гэтыя рашэньні не абмяркоўваем і не камэнтуем. Ніколі ў горадабудаўнічым праектаваньні ніякіх ліставаньняў з арганізацыямі, якія парушылі, напрыклад, пракладку камунікацыяў ці зрабілі нейкія канструктыўныя зьмены, якія не адпавядаюць нормам, не было. Гэта не ўваходзіць у нашу кампэтэнцыю, гэта ня ёсьць нашай прафэсіяй».

Грамадзкія дзеячы б’юць трывогу ў сувязі з тым, што пад выглядам рэстаўрацыі ў цэнтры сталіцы ўсё часьцей руйнуюць каштоўныя аб’екты, а на месцы зьнішчаных помнікаў узводзяць муляжы, якія з клопатам пра захаваньне нацыянальнай спадчыны ня маюць нічога агульнага. Пра гэта ў часе дыскусіі гаварыў і архітэктар Ігар Байцоў:

«Вы кажаце, што калі гэта ўсё пабудуюць, туды мільёнамі хлынуць турысты,
Над кожным старым домам навісае архітэктурны монстар

прывязуць нам горы грошай. Гэта калі спрошчана гаварыць. Але тое, што збудавана на Зыбіцкай, тое, што прыбудавана да Сьвята-Духаўскага храму, да праваслаўнага комплексу, што зроблена з фасадам Гандлёвай — гэта, па-вашаму, будзе спрыяць прытоку турыстаў? Што, разам з „цудам“ у выглядзе Нацыянальнай бібліятэкі ў Менск прыедуць тысячы і мільёны, каб паглядзець на гэта? Няма элемэнтарных прапрацовак, нават Генплян робіцца на плоскасьці, проста ў розным колеры, і потым вы гаворыце, што гэта будзе цудоўна выглядаць і сюды людзі пацягнуцца. Дзеля таго, каб гэта рабіць, трэба працаваць над сылюэтам гораду, працаваць над ахоўнымі зонамі. У вас жа над кожным старым домам навісае архітэктурны монстар — з аднаго боку, з другога боку. Няўжо турысты прыедуць на гэта глядзець? Калі ёсьць Вільня, Каўнас, калі ёсьць Варшава, Кракаў?»



Няміга
Няміга

Не разьвязвае цяперашняе дэталёвае плянаваньне і праблемы пераарыентацыі транспартных плыняў з цэнтральнай часткі гораду. Практычна пахаваная пэрспэктыўная ідэя загнаць транспарт у тунэль, вызваліўшы цэнтар пад пешаходную зону. Наадварот, як заўважыў архітэктар Лявонцій Зданевіч, узводзяцца новыя аб’екты, якія толькі абвостраць складаную сытуацыю:

Лявонцій Зданевіч
Лявонцій Зданевіч
«Тыя аб’екты, якія будуць рэалізоўвацца ў гістарычным цэнтры, іх яшчэ можна будзе потым неяк аналізаваць, магчыма, неяк кантраляваць той горадабудаўнічай радай, якой сёньня практычна няма. Спадзяюся, што гэта ўсё ж магчыма. Але што тычыцца транспартнай схемы, то тая структура, якую мы зараз закладаем, яна ж будзе вызначаць увесь астатні рух. Аднак я з выступаў зразумеў наступнае: якіх-небудзь радыкальных зьменаў, па сутнасьці, не прапанавана. Дакладней, быў аналіз нейкіх варыянтаў, але што прапануецца — дык гэта тое, што мы маем сёньня. У той жа час я знутры ведаю, бо штодня працую ў цэнтры: асноўную нагрузку не транзыт тут дае. Праблемы стварае той транспарт, які прыцягваюць аб’екты на гэтай тэрыторыі. Аднак гэтыя аб’екты тут будуць толькі множыцца, заплянавана нешта кшталту кангрэс-холу. Ці патрэбная нам яшчэ адна заля кангрэсу — я моцна сумняюся. Але вы сюды яго прывязваеце. У той жа час транспартная сытуацыя ў тым месцы сёньня абсалютна жахлівая, абсалютна невыносная».

Галоўны інжынэр прадпрыемства «Мінская спадчына» Міхаіл Жых лічыць перабольшанымі трывогі незалежных экспэртаў у сытуацыі з аднаўленьнем гістарычнага цэнтру Менску і кажа, што ўсе працы праведзеныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам. А кульмінацыяй праекту будзе стварэньне маштабнага музэйнага комплексу «Менскае замчышча» — з падземнай заляй-амфітэатрам, галерэямі, экспазыцыямі археалягічных знаходак:

«Абсалютна ўнікальнае рашэньне праекту па музэефікацыі. Тут будуць сабраныя ўсе археалягічныя прадметы, якія зьбіраліся на працягу 12 гадоў. Цяпер яны знаходзяцца ў запасьніках Інстытуту гісторыі, у запасьніках Музэю гісторыі, якія для гэтага не прызначаныя і якім мы сумеснымі намаганьнямі шукаем памяшканьне. Там няма тэмпэратурна-вільготнага рэжыму, неабходнага для захаваньня, няма ўмоваў для рэстаўрацыі, для рэканструкцыі. Усё гэтае багацьце, гістарычная спадчына — ня толькі нашага гораду, а ўсяго беларускага народу. Таму прынятае рашэньне сканцэнтраваць і граматна паказаць разьвіцьцё гораду, пачынаючы ад ХІІ стагодзьдзя. А зацыкліваць мэтадалёгію толькі на нейкім XVIII стагодзьдзі, як гэта многія намагаюцца зрабіць, няправільна. Мы цудоўна ведаем, якія знакавыя помнікі можна пакінуць на Замчышчы, але гэта ўсяго толькі пачатак ХХ — канец ХІХ стагодзьдзяў. Чатыры будынкі, яны былі цудоўныя, менчукі іх памятаюць. Але з дапамогай мэтадаў інтэрактыўнага паказу, прадугледжаных праектам музэефікацыі Замчышча, мы пакажам усю гісторыю нашага гораду».

Дамінантай Замчышча стане хмарачос
Дамінантай Замчышча стане хмарачос


Тым часам Антон Астаповіч адзначае, што ў новай вэрсіі дэталёвага пляну ідзе спроба легітымізацыі спрэчнага праекту асваеньня часткі Замчышча, і гэта можа стаць прававым падмуркам для рэалізацыі сумнеўнай задумы. Па словах спадара Астаповіча, праект парушае гістарычную пляніровачную структуру і не прадугледжвае аднаўленьня страчанай гістарычнай забудовы.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG