Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто, дзе і як адзначыць юбілей паўстаньня. Каляндар імпрэз


Да 150-х угодкаў паўстаньня Каліноўскага ў Беларусі выходзяць кнігі, календары, ладзяцца канфэрэнцыі, выставы, вандроўкі. Зьявілася інтэрактыўная мапа. Ва ўладаў пляну ўшанаваньня няма.

22 студзеня, Сьвіслач. Амбасадар Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка ўскладзе вянкі да помнікаў Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму — лідэрам паўстаньня.

22 студзеня, Горадня. Вечарына да юбілею паўстаньня ў будынку на вуліцы Будзённага, 48а.

22 студзеня, Ліда. Таварыства польскай культуры ладзіць акцыю памяці на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага.

24 студзеня, Горадня. Мастацкая выстава, прысьвечаная паўстаньню 1863 году, у галерэі «Крыга». Выстава будзе працаваць да 15 лютага.

1 лютага, Ліда. Акцыя памяці паўстанцаў на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага з удзелам мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху.

1 лютага, Менск. Урачыстае пасяджэньне Нацыянальнага аргкамітэту сьвяткаваньня 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага.

Травень, Ліда. «Лідзкія чытаньні», прысьвечаныя паўстаньню Каліноўскага, у мясцовай бібліятэцы.

24 чэрвеня, Ліда. Набажэнства на магіле героя паўстаньня ксяндза Адама Фалькоўскага, які быў расстраляны ў гэты дзень.

28 ліпеня, Лідзкі раён, на полі паміж вёскамі Малое Ольжава — Мохавічы. Вандроўка актывістаў Партыі БНФ да магіл паўстанцаў.

Летам адбудуцца таксама паездкі ў Горкі да помніка паўстанцам, што ў парку сельскагаспадарчай акадэміі, пешы паход і велапрабег па мясьцінах Гарадзеншчыны, зьвязаных з паўстаньнем.

26 кастрычніка, Сьвіслач. Паездка на магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара і да падмуркаў дому Каліноўскіх.


Рух «За Свабоду» цягам году плянуе прэзэнтаваць шэраг выданьняў, прымеркаваных да гадавіны паўстаньня.

Кампанія «Гавары праўду» рыхтуе вялікі даведнік пра паўстанцаў, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі і Літвы, і зборнік вершаў, прысьвечаных Каліноўскаму. Плянуецца перавыдаць працы дасьледчыка паўстаньня Генадзя Кісялёва, а таксама выпусьціць матэрыялы навуковай канфэрэнцыі, якая будзе праходзіць пад эгідай Акадэміі навук Літвы з удзелам беларускіх навукоўцаў.

ТБМ да юбілею паўстаньня выпусьціла насьценныя і настольныя календары, агульным накладам больш за 3 тысячы.

АГП разам з БХД арганізоўвае канфэрэнцыю на тэму паўстаньня з выездам на радзіму Каліноўскага, вандроўкі па месцах баёў.


Ва ўладаў пляну ўшанаваньня няма


Мінкульт Беларусі заяўляе, што агульных рэспубліканскіх мерапрыемстваў там не плянуюць.

Прэсавы сакратар Міністэрства культуры Беларусі Юлія Віскуб гэтак адказала на просьбу «Свабоды» пазнаёміць са сьпісам мерапрыемстваў сьвяткаваньня 150-годзьдзя паўстаньня 1863 году:

Віскуб: Сьпісу-пляну як такога няма. Ведаю, што цягам году ў рэгіёнах будуць праходзіць кніжныя выставы. Магчыма, дзе і мастацкія выставы. Але ў нас дакладнага пляну няма«.

Карэспандэнт: А як наконт мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню?

Віскуб: У нас такога пакуль не было. На раённым узроўні мерапрыемствы будуць па ўсёй краіне. Кшталту чытаньняў. Пра выставы цягам месяца, двух ці трох я ня ведаю, але потым, магчыма, што і будзе. Рэспубліканскую праграму не прымалі, таму такога і няма. Не пад усе ж угодкі прымаецца праграма — угодкаў шмат цягам году, і таму не пад усё прымаецца праграма. Але што некаторыя мерапрыемствы будуць, то так, яны будуць.


Паўстаньне Каліноўскага: на інтэрактыўнай мапе і ў нямым кіно


150 гадоў таму пачалося паўстаньне Каліноўскага. Народы Беларусі, Літвы, Польшчы ўзьняліся супраць расейскай акупацыі. Паўстаньне доўжылася да 1864 году і было задушана.

Інтэрактыўная мапа паўстаньня 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага


Разгарнуць мапу Канстанцін Каліноўскі і паўстаньне 1863-1864 гадоў на ўвесь экран

Адна зь першых беларускіх нямых стужак, якая была зьнятая ў 1927 годзе, называецца «Кастусь Каліноўскі».

Фільм выйшаў на экраны 14 жніўня 1928 году. Карціна распавядае пра кіраўніка паўстаньня народаў Беларусі, Літвы, Польшчы супраць расейскай акупацыі. У лістападзе 2012-га ў Беластоку і Менску прэзэнтавалі сучасны саўндрэк да фільма «Кастусь Каліноўскі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG