Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім быць Старому Менску — вырашаць чыноўнікі ці менчукі?


Гістарычны цэнтар Менску

Гістарычны цэнтар Менску

16 студзеня ў Саюзе архітэктараў пройдзе публічная сэсія па праекце аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску. Адмыслоўцы заклікаюць неабыякавых людзей далучыцца да мерапрыемства.

Ад 5 да 26 студзеня адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску выставіла на грамадзкае абмеркаваньне «Унясеньне зьменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага плянаваньня рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленьня і добраўпарадкаваньня Гістарычнага цэнтру гораду». З матэрыяламі можна азнаёміцца непасрэдна ў раённай адміністрацыі, там жа ёсьць магчымасьць пакінуць свае заўвагі ці накіраваць іх поштай.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс гораду і лёс агульнанацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, «не змагацца зь бюракратамі на форумах», а дасылаць свае прапановы канкрэтнаму адрасату. Дзякуючы высілкам арганізацыі, усё ж удалося дамагчыся публічнай сэсіі абмеркаваньня праекту, пра што нават не было і гаворкі яшчэ тыдзень таму.

Дагэтуль, на перакананьне спадара Астаповіча, усё рабілася дзеля таго, каб праз фармальную працэдуру зацьвердзіць горадабудаўнічы акт, які б легітымізаваў усе ранейшыя парушэньні нарматыўна-прававых, тэхнічных і мэтадычных дакумэнтаў пры правядзеньні працаў у гістарычным цэнтры. Гэта дае магчымасьць весьці работы практычна ў такім жа рэжыме, як і раней, што, на ягоную думку, прывядзе да канчатковай страты ўсіх якасных характарыстык комплекснай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтар Менску».

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч: «Найбольш трывожаць наступныя моманты. Па-першае, ужо неаднаразова гаварылася, неаднаразова сыгналізавалася ў дзяржаўныя органы, у тым ліку ў праваахоўныя, пра тыя найгрубейшыя парушэньні дэталёвага пляну, які быў прыняты і зацьверджаны ў 2006 годзе. Гэта забудова на Нямізе і забудова былога базылянскага кляштарнага саду ў Верхнім горадзе. Гэта і той хмарачос на праспэкце Пераможцаў на тэрыторыі Замчышча. Гэта цэлы шэраг іншых відавочных парушэньняў. Але ў адкарэктаваным Генпляне ўсё гэта пазначана як факт, які ўжо адбыўся. Гэта азначае, што ніякіх арганізацыйных высноваў ня зроблена. Вінаватыя ў парушэньнях не прыцягнутыя нават да дысцыплінарнай адказнасьці. І праз новую вэрсію дэталёвага пляну ўсё гэта будзе легалізавана. Бо, прыкладам, ідзе спроба легімітызацыі неадэкватнай забудовы па вуліцы Гандлёвай, якая зараз гэтаксама вядзецца з парушэньнямі ўсіх рэглямэнтаў былога дэталёвага пляну, ужо ідуць працы ў новым варыянце дэталёвага пляну. То бок, зробленыя парушэньні адзначаныя як канстатацыя факту, і ўсё зноўку будзе легімітызавацца».

Падставай да такіх высноваў стала тое, што важны горадабудаўнічы дакумэнт абмяркоўваўся выключна на ўзроўні раённай адміністрацыі, без запрашэння да ўдзелу спэцыялістаў у сфэры працы з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, прадстаўнікоў профільных грамадзкіх аб’яднаньняў і творчых саюзаў. Цяпер Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры будзе маніторыць сытуацыю на прадмет недахопаў і неадпаведнасьці праекту дзейным нарматыўна-прававым, тэхнічным і мэтадычным дакумэнтам.
Тое, што фашысты не даламалі, дык на нашых вачах даломваюць

Дасьледчык гісторыі архітэктуры Менску Вадзім Гліньнік таксама выказвае заклапочанасьць адносна кулюарнасьці прыняцьця шэрагу рашэньняў, якія тычацца агульнай для ўсіх беларусаў спадчыны:

«Паводле маёй інфармацыі, Генэральны плян Менску быў незаконна ўзгоднены без распрацоўкі праекту зонаў аховы для гістарычнага цэнтру. Адсюль і ўсе праблемы несувымернага новага будаўніцтва ў гістарычных зонах гораду, якія абвастрыліся ў апошнія некалькі гадоў — асабліва ў апошнія год-два. Вось гэтыя пляны, яны ўсе палягаюць у абсалютна незаконным рэчышчы. Бо калі б існавалі ахоўныя зоны — не было б гэтай архітэктурнай самадзейнасьці, гэта абсалютна дакладна. Таму збольшага гэта праблема пракуратуры, а не архітэктуры. А насамрэч гэта проста нейкае стыхійнае бедзтва для ўсёй Беларусі. Паўплываць на гэта, на жаль, я не магу. Сяджу пры дарозе, што называецца, назіраю — як мой дарагі горад, у якім я вырас і 50 гадоў пражыў, зьмяняецца далёка не да лепшага. Тое, што фашысты не даламалі, дык на нашых вачах даломваюць. Прычым, вельмі шпарка».
Над гістарычным цэнтрам цяпер дамінуюць ня цэрквы і касьцёлы

Над гістарычным цэнтрам цяпер дамінуюць ня цэрквы і касьцёлы


У сваю чаргу Антон Астаповіч заклікае суайчыньнікаў не выпрабоўваць лёс і ўласнай пазыцыяй выказацца за будучыню Менску, які рызыкуе канчаткова страціць сваё гістарычнае аблічча. Пакуль жа разуменьня праблемы, па яго словах, у грамадзтве бракуе:

«Што яшчэ вельмі моцна засмучае, дык гэта тое, што, на жаль, праблема практычна ігнаруецца і нашымі грамадзкімі структурамі, і шматлікімі сродкамі масавай інфармацыі. Каб не падтрымка вузкага кола краязнаўцаў, абазнаных архітэктараў, каб не маральная падтрымка прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы, якая пастаянна дасылае электронныя лісты са словамі маральнай падтрымкі нашай дзейнасьці, мабыць, і рукі ўжо даўно апусьціліся б. Але дзякуй Богу, што хоць з гэтага боку ёсьць падтрымка».

Напярэдадні Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распаўсюдзіла інфармацыю пра адсутнасьць у экспазыцыі праекту тэкставай часткі матэрыялаў тлумачальнай запіскі, пра што былі праінфармаваныя органы пракурорскага нагляду, а таксама адпаведныя ўпраўленьні Менгарвыканкаму і ўласна адміністрацыя Цэнтральнага раёну сталіцы. Уладныя структуры былі вымушаныя адрэагаваць. Гэтак, на сайце раённай адміністрацыі зьявілася паведамленьне: у сувязі з прадстаўленьнем дадатковай інфармацыі (тлумачальнай запіскі да праекту) першапачатковы тэрмін грамадзкага абмеркаваньня падоўжаны на тыдзень — да 26 студзеня.

Абмеркаваньне ў Саюзе архітэктараў (вуліца Карла Маркса, 14) пачнецца 16 студзеня а 16-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG