Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апраўданьне Антона Луцкевіча


Сяргей Дубавец, Вільня


У Беларусі ёсьць нямала людзей, якія задаюцца пытаньнем: куды мы ідзем або дзе знаходзімся, якую краіну будуем або мусілі б будаваць, які ў нас цяпер лад? Па ідэі, ясна адказаць на гэтыя пытаньні павінна дзяржаўная ідэалёгія, вакол якой сёньня столькі шуму ды гвалту ў прэсе, у школе, на заводзе. Кіраўнік краіны патрабуе ўзмацніць ідэалягічную работу, падначаленыя рапартуюць, пішуцца падручнікі, але ніхто толкам не разумее, што гэта і пра што. Эклектычная мяшанка зь вернападданскай выпраўкі, абрыўкаў савецкіх слоганаў і падвышаных таноў ніякага адказу на пастаўленыя пытаньні не дае.

У чым тут справа? У тым, што задуманая ідэалёгія – гэта бутафорская кампанія, у якой няма пэўнай дактрыны беларускае дзяржаўнасьці, незалежнай ад таго, хто пэрсанальна кіруе краінай. Стройнай сыстэмы гістарычнага шляху нацыі зь мінуўшчыны ў будучыню няма. І ня можа быць. Чаму? Адказ будзе парадаксальны. Таму што такая сыстэма ўжо ёсьць. Створаная напачатку ХХ ст., яна перадвызначыла ўсю наступную гісторыю дзяржаўнасьці Беларусі аж да сёньняшняга дня і далей у будучыню. Мы можам колькі заўгодна адмаўляць яе стваральнікаў, але мы ня можам выйсьці за яе межы. Мы ўсе: і чынавенства, і люд паспаліты, і нацыяналісты і камуністы, – даўно і надзейна павязаныя ёю. Бо ўрок дзяржаўнай ідэалёгіі ў гэтым сэнсе нічым не адрозьніваецца ад уроку матэматыкі. І гэтаксама як нельга прыдумаць новую матэматыку, нельга прыдумаць і новую дзяржаўную ідэалёгію. Каб зразумець гэта, варта зьвярнуцца да першакрыніцы – да працаў пачынальніка і стваральніка сучаснае беларускае дзяржаўнае ідэалёгіі Антона Луцкевіча.

Да пачатку перабудовы імя гэтага чалавека было забароненае ў БССР. Калі й згадвалі, дык эпітэты ўзводзілі ў ступень максымальнае нянавісьці. Інакш як фашыстам не называлі. Пра гэтую ніяк не адэкватную што да асобы Луцкевіча зацятасьць мы яшчэ скажам ніжэй, але сьпярша – пра кнігу.

Арыштаваны НКВД у 1939 годзе Антон Луцкевіч памёр у турме ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Зборнік ягоных твораў “Да гісторыі беларускага руху”, які летась выйшаў у выдавецтве “Беларускі кнігазбор”, – першае пасьля сьмерці кніжнае перавыданьне Луцкевіча.

Укладальнік і камэнтатар кнігі Анатоль Сідарэвіч сабраў толькі тыя творы, што непасрэдна тычацца гісторыі і тэорыі беларускае дзяржаўнасьці. Гэта толькі невялікая частка агромністае спадчыны Луцкевіча, якая можа і мусіць разглядацца як першакрыніца беларускае дзяржаўнае ідэалёгіі.

Пытаньні пра Беларусь, якія ў сучасных кампіляцыях застаюцца без адказу, у Луцкевіча сфармуляваныя з усім магчымым досьведам, палітычнай культурай, разуменьнем і адказнасьцю за лёс краіны і нацыі. Луцкевіч гэта зрабіў першы і ўпершыню. Усё, што адбылося з краінай пасьля, так ці інакш выходзіла зь ягоных тэзаў, спрачалася зь імі, але заўсёды было пасьля. Урэшце яно й не змагло, і цяпер ня можа вырабіцца ў нешта першаснае, як і БССР не магла стаць нейкім самастойным праектам, бо другога першаснага не бывае. У БССР, кажа Луцкевіч, ідэал 25 сакавіка 1918 году рэалізаваўся часткова. Маецца на ўвазе ідэал дзяржаўнае незалежнасьці. Пры чым тая частковасьць і недаробленасьць захоўваецца і ў сёньняшняй РБ, якая хоча быць ідэйнай пераемніцай БССР, а менавіта -- тым утварэньнем, у якім дзяржаўны ідэал рэалізуецца часткова.

З гледзішча палітычнае схемы Луцкевіча няма і ня можа быць ніякага трэцяга шляху разьвіцьця для Беларусі, а тое, што ў нас называюць “трэцім шляхам” – усяго толькі шлях няпоўнае, частковае рэалізацыі дзяржаўнага ідэалу. Вось чаму мы такія, чаму не такія, як іншыя, і чаму ўсё ў нас так, як ёсьць.

Луцкевіч сфармуляваў беларускую дзяржаўную ідэю яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя. І менавіта ягонымі вучнямі і наступнікамі былі стваральнікі БССР. Яны маглі ігнараваць ягоныя працы, але яны ўжо не маглі выйсьці зь ягонага кола. Вось што самае галоўнае. Тое, што і сёньня мы цалкам жывем з канстытуцыяй Луцкевіча, нават калі яе бясконца парушаем. Нічога іншага няма і ня можа быць. Інакш гэта былі б ня мы і ня наша краіна.

Ствараючы праект Беларусь, Антон Луцкевіч ня браў за пачатак Полацкае княства ці Вялікае Княства Літоўскае. Ён мысьліў катэгорыямі сучаснай геапалітыкі і дыпляматыі, быў рэалістам і бачыў, што дзяржаўнае станаўленьне Беларусі будзе адбывацца такім самым чынам, як і ў суседзяў.

Мадэрны беларускі нацыянальны рух пачаўся ў 1903 годзе, з утварэньня першай палітычнай партыі – Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Тады ўвесь рух быў сацыялістычны, -- заўважае Анатоль Сідарэвіч. БСГ ня дзейнічала ў полі расейскай або польскай культуры, як усе яе папярэднікі ў ХІХ ст. Яна была чыста беларускай. Яна стварыла газэту “Наша Ніва”, зь яе ініцыятывы ўзьнікалі беларускія школы, яна вяла перамовы з суседзямі з думкай пра будучае дзяржаўнае ўладкаваньне Беларусі. Урэшце яна і прывяла да абвяшчэньня акту 25 сакавіка 1918 году. Тым часам, гадаванцы БСГ, якія перайшлі ў лягер бальшавікоў, дамагліся стварэньня БССР. Вось жа БССР і стала той дзяржавай, у якой дзяржаўны ідэал увасобіўся часткова. Але гэта быў той самы дзяржаўны ідэал. Той самы ён і сёньня. Гэта значыць, увасоблены часткова. Пры поўным увасабленьні сучасная беларуская дзяржава была б больш падобная да Польшчы або Чэхіі або Літвы і менш – да Туркмэністану ці Азэрбайджану.

Важна зразумець, што Беларусь, гісторыю якой бальшавіцкія дый сёньняшнія ідэолягі пачынаюць з 1917 году, ня ўпала зь неба, не была раптам прыдуманая ў тым 17-м годзе, не была прыхамацяй Леніна, які раптам убачыў самастойны беларускі народ і падпісаў указ пра тое, што быць нам асобнай рэспублікай. Ні Ленін, ні тым больш Мясьнікоў з Кнорыным, колькі б ні ўглядаліся ў тагачасны наш “цёмны і забіты”, кажучы словамі паэта, народ і край, нічога б тут ня ўбачылі, калі б не было рэальнага беларускага руху – культурніцкага і палітычнага, калі б не было выступаў у друку і інтэнсіўнай дыпляматычнай працы. А за ўсім гэтым якраз і стаяў Антон Луцкевіч.

Ніхто па-за ягоным колам, ніхто ў царскай Расеі і ва ўсім белым сьвеце ня думаў, не плянаваў і не ствараў беларускую дзяржаўнасьць. Больш за тое, у праекта асобнай беларускай рэспублікі было мноства праціўнікаў і адкрытых ворагаў. І калі БССР усё ж стварылася, гэта значыць, што аргумэнты беларускага руху (а ніякіх іншых не было ў прыродзе) аказаліся мацнейшымі і перамаглі. Але ж і гэтыя аргумэнты ня ўпалі зь неба.

Лягічна дапусьціць, што стварэньне Савецкай Беларусі было справакаванае абвяшчэньнем БНР. У сваю чаргу, абвяшчэньню БНР папярэднічала вялізная шматгадовая праца. У прадмове да зборніка Антона Луцкевіча Анатоль Сідарэвіч узнаўляе схему гэтых пошукаў:

“А.Луцкевіч паказвае, што да ідэі дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі... ішлі паволі. Самаю першаю была старая... ідэя народнікаў пра аўтаномію Беларусі ў складзе будучае Расейскае дэмакратычнае фэдэратыўнае рэспублікі. Прапрацоўвалася й ідэя аўтаноміі ў складзе Расеі ўсяго Беларуска-Літоўскага краю як аднаго суцэльнага гаспадарчага мэханізму. Задумваліся таксама і пра беларуска-літоўска-ўкраінскую фэдэрацыю. Усьведамлялася й значэньне латвійскіх портаў для эканомікі Беларусі”.

Аднак падзеі першай сусьветнай вайны, непрадказальнасьць сытуацыі ў Расеі і хуткае сасьпяваньне незалежніцкіх настрояў ва ўсёй усходняй Эўропе схілілі Луцкевіча і ягоных аднадумцаў да распрацоўкі самастойнага шляху.

“Адсюль – чатыры канцэпцыі дзяржаўнага быту Беларусі.

Першая канцэпцыя – Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага. Гэта калі Беларуска-Літоўскі край выдзяляецца ў самастойную адзінку без нутранога падзелу на аўтаномныя тэрыторыі...

Другая канцэпцыя нарадзілася ўжо да сярэдзіны 1916 году – перад Лазанскаю канфэрэнцыяй народаў Расеі... “Вольная Беларусь у фэдэрацыі з вольнымі суседнімі народамі, свайго роду “Злучаныя Штаты ад Балтыцкага да Чорнага мора”.

Анатоль Сідарэвіч заўважае, што гэтыя дзьве канцэпцыі хоць і былі абумоўленыя найперш эканамічнымі інтарэсамі Беларусі, аднак па сутнасьці былі рамантычнымі і абстрагаваліся ад інтарэсаў паўночных і паўднёвых суседзяў. Дасьледнік працягвае:

“Трэцяя канцэпцыя пачынае нараджацца летам 1917 году. Ужо думалася пра незалежнасьць Беларусі без усякіх фэдэрацыяў”.

Чацьвертая канцэпцыя была данінаю бурлівым самавызначэньням суседніх народаў. Яна зноў вярталася да ідэі Злучаных Штатаў ад Балтыцкага да Чорнага Мора, але ў больш дэталізаваным выглядзе, як полісуб’ектнай фэдэрацыі.

Заўважу, што усе гэтыя канцэпцыі не былі кабінэтнай гульнёй, а бясконца дыскутаваліся ў друку, а таксама на перамовах зь літоўцамі, з украінцамі, з расейцамі. Артадаксальны сацыял-дэмакрат, як называе Луцкевіча Сідарэвіч, ад пачатку руху, як і ягоныя паплечнікі, быў марксістам, а гэта значыць, чалавекам, які шмат у чым падзяляў погляды расейскіх рэвалюцыяністаў. І стварэньне БССР ён вітаў, бо ў немалой ступені гэта было ягонае дзецішча, бо на ягоных працах вырасьлі айцы савецкай Беларусі. І ленінскі нэп, і бальшавіцкую беларусізацыю Луцкевіч вітаў таксама. І ў БССР дваццатых гадоў яго лічылі прызнаным пачынальнікам ды ідэолягам беларускае дзяржаўнасьці. Паразуменьне скончылася у 1929-м. Гэта быў абвал. Ляснуў нэп. Пачалася прымусовая калектывізацыя, масавыя рэпрэсіі, паляцелі галовы айцоў БССР, рэформа 1933 году адкрыла шлюзы татальнай русіфікацыі, беларуская дзяржаўнасьць была ператвораная ў карыкатуру. Луцкевіч рашуча асуджае сталіншчыну і з гэтага моманту ў савецкім друку згадваецца толькі з эпітэтамі максымальнае нянавісьці.

Тут самы час зьвярнуцца да ягонае пэрсоны. Дакладней, да таго, чаму адносіны да Луцкевіча ў Беларусі ніколі не былі нэўтральнымі. Яго абавязкова ці лаялі апошнімі словамі, ці апраўдвалі.

Кажучы проста, Луцкевіч апярэдзіў ня толькі свой час і сваю нацыю, але найперш – эліту нацыі. Высокаадукаваны, па-чалавечы прыстойны, надзелены палітычнай культурай, а да ўсяго яшчэ й калясальным досьведам, ён, верагодна, быў моцным кантрастам да такіх пашыраных у міжваенны час характарыстык масавага беларускага руху, як гнятлівая любоў да ўласнага сярмяжнага паходжаньня, пралетаршчына і ганарыстая неадукаванасьць. Акурат у трыццатыя гады на першыя месцы ў Беларусі, як усходняй так і заходняй, узьбіваецца так званая чвэрцьінтэлігенцыя. Зрэшты гэтая хваля недавучаных настаўнікаў захлынула тады ўсю Эўропу. Гэта яны стануць галоўнымі праваднікамі фашыстоўскай палітыкі і сталінскіх рэпрэсіяў. Як толькі адчуюць сябе гаспадарамі сьвету.

Луцкевіч сярод іх і для іх быў чалавекам іншай фармацыі. Ён быў тым люстэркам, у якім новапакліканыя бачылі сваю крывату. Яны папросту не маглі зразумець таго высокага духу, што ішоў ад гэтага адукаванага дыплямата, няяснага для іх арыстакрата-марксіста, пачынальніка той справы і той сфэры, у якой яны апынуліся і ў прысутнасьці якога ну ніяк ня могуць рэалізаваць сваё прыроднае памкненьне – быць гаспадарамі сытуацыі. Анатоль Сідарэвіч піша:

“Ні бальшавікам, ні правым не ўдалося ўпісаць А.Луцкевіча ў ідэалягічныя схемы, зразумець, чаму ён мог гутарыць і дамаўляцца і з Карлам Каўцкім, і з Томашам Масарыкам, і з Ігнацым Падарэўскім, і зь Сяргеем Сазонавым, і зь мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім... Думаецца, глыбей загадку асобы А.Луцкевіча спасьціг былы вучань Віленскае беларускае гімназіі... Марыян Пецюкевіч. Ён пісаў: “... гэта быў чалавек вялікай і глыбокай культуры, якая праменявала ад яго на асяродзьдзе, у якім ён знаходзіўся. Ён, у поўным значэньні гэтага слова, быў вэрсальчык. Яго нейкая “паглынальная” натура прыняла для сябе ўсё ўзьнёслае і лепшае з культуры Захаду, дзе ён пабываў. І гэта, мабыць, не аднаго хамуйлу цьвеліла і разіла, і пры нагодзе яны за культурнасьць яго ўпікалі. Антона Луцкевіча ня сорамна было паказаць у культурным сьвеце як годнага пашаны прадстаўніка нашага народу”.

“Пан Луцкевіч, гаў-гаў”, – пісаў Кандрат Крапіва ў вершы “З фашысцкай падваротні”. Зрэшты, такой лаянкай літаральна напхатая бээсэсэраўская прэса трыццатых гадоў. Луцкевіча не выносілі і, калі ў 39-м дабраліся да Вільні, адпомсьцілі яму напоўніцу...

Аднак гаворка не пра тое.

Матыў апраўданьня Луцкевіча прысутнічае і ў прадмове Анатоля Сідарэвіча. Аўтар прыводзіць цытаты з апраўдальных артыкулаў сваіх папярэднікаў. Таму гаворка ідзе пра вось гэты комплекс – апраўданьня Луцкевіча.

У 1983 годзе ў беластоцкай "Ніве" ў адным зь першых “рэабілітацыйных" артыкулаў гісторык Аляксандра Бергман цытавала зь ліста да яе Мар'яна Пецюкевіча:

"... ня трэба сьпяшацца з канчатковым прысудам яго палітычнай дзейнасьці. Час можа яго апраўдаць за дапушчаныя памылкі, бо ягоныя заслугі такія аграмадныя, што могуць зацьміць прыкрыя памылкі".

У чым былі прыкрыя памылкі пачынальніка беларускага руху, не ўдакладнялася.

