Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗМОВЫ ПРА АДЗІНУЮ ВАЛЮТУ МОЖНА АДКЛАСЬЦІ ДА ЗАКАНЧЭНЬНЯ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ У РАСЕІ


Валер Каліноўскі, Менск

Вынікі перамоваў расейскага віцэ-прэм’ера Аляксея Кудрына, старшыні Цэнтрабанку Расеі Сяргея Ігнацьева з кіраўніком Нацбанку Беларусі Пятром Пракаповічам і віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым вельмі сьціплыя. Як паведамілі ў Нацыянальным банку Беларусі, “бакі разгледзелі пазыцыі адносна стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру з 1 студзеня 2008 году і дамовіліся працягнуць іх узгадненьне”. Пакуль нават не ўздымаецца пытаньне наконт праекту адпаведнай дамовы. Канчаткова ня ўхвалены ніводзін з праектаў пяці міжурадавых пагадненьняў, якія неабходныя дзеля пераходу Беларусі на расейскі рубель.

Прадстаўнік Нацбанку Беларусі Міхаіл Журавовіч паведаміў, што наступнае паседжаньне сумеснай групы прызначана на канец студзеня — пачатак лютага.

Найбольшы прагрэс дасягнуты ў падрыхтоўцы пагадненьня аб кампэнсацыі Беларусі за прымяненьне Расеяй прынцыпу спагнаньня падатку на даданую вартасьць у адпаведнасьці зь месцам паходжаньня тавараў. Ад гэтага штогоду Беларусь губляе каля 200 мільёнаў даляраў. У цэлым, паводле А.Лукашэнкі, беларускі бюджэт з 2000 году ўжо страціў 800 мільёнаў даляраў.

Расейскі бок пагаджаецца на неабходнасьць такой кампэнсацыі, але настойвае на тым, што яе пачнуць вылічваць не з 2000 году, а за два гады да моманту ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля. Гэтым самым Расея як бы падштурхоўвае Беларусь, каб тая адмовілася ад сваёй валюты. Тым ня менш, і тут яшчэ шмат працы — Беларусь і Расея пагадзіліся стварыць яшчэ адну адпаведную працоўную групу. Гаворыць прадстаўнік Нацбанку Беларусі Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Перш чым уводзіць расейскі рубель на тэрыторыі Беларусі патрэбна падрыхтаваць увесь комплекс пагадненьняў. Да той пары, пакуль ня будзе знойдзенае паразуменьне па ўсіх пунктах, і ня будуць яны падрыхтаваныя, узгодненыя і падпісаныя, аб увядзеньні расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі нельга гаварыць. Увядзеньне адзінай валюты — гэта заключны этап інтэграцыі, а для гэтага патрэбна вырашыць пытаньні як эканамічныя, гэтак і палітычныя”.

Перамовы пра адзіную валюту і адзіны эмісійны цэнтар вядуцца па інэрцыі, беларускі і расейскі бакі абмяркоўваюць тое, чаго ніколі ня будзе, паколькі ніякіх шанцаў на ўвядзеньне расейскага рубля ў Беларусі ў 2005 годзе няма, упэўнены вядомы экспэрт у банкаўскай справе Валеры Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Беларускі бок не гатовы да гэтага і ня хоча. Тут шэраг прычынаў: па-першае, эканамічная непадрыхтаванасьць гэтага, а па-другое, у лютым 2004 году прымаць нейкае канчатковае рашэньне, ня ведаючы вынікаў выбараў прэзыдэнта Расеі ў сакавіку 2004 году, хоць хто будзе прэзыдэнтам Расеі, гэта зразумела, але ня ведаючы, хто будзе кіраваць расейскім урадам, бо Пуцін пасьля выбараў абавязкова сфармуе новы кабінэт. Хутчэй за ўсё, Касьянава ў ім ня будзе, і той жа Кудрын — невядома ці застанецца на сваёй пасадзе. Таму я думаю, што ніхто ў лютым ніякага рашэньня прымаць ня будзе”.

Паводле яго, пасьля выбараў Уладзімер Пуцін будзе меней цікавіцца і інтэграцыяй увогуле, і рублёвым пагадненьнем у прыватнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG