Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіслачы ўшанавалі памяць паўстанцаў


Прадстаўнікі літоўскага і латыскага пасольстваў у Беларусі ўскладаюць вянок да помніка Кастусю Каліноўскаму

Прадстаўнікі літоўскага і латыскага пасольстваў у Беларусі ўскладаюць вянок да помніка Кастусю Каліноўскаму

22 студзеня ў Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці ўрачыста ўганаравалі 150-я ўгодкі пачатку паўстаньня 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Пасол Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка, Генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэй Хадкевіч, прадстаўнікі літоўскай і латыскай пасольстваў у Менску, лідэр «Руху за свабоду» Аляксандар Мілінкевіч зь сябрамі, а таксама сьвіслацкія актывісты і прадстаўнікі непрызнаванага беларускім ўладамі Саюзу палякаў усклалі вянкі да помнікаў Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму — лідэрам паўстаньня.

Нягледзячы на сьцюдзёнае надвор’е настрой у прысутных быў даволі ўзьнёслы. З кветкамі і вянкамі да помнікаў ішлі прадстаўнікі трох пасольстваў: Польшчы, Літвы і Латвіі. Пасол Польшчы Лешак Шарэпка потым з жалем заўважыць, што запрашаў да ўдзелу ў імпрэзе і прадстаўнікоў мясцовых уладаў, але ніхто зь іх так і не прыйшоў.
Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шарэпка ўскладае вянок да помніка Рамуальду Траўгуту

Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шарэпка ўскладае вянок да помніка Рамуальду Траўгуту


Вянкі і кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі ўсклалі Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік «Руху за Свабоду», ягоныя сябры, а таксама мясцовыя сьвіслацкія актывісты.
Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей ушаноўваюць памяць паўстанцаў

Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей ушаноўваюць памяць паўстанцаў


Я запытаўся польскага амбасадара побач з помнікам Каліноўскаму — што ён адчувае ў гэтыя хвіліны?

Шарэпка: «Аж ня верыцца, што стаю вось тут побач з гэтым помнікам якраз у 150-ю гадавіну пачатку паўстаньня. Зразумела, што сьцюдзёна, сьнег, і вось думаецца, а як жа давялося тады ў такую зіму паўстанцам? Яны ж рызыкавалі сваім жыцьцём, ставілі на карту самае галоўнае. Відавочна, яны змагаліся за нешта важнае для іх сем’яў».
Пасол Лешак Шарэпка і Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч побач з помнікам Каліноўскаму

Пасол Лешак Шарэпка і Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч побач з помнікам Каліноўскаму


Аляксандар Мілінкевіч сёньня сур’ёзны і задуменны. Ведаю, што ў гэтым паўстаньні бралі удзел яго прадзед і прапрадзед. Наўпрост кажу яму: «Вы напэўна не маглі не прыехаць сюды аж зь Менску»?

Мілінкевіч: «Я сёньня тут, паколькі для мяне паўстаньне Каліноўскага — адна з найбольш выдатных падзеяў у гісторыі Беларусі. Сёньня Беларусь мае тыя ж праблемы, што і ў часы Каліноўскага, хаця час зьмяніўся і мінула 150 гадоў. І гэтая тэма актуальная і для нас, паколькі краіна ў небясьпецы».

Прыехаўшы ў Сьвіслач заранёў, я вырашыў наведаць гімназію № 1, якая носіць імя Кастуся Каліноўскага. На ганку сустрэў дзетак з 4-е клясы, якія пасьля занятку сьпяшаліся дамоў. Запытаўся ў іх: «Чаму іх гімназія носіць імя Каліноўскага і кім быў гэты чалавек»?

Першы хлопчык: «Гэта той, хто пабудаваў гэтую школу, прыдумаў яе».

Другі хлопчык: «Гэта казачнік».

Карэспандэнт: «А якія казкі ён напісаў?»

Другі хлопчык: «Ну ён, гэта, проста кніжкі прыдумваў».
Ля помніка Каліноўскаму

Ля помніка Каліноўскаму


Сьвіслацкі актывіст Віктар Дзясяцік, пачуўшы, што кажуць дзеці, вельмі засмуціўся і зьдзівіўся, паколькі сам нарадзіўся ў Сьвіслачы, скончыў тады яшчэ сярэднюю школу імя Каліноўскага:

«Нават пры тых самых бальшавіках у дзень паўстаньня ўскладаліся намі кветкі. Гэта быў памятны дзень, яго шанавалі, ім займаліся, а сёньня, на жаль, гэтага няма».

Побач з помнікам Каліноўскаму я паспрабаваў яшчэ апытаць мінакоў. Пытаўся, каму гэты помнік і чаму тут стаіць?

Спадарыня: «Герой наш вядомы, рэвалюцыянеэр».

Спадарыня: «Вядомы наш зямляк, нарадзіўся тут, у Якушоўцы. Там нават засталіся падмуркі дома. І вось у Сьвіслачы помнік, дарэчы, адзіны ў Беларусі».

Спадарыня: «Наш беларускі рэвалюцыянер. У 1863 годзе было паўстаньне, якое ён узначальваў. Вуліца названая ў нашай Сьвіслачы яго імем, была школа яго імя, а цяпер гімназія».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG