Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быхаўскі замак разбураецца: няма грошай


У райцэнтры Быхаў, што на Магілёўшчыне, разбураецца замак. Гэта помнік архітэктуры сямнаццатага стагодзьдзя — адзінае ацалелае замкавае збудаваньне ва ўсходняй Беларусі. Улады спасылаюцца на тое, што на рэканструкцыю няма сродкаў.

Доўгі час у мурах замка разьмяшчаліся розныя вытворчасьці. Цяпер ён занепадае. Муры дзе-нідзе абрынуліся. Пажар зьнішчыў частку даху. Ацалелы дах не вытрымлівае непагадзі. Па сьценах сьцякае вада, вокнаў няма. Да таго ж сьцены разбурае і расьліннасьць. Аварыйны будынак не агароджаны. Трапіць у яго можа кожны ахвотны:

«Помнік архітэктуры сямнаццатага стагодзьдзя знаходзіцца ў жахлівым стане. У 2004 годзе мясцовыя ўлады невядома на якіх падставах здалі помнік у арэнду прыватнаму прадпрымальніку. У выніку згарэў дах, агаліліся апорныя муры, і разбурэньні сталі незваротнымі. Ад уладаў не патрабуецца ніякай рэстаўрацыі — патрабуецца кансэрвацыя. Агароджа й вартаўнік. Хаця б гэта», — кажа жыхар Быхава, мясцовы журналіст Сяргей Антонаў.

Першы паверх замка вымецены. На другім — вэрхал. Коміны разбураныя. Сяргей Антонаў кажа, што апошні карыстальнік будынка шукаў у дымаходах скарбы.

У Быхаўскім райвыканкаме не хаваюць, што замак разбураецца, але прызнаюць, што сродкаў на рэстаўрацыю трэба надта шмат:

«У нас Цэнтар па рэстаўрацыі на мінулым тыдні быў, дык супрацоўніца сказала, што для аднаўленьня гэтага помніка патрэбна на сёньняшні дзень блізу 100 мільярдаў, а гэта дужа вялікія грошы. Сказала, што сьцены й скляпеньні ў добрым стане, а па падмурку будуць выклікаць спэцыялістаў. Пытаньне цяпер стаіць, ці ёсьць наагул магчымасьць яго аднавіць», — патлумачыла сытуацыю супрацоўніца аддзелу архітэктуры й будаўніцтва райвыканкаму.

У райвыканкаме ўдалося высьветліць, што на кансэрвацыю замка нібыта выдзелена каля двух мільярдаў рублёў. Службоўцы прызнаюць, што гэтых грошай на ўвесь аб’ём працаў ня хопіць. Нават на рамонт даху.



Тое, што засталося ад замка, прыяжджаюць аглядаць турысты зь іншых мясьцін Беларусі. Гутару з двума студэнтамі зь Берасьця:

Юначка: «Я ў жаху ад самога стану будынка. Месца добрае, але вось беспарадак гэты палохае».

Юнак: «Мы наагул з заходняй Беларусі. У нас з гэтым справы выглядаюць нашмат лепей, чым тут. Тут наагул пра захаванасьць помніка гаварыць не выпадае. Тут нават дрэвы ня выкарчаваныя. Растуць проста ў замку. Такі турыстычны аб’ект, а ў Быхаве іх ня шмат, і ў такім стане. Жудасьць творыцца».

Жыхары самога Быхава важнасьць замка для гораду разумеюць, але прызнаюць, што спадзеву на яго ратаваньне няшмат. Вось характэрнае меркаваньне:

«Разбураецца, так. Зразумела, гэта ненармальна. Яго трэба рэстаўраваць, але, напэўна, сродкаў няма ў бюджэце на гэтыя мэты. Гэта гістарычны помнік знакавы — даўно ўжо стаіць. Мы яшчэ дзецьмі былі, па ім бегалі. Неяк ён ужо даўно ў такім заняпадзе».

Быхаўскі замак узьвялі як абарончае збудаваньне ў першай палове сямнаццатага стагодзьдзя. Належаў ён гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Хадкевічу. Потым ім завалодалі Сапегі. Цяпер заняпалая цытадэль узвышаецца па-над крутым схілам абарончага рова. З вакон відаць шырокі дняпроўскі поплаў. Акрамя самога замка, пакрысе разбураюцца і збудаваньні навокал яго. Напаўразбуранай стаіць замкавая вежа. Непадалёк ад замка закансэрваваны ўнікальны будынак сынагогі, узьведзены ў абарончым стылі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG