Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАШТАБНАЯ ЧЫГУНАЧНАЯ КАТАСТРОФА Ў ПАЎНОЧНАЙ КАРЭІ


Юры Дракахруст, Прага

Яшчэ ўчора пра катастрофу са спасылкай на дадзеныя выведкі паведамілі паўднёвакарэйскія мэдыі. Паводле іхных зьвестак загінулі прынамсі 3 тысячы чалавек.

Кіраўнік кітайскага прадстаўніцтва Міжнароднага чырвонага крыжу Джон Спароў атрымаў пацьвярджэньне інфармацыі пра выбух ад паўночнакарэйскіх калегаў, якія наведалі мейсца здарэньня. Спароў заявіў:

(Спароў: ) “На месца катастрофы прыбылі супрацоўнікі паўночнакарэйскага Чырвонага крыжу. Улады сказалі ім, што трагедыя адбылася з прычыны выбуху цягніка з выбуховым рэчывам. Выбухоўка гэтага тыпу выкарыстоўваецца ў розных будаўнічых працах – у горнай справе, напрыклад. Паводле афіцыйных дадзеных загінулі 54 чалавекі. Гэта, зразумела, папярэдняя інфармацыя. Параненыя 1249 чалавек. Колькасьць ахвяраў відаць будзе расьці, бо нам сказалі, што пры выбуху былі цалкам зруйнаваныя 1850 дамоў і 6350 – зруйнаваныя часткова”.

Гэта быў прадстаўнік Міжнароднага чырвонага крыжу Джон Спароў. Ён мяркуе, што дадзеныя пра колькасьць загіблых будуць мяняцца ў бок павялічэньня па меры таго, як будуць разьбірацца завалы. “Жахліва падумаць, што там могуць знайсьці” – сказаў ён.

Ягоны прагноз пацьвярджаецца. Сёньня міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка КНДР падала інфармацыю пра сотні загіблых і тысячы параненых.

Сёньня ж у Пхеньяне прадстаўнік паўночнакарэйскіх уладаў пацьвердзіў журналістам і дыпляматам інфармацыю пра выбух двух цягнікоў, якія перавозілі выбуховыя рэчывы.

Паводле ацэнак моц выбуху складала 26 тонаў у тратылавым эквіваленце. Ён адбыўся учора а першай гадзіне дня ў цэнтры гораду, у якім жыве 130 тысячаў чалавек.

У інфармацыйных паведамленьнях падкрэсьліваецца, што за 9 гадзінаў да катастрофы праз станцыю Рэчхон праехаў цягнік кіраўніка КНДР Кім Чэн Іра, які вяртаўся з Кітаю пасьля афіцыйнага візыту.

Паўднёвакарэйскія прадстаўнікі адхіляюць вэрсію пра тое, што выбух быў тэрарыстычным актам, замахам на жыцьцё паўночнакарэйскага лідэра.

На думку некаторых экспэртаў меры бясьпекі, якія забясьпечвалі праезд Кім Чэн Іра, маглі выклікаць збой у сыстэме кіраваньня чыгуначным рухам, што і прывяло да трагедыі.

Паведамляецца, што Паўночная Карэя ўжо зьвярнулася па дапамогу да міжнародных арганізацыяў, прынамсі да Міжнароднага чырвонага крыжу, да ААН і яе філіі – Усясьветнай арганізацыі здароўя.

Улады КНДР дазволілі прадстаўнікам міжнародных гуманітарных арганізацыяў наведаць месца трагедыі.

Паводзіны паўночнакарэйскіх уладаў, якія на працягу сутак замоўчвалі факт катастрофы, вельмі паказальныя. Прыкладна гэтак жа паводзілі сябе савецкія ўлады ў 1986 годзе, калі выбухнуў Чарнобыль.

Таталітарная ўлада адчувае сябе ўладаром ня толькі грамадзтва, але і рэчаіснасьці наагул, таму нават прыродныя катастрофы яна ўспрымае як выклік свайму панаваньню і да апошняга хавае інфармацыю пра падобныя здарэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG