Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як могуць удзельнічаць у выбарах новага прэзыдэнта грамадзяне Беларусі, што знаходзяцца ў замежжы?


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

На трэцім Зьезьдзе беларусаў сьвету прагучала інфармацыя аб тым, што за пэрыяд з 1992 па 1999 год зь Беларусі эмігравала 63 тыс. чалавек. Яшчэ 20 тыс. выехала ў замежжа на працу па кантрактах. А каля 30 тыс. беларускіх грамадзян вядуць бізнэс у іншых краінах і многія зь іх жывуць там. За апошнія гады гэтыя лічбы хутчэй за ўсё павялічыліся. Да ўсяго варта дадаць і тых, хто дзеля кавалка хлеба для сям’і працуе за межамі па-чорнаму, а таксама і шматлікіх палітычных уцекачоў.

Паводле закону Рэспублікі Беларусь грамадзяне краіны, якія знаходзяцца ў замежжы, маюць права прыняць удзел у галасаваньні і дзяржава абавязаная стварыць для гэтага адпаведныя ўмовы. Мы патэлефанавалі ў міністэрства замежных справаў Беларусі. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.

(Латушка: ) “На падставе пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў ад 8 чэрвеня 2001 году за межамі Рэспублікі Беларусь створана 37 выбарчых участкаў. Гэтай пастановаю участкі для галасаваньня, што створаны ў замежжы, прыпісаны да Ленінскага р-ну г. Менск па мейсцу знаходжаньня міністэрства замежных справаў.
Участковыя камісіі і памяшканьні для галасаваньня размяшчаюцца ў дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтвах Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што грамадзяне Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам і знаходзяцца за межамі краіны, змогуць прыняць удзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 30 краінах сьвету.
У міністэрстве замежных справаў створана спецыяльная рабочая група , якая займаецца арганізацыяй выбараў па-за межамі Беларусі.. Ужо ў замежныя прадстаўніцтвы накіраваны праграмы кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі і кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча. Гэтыя праграмы былі накіраваны ў той самы дзень, калі яны былі апублікаваныя ў газэце”Советская Белоруссия”. Цяпер чакаем, калі будзе апублікавана там праграма сп. Ганчарыка і яна адразу будзе накіравана ў замежныя прадстаўніцтвы.
Таксама сёньня мы накіроўваем інфармацыю аб дэкларацыях пра даходы ўсіх кандыдатаў.
У бліжэйшыя дні мы атрымаем перадвыбарчыя плакаты ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Гэтыя плакаты будуць высланыя дыпламатычнаю поштаю ў нашыя замежныя ўстановы, каб грамадзяне Беларусі маглі з імі азнаёміцца.
Таксама хацеў бы паінфармаваць, што ў нашых замежных установах створаны інфармацыйныя стэнды, дзе размяшчаецца актуальная інфармацыя аб ходзе перадвыбарчай кампаніі”.

Сп. Латушка паведаміў, што выбарчыя ўчасткі будуць адкрытыя ў 30 краінах. Але ў гэтым сьпісе ,напрыклад, няма Гішпаніі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і інш., дзе, дакладна вядома, жывуць беларускія грамадзяне, яны мусяць некуды ехаць галасаваць., але для многіх гэта праблемна. Ці прадугледжана законам галасаваньне па пошце, як гэта ёсьць у іншых краінах? На гэтае пытаньне адказвае намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэта сп. Гары Паганяйла?

(Паганяйла: ) “Ёсьць у сьвеце такая практыка. Грамадзяне праз паштовую дасылку могуць удзельнічаць у галасаваньні. У нас выбарнае заканадаўства не прадугледжвае такога спосабу галасаваньня. Могуць выбіраць толькі тыя, хто зможа прыйсьці ва ўстаноўлены час на выбарчы ўчастак і непасрэдна прагаласаваць”.

Калі мы зьвярнуліся да сп. Міколы Пачкаева зь Лёндану з просьбаю распавесьці аб тым, як будуць галасаваць беларускія грамадзяне ў Вялікай Брытаніі, ён напачатку закрануў пытаньне пра тых, хто ня зможа прыняць удзел у выбарах.

(Пачкаеў: ) “Я думаю, несправядліва, што галасаваць на выбарах ня зможа старое пакаленьне беларускай эміграцыі. Гэтыя людзі, фактычна, рабілі вялікія высілкі для захаваньня беларушчыны за мяжою і, у тым ліку, для адраджэньня самой Беларусі. Тым больш несправядліва, калі параўнаць з сытуацыяй у іншых усходнеэўрапейскіх краінах. Пасьля антыкамуністычных рэвалюцыяў у краінах Усходняй Эўропы іх палітычная эміграцыя атрымала грамадзянства сваіх краінаў. Многія маюць падвойнае грамадзянства, яны маюць права на ўдзел у выбарах і вырашэньні лёсу сваіх дзяржаваў. Мяркую, што гэта вельмі абгрунтавана.

Беларускія грамадзяне ў Вялікай Брытаніі, трэба сказаць, падзеленыя на дзьве асобныя групы. Ёсьць група сьвядомых беларусаў, якія маюць шчыльны кантакт зь беларускімі цэнтрамі, яны палітычна арганізаваныя. Ёсьці і другая частка нашых суайчыньнікаў, якіх мы бачылі падчас былых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, калі мы стаялі – байкатавалі супроць беларускай амбасады, а яны, апусьціўшы вочы, ішлі галасаваць за палату. Гэтыя людзі тут ёсьць, але мы ня маем зь імі кантактаў і яны пазьбягаюць кантактаў з намі, а маюць сувязі з расейскімі арганізацыямі. Наш галоўны інтарэс у тым, каб паміж намі і нашай краінаю не ўтваралася жалезная заслона, каб Беларусь была часткаю вялікай эўрапейскай прасторы. Ён дыктуе і той выбар, які зробіць сьвядомая частка беларусаў Вялікай Брытаніі. Я думаю, што ўсе будуць галасаваць за адзінага кандыдата ад грамадзянскай кааліцыі. Я яшчэ нікога не спаткаў тут з прыхільнікаў Гайдукевіча. У нашых колах я таксама ня бачыў і прыхільнікаў Лукашэнкі”.

Ня толькі старая беларуская эміграцыя ня можа ўзяць удзел у сёлетніх выбарах, але і новыя палітычныя ўцекачы зь Беларусі, якія не могуць прыйсьці на выбарчыя ўчасткі ў дыпляматычных прадстаўніцтвах. Гаворыць сп. Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Сапраўды тэрыторыя амбасады зьяўляецца экстэрытарыяльнай, гэта значыць часткаю тэрыторыі Беларускай дзяржавы. Грамадзяне, якія пакінулі краіну па палітычных матывах і папрасілі палітычнага прытулку ў іншых краінах, ня могуць прыйсьці на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і ўдзельнічаць у галасаваньні”.

(Карэспандэнт: ) “Што Вы можаце параіць беларускім палітуцекачам, каб хоць нейкім чынам рэалізаваць свае правы?”

(Паганяйла: ) “Накіроўваць пісьмы ў рэдакцыі газэт з выкладаньнем сваіх поглядаў і сымпатыяў да пэўных кандыдатаў. Формаў можа быць многа, праз якія можна ўплываць на вынікі выбараў. Гэта камунікатыўныя сродкі, скажам, Інтэрнэт”.

Беларускія палітуцекачы з Бэльгіі вырашылі ўсё ж дамагацца, каб рэальна ўдзельнічаць у выбарах.

(Лазарчук: ) “14 чэрвеня Беларускі цэнтр накіраваў у беларускую амбасаду ў Брусэлі афіцыйны ліст з прапановаю аб магчымасьці для нас прыняць удзел у выбарах прэзыдэнта. Адказу пакуль няма. Наш Цэнтар будзе весьці перамовы з Інстытутам дэмакратыі, які знаходзіцца ў Брусэлі. Там мы пад наглядам структураў Эўрапарлямэнту, магчыма, будзем праводзіць альтэрнатыўныя амбасадзе выбары. Нашы людзі ня вераць амбасадзе, бо пазьней на іх родных, якія засталіся ў Беларусі, можа быць аказаны ціск лукашэнкаўскіх уладаў. Нашы людзі, калі была кандыдатура Зянона Пазьняка, выказваліся ў яго падтрымку, а таксама Міхаіла Чыгіра і Сямёна Домаша. Цяпер мы падтрымліваем кандыдатуру адзінага кандыдата ад апазыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Ігар, зьбіраецеся праводзіць нейкія акцыі?”

(Лазарчук: ) “Абавязкова мы будзем ладзіць акцыі. Я так мяркую, што будзем гэта рабіць недзе 7 верасьня. Будзем праводзіць пікет. Наш пікет – гэта заўсёды акцыя пратэсту і інфармаваньне бэльгійскай грамадзкасьці аб падзеях у Беларусі”.

Ільля Глыбоўскі з Прагі таксама лічыць, што палітуцекачы могуць знайсьці шляхі, каб уплываць на выбары.

(Глыбоўскі: ) “Любымі сродкамі трэба імкнуцца ўплываць, праз нейкія міжнародныя інстытуцыі і нейкімі такімі непасрэднымі жывымі акцыямі, пэрфомансамі. Падобнае ўжо было, калі адбываліся выбары ў так званую “палату прадстаўнікоў”, то ў Празе былі наладжаны такія тэатралізаваныя выбары. Перад гэтымі выбарамі нешта таксама будзе”.

Толькі па прыблізных падліках больш за 100 тыс. грамадзянаў Беларусі будуць знаходзіцца падчас прэзыдэнцкіх выбараў за межамі краіны. Многія зь іх, як бачна, ня здолеюць практычна рэалізаваць сваё права на галасаваньне. Падобна, што статыстыка ўдзелу ў выбарах беларускіх грамадзян у замежжы ня надта клапоціць Цэнтарвыбаркам. Калі мы пазванілі туды, каб даведацца, колькі выбаршчыкаў прагаласавала ў замежжы падчас леташніх выбараў у “палату”, такую лічбу нам назваць не маглі.
XS
SM
MD
LG