Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЎПЛЫВАЕ СКАРАЧЭНЬНЕ РАСЕЙСКАГА ЭКСПАРТУ НАФТЫ НА БЕЛАРУСКУЮ ЭКАНОМІКУ


Міхаіл Залескі, Менск

Біржы па ўсім сьвеце адрэагавалі на расейскую згоду скараціць экспарт нафты. Гэтага рашэньня прэм'ер расейскага ўраду Міхаіл Касьянаў дасягнуў на нарадзе з кіраўнікамі расейскіх нафтавых кампаніяў.

Апошнія месяцы кошт нафты зьніжаўся. Трагічныя падзеі ў ЗША супалі па часе з каньюнктурным спадам, які быў выкліканы эканамічнымі складанасьцямі ў Японіі і Паўднёва-ўсходняй Азіі, а таксама запаволенымі тэмпамі росту ў Эўропе. Паменелі патрэбы спажыўцоў, пайшоў на дол і кошт тавару.

Расея, што мела летась і сёлета дадатковыя прыбыткі ад нафтавага і газавага экспарту, была праз тое ў вялікім непакоі. Дзяржаўны бюджэт, на пятую частку складзены з "нафтавых" грошай, апынуўся пад пагрозай. Пачалі ўскладняцца ўмовы міжнароднага партнэрства. Упартасьць расейскіх прадаўцоў пагражала абвалам цэнаў нават на сусьветным рынку.

Падобна, што ўплывовыя пэрсоны на тым рынку знайшлі падыход да расейцаў. З новага году з Сыбіру будуць перапампоўваць на Захад штодня на 150 тысяч барэляў меней. Барэль жа прыкладна роўны вазе нафты ў адной двухсотлітровай бочцы. Гэта дазволіць утрымаць сярэдні кошт расейскай нафты на ўзроўні вышэйшым за 19 даляраў. І ўратуе бюджэт ад скарачэньня.

Здавалася, б а што з таго Беларусі? Суседзкая эканоміка будзе расьці, беларуская — разам зь ёй. Але пакуль што атрымлівалася інакш. Статыстычныя зьвесткі за дзесяць папярэдніх гадоў сьведчаць, графікі, што адлюстроўваюць становішча расейскай эканомікі амаль поўнасьцю супадаюць з графікамі сусьветных коштаў на расейскую нафту. А беларускія выглядаюць літаральна наадварот.

То бок, чым даражэйшыя паліўна-энэргетычныя рэсурсы і хімічная сыравіна расейскага паходжаньня, тым фінансава цяжэй гэта дзеля беларускай прамысловасьці. Тым непад'ёмней салярка дзеля сельскай гаспадаркі, тым халадней у кватэрах. Бо беларуская эканоміка была арыентаваная ў СССР на спажываньне вялікай колькасьці танных рэсурсаў. І такой засталася.

Больш за тое. Вялікі й выгадны экспарт дае расейцам магчымасьць атрымліваць жывую валюту, разьлічвацца за пазыкі і, галоўнае, купляць высакаякасныя тавары. Замест беларускіх.

Беларускія тавары танныя, бо тыя, што іх рабілі, мала зарабляюць. Можна канкурэнцыю рабіць па цане. Але тады прыбытак будзе малы, яго на энэрганосьбіты не хапае, на бюджэтныя сацыяльныя праграмы не хапае і гэтак далей.

І тут, замест інтэграцыі ў сусьветны рынак на ўмовах гульні паводле агульных правілаў, што вымагае разумнай мадэрнізацыі эканомікі, беларускія кіраўнікі разьлічваюць выйсьці з заганнага кола пераважна праз такое сяброўства з Расеяй, пры якім можна браць сыравіну па ўнутраных расейскіх коштах. Не беручы пад увагу, што Расея ў той сусьветны рынак ідзе раней за Беларусь.
XS
SM
MD
LG