Некалі на гэты кручок – апраўдваць Луцкевіча – патрапіў і я. Гэта быў нейкі падсьведамы покліч. Апраўдваць за "верхнюю палату" ў "Нашай Ніве", закінутую яму ва ўспамінах Ластоўскага, апраўдваць за бээнэраўскае прэм'ерства, за той жа грамадоўскі працэс, даказваць, што не фашыст і г.д. Цяпер я разумею, што ўсе гэтыя апраўданьні былі патрэбныя зусім не Луцкевічу. Яны сталі патрэбаю нацыянальнага адраджэньня.

Яно, якое "вечна цярпела" са сваёй няшчаснаю доляй, вечна ж і апраўдвалася -- перад акупантамі, перад начальствам, перад сабою. Апраўдваньне стала ягонай галоўнай самаідэнтыфікацыйнай адзнакай.

І сёньня адраджэнства яшчэ не адмовілася ад гэткага самапрыніжэньня, як платы за выжываньне. Цяпер я, здаецца, разумею, што гэта такое. Гэта своеасаблівая падмена нацыянальнага пакаяньня, якога мы, беларусы, ня зналі. Мы сапраўды самыя рахманыя, гасьцінныя і працавітыя ў сьвеце людзі, а ўсе нас толькі душылі ды душылі, плакаць не давалі. А за што нам каяцца? За Курапаты? Дык гэта НКВД хай каецца. За зьнішчаную мову і спадчыну? Дык гэта прафэсары ў Акадэміі Навук ці там Машэраў. За пастаўленую на карту незалежнасьць і будучыню дзяцей? Дык гэта Лукашэнка...

Замест пакаяньня, такой ачышчальнай здольнасьці чалавечае душы, у нас -- апраўданьне. Трэба каб мінуў час, каб вырасьлі новыя пакаленьні нармальных, а ня самых талерантных і самых пакрыўджаных пры тым людзей.

Натуральна, апраўдваюць толькі тады, калі прызнаюць, што было за што лаяць. У гісторыі з Луцкевічам гэта даўно набыло анталягічны выгляд. Але справа ня толькі ў гісторыі. Комплекс апраўдваньня кагосьці або чагосьці напоўніцу выяўляецца і сёньня – у гаворках, прэсе або інтэрнэце. Паказальны прыклад – апраўдваньне Ўладзімера Коласа, які нібыта падставіў створаны ім ліцэй дзеля ўласных палітычных амбіцыяў. Хоць ясна, што пры любых іншых паводзінах Коласа ад ліцэю не засталося б ужо і сьледу, тады як цяпер ён жыве, хоць і ў падпольных умовах. Альбо ўзяць прыклад з апраўданьнем цяперашняе апазыцыі, якая гуртуецца да восеньскіх выбараў. Варта задумацца, што мы тут апраўдваем. А менавіта – высакародны ўчынак, палітычную культуру, парлямэнтарызм. Мы нармальныя і пазытыўныя зьявы бярэмся апраўдваць. А гэта значыць, што яшчэ не ўспрымаюцца яны ў нас як нармальныя і пазытыўныя. Інакш на звінавачваньне Антона Луцкевіча ў фашызме папросту ніхто не зьвяртаў бы ўвагі, як на непаразуменьне або глупства.

Зборнік твораў пачынальніка беларускае дзяржаўнасьці падрыхтаваны сапраўды прафэсійна, па-навуковаму. А выдадзены надзвычай сьціпла. Па вялікім рахунку, гэта сьведчыць пра тое, што беларускі дзяржаўны ідэал па-ранейшаму рэалізаваны толькі часткова. Тым ня менш, адказы на пытаньні, зь якіх я пачаў сёньняшнюю перадачу, тут даюцца вычарпальныя. Бадай, больш вычарпальнае кнігі на гэтую тэму папросту не існуе.

Варта аднак паўтарыць напрыканцы, што кніга “Да гісторыі беларускага руху” – гэта толькі малая частка Луцкевічавага творчага даробку. Аўтар быў пачынальнікам ня толькі сучаснай нацыянальнай паліталёгіі, але й прафэсійнага беларускага літаратуразнаўства. І як у выпадках з ідэалёгіяй, менавіта ягоныя ацэнкі творчасьці беларускіх пісьменьнікаў нашаніўскае пары леглі ў аснову цяперашняга акадэмічнага погляду. Таксама без спасылкі на першакрыніцу.

Але гэта тэма ўжо іншага зборніка працаў Луцкевіча і іншае перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